Выбрать главу

– Выпіце! – прапанаваў Гларфіндэль, наліўшы кожнаму па чарзе крышачку напою з скураной біклагі, аздобленай срэбрам. Празрысты, як вада, трунак бяз смаку не адчуўся ні цёплым, ні халодным, але зь ім вярнуліся сілы й жвавасьць прылілася назад да стомленых рук і ног. Пасьля нават счарсьцьвелы хлеб і засохлыя яблыкі (усё, што засталося зь ежы) наталілі лепей за многія колішнія шырскія сьняданкі.

Адпачывалі меней за пяць гадзінаў і рушылі па Шляху зноў. Гларфіндэль усё падганяў і дазволіў толькі два нядоўгія прыпынкі за цэлы дзень хады. Затое й пакінулі за сьпінамі да цемры амаль дваццаць вёрстаў, сягнуўшы месца, дзе Шлях збочваў направа й спускаўся на дно даліны, ведучы прама да Бруйненскага броду. Ані знаку пагоні хобіты не заўважылі, але Гларфіндэль часта прыпыняўся на момант і прыслухоўваўся, калі хобіты адставалі, і твар ягоны пахмурнеў. Пару разоў перамаўляўся з Швэндалам па-эльфаўску.

Аднак небясьпека небясьпекаю, а відавочна было, што гэтай ноччу хобіты ісьці ня здолеюць. Яны кульгалі, зусім здурнеўшы ад стомы, няздольныя думаць ні пра што, апрача сваіх ног. Фродаў боль памацнеў удвая, і ўдзень усё навокал бачылася прывідна-шэрым. Ён ужо нецярпліва чакаў ночы й цемры, бо ў ёй сусьвет падаваўся не такім выцьвілым і пустым.

За ноч хобіты амаль не адпачылі. Выправіліся рана, бо да броду заставалася яшчэ шмат вёрстаў, і сьпяшаліся, хоць ледзь перасоўвалі ногі.

– Перад самым бродам, напэўна, і ёсьць найвялікшая небясьпека, – сказаў Гларфіндэль, – бо прадбачу: пагоня недалёка й ля броду чакае засада.

Шлях, як і ўчора, павольна спускаўся. Цяпер па бакох сустракаліся палосы густой травы, і хобіты ішлі па ёй, калі было магчыма, – спачынак зьбітым нагам. У другой палове дня дабраліся да месца, дзе дарогу зацяняў высокі сасьняк, а за ім Шлях праставаў па вычасаным у пагорку праходзе паміж крутымі адхонамі з чырвонага каменю, бліскучага ад вільгаці. Вандроўнікі амаль беглі, і за імі па праходзе кацілася рэха – нібы перасьледны пошчак шматлікіх ног. Зьнянацку, быццам прарваўшыся праз браму да сьвятла, Шлях выскачыў з шчыліны – і наперадзе, пад крутым схілам, разьвінулася шырокая, зь вярсту, роўнядзь ля ракі, а за ёй брод. Дальні бераг, буры й камяністы, строма ўздымаўся, Шлях караскаўся па ім тонкай стужкаю. А яшчэ далей грувасьціліся, лезьлі, тоўпіліся горы – адрог за адрогам, пік за пікам, – караскаючыся ў цьмяныя нябёсы.

Рэха пошчаку ўсё даганяла, усё кацілася з-за сьпінаў з праходу – шоргат, скрыгат, бы вецер узьняўся й прадзіраецца праз галіны соснаў. Гларфіндэль на момант замер, прыслухоўваючыся, а тады скочыў наперад, выгукнуўшы:

– Бегма! Бегма! Вораг за намі!

Белы конь ірвануў наперад. Хобіты кінуліся ўніз па схіле. Швэндал з Гларфіндэлем – за імі, трымаючыся ззаду, абараняючы. Ужо былі пасярод роўнядзі, калі дагнаў пошчак намёту – з-за брамы ў праход з шчыліны, якую толькі што пакінулі, выскачыў Чорны Вершнік. Уздыбіў каня, спыніўся, гайдаючыся ў сядле. За ім – яшчэ адзін, і яшчэ, і два сьледам.

– Наперад! Хутчэй! – крыкнуў Гларфіндэль Фрода.

А той адрэагаваў не адразу. Дзіўная млявасьць, неахвота агарнулі яго. Пацягнуў лейцы, запаволіўшы каня, азірнуўся. Вершнікі, цьмяныя, моцныя, сядзелі на вялікіх канях, нібы каменныя злавесныя стодзівы на гары, і адны яны падаваліся сапраўднымі ў хлюпкім тумане зямлі й вакольнага лесу. I раптам Фрода зразумеў, адчуў, як яны нябачна й нячутна загадваюць яму: спыніся! Злосьць і нянавісьць адразу абудзіліся ў ім. Ягоная рука пакінула лейцы ды схапілася за цаўё меча. Выхапленае з похваў лязо бліснула барваю.

– Скачы! Скачы! – крыкнуў Гларфіндэль і голасна, звонка загадаў каню па-эльфску: – Нора лім, нора лім, Асфалот!

Белы конь скочыў наперад і ветрам паляцеў па Шляху. У гэты самы момант чорныя коні рушылі ўніз па схіле наўздагон, і Вершнікі загаласілі – жудасным лямантам, які Фрода чуў калісьці ў лясох Усходняга падзелу, далёка адсюль. I, да адчаю Фрода й ягоных сяброў, з-за дрэваў і скалаў зьлева вылецелі яшчэ чатыры. Два – да Фрода, два – шалёна памчалі да броду напярэймы. Яму падавалася, яны ляцелі віхурай і, набліжаючыся, расьлі й чарнелі.

Фрода азірнуўся, але сяброў ня ўбачыў. Чорныя Вершнікі, што скакалі за сьпінаю, адставалі, бо нават іхнія чорныя коні ня роўня эльфаваму скакуну. Фрода глянуў наперад – і надзея пакінула яго. Не, не, ён не пасьпее да броду. Перахопяць. Вось яны, бачныя выбітна й ясна: ужо бяз чорных плашчоў, апранутыя ў шэрае, бляднае. Аголеные мечы блішчаць у касьцістых руках, галовы ўвянчаныя шаломамі, зіхацяць ільдзяныя вочы. Прывіды злосна лямантавалі, клікалі яго, скачучы.