Выбрать главу

Жах авалодаў розумам Фрода. Ён забыўся на корд. Скакаў анямеўшы, заплюшчыўшы вочы, учапіўшыся ў грыву. Вецер сьвісьцеў увушшу, дзіка й тонка брэнькалі званочкі на вупражы. Лядзяны подых дротам працінаў ягонае цела, але, ірвануўшыся на ўсю моц, бліскаўкай белага полымя эльфаў конь, як на крылах, пранёсься перад носам найбліжэйшага Вершніка.

Фрода пачуў усплёск вады. Яна бурліла й пеніла ля самых ног. Адчуў, хіснуўшыся ў сядле, як конь выскачыў з вады, паскакаў па пятлястай, камяністай сьцежцы ўгору. Усё, наверсе. Брод застаўся за сьпінай.

Але перасьледнікі адсталі ненашмат. Наверсе эльфаўскі конь спыніўся ды разьвярнуўся зь дзікім іржаньнем. На другім беразе ля самай вады стаялі ўсе Дзевяцёра чорных, і Фрода затрапятаў, зірнуўшы на іх твары. Чаму яны спыніліся? Што перашкаджае ім? Зараз пераедуць, гэтаксама лёгка, як і ён, а шлях да Долага Яру далёкі, адному туды не дабрацца. Дагоняць і перахопяць. Яшчэ хвіля – і пераедуць раку. Уцякаць бессэнсоўна. I тут зноў пачуўся маўклівы загад: спыніся! I зноў нянавісьць узьнялася ў ім, але супраціўляцца моцы больш не было.

Раптоўна першы Вершнік зрушыў каня зь месца. Той, ледзь крочыўшы ў ваду, заржаў, уздыбіўся. Перамогшы сябе, Фрода выпрастаўся й выцягнуў корд.

– Прэч! – выгукнуў Фрода. – Назад у Мордар! Я ня ваш!

Ягоны голас прагучаў тонка й віскатліва. Вершнікі прыпыніліся, але не было ў Фродавым голасе моцы Бамбадзіла, ворагі адно засьмяяліся, груба й кпліва.

– Ходзь да нас! – паклікалі яго. – Мы забярэм цябе ў Мордар!

– Прэч! – прашаптаў Фрода.

– Пярсьцёнак! Аддай пярсьцёнак! – сьмяротным жахам прагучалі іх галасы, і першы Вершнік пагнаў каня ў ваду. За ім – яшчэ два.

– Клянуся Эльберэт і сьветлай Люціень, – вымавіў Фрода з апошніх сілаў, уздымаючы корд, – ані мяне, ані пярсьцёнка вы не атрымаеце!

I тады правадыр Вершнікаў, прыпыніўшыся пасярэдзіне броду, пагражальна ўзьняў руку. Фрода анямеў. Сэрца шалёна забілася, здранцьвеў у роце неслухмяны язык. Корд пераламіўся й выпаў з дрыготкай рукі. Заржаў, зафыркаў эльфаў конь. Правадыр Вершнікаў ужо амаль выйшаў на бераг.

I ў гэты момант пачуўся роў ды грукат – вада бурліла, мкнула, вада каціла каменьне. Трацячы прытомнасьць, Фрода ўбачыў, як узьнімаецца рака, і ўніз па ёй імчыць шыхт белапенных хваляў. Падалося, на грабянях танчыць белае полымя й у ім – ці насамрэч, ці тое падман стомленых вачэй? – нясуцца белыя ваяры на бялюткіх конях зь пеннымі грывамі. Трох чорных, якія зайшлі ў раку, адразу ж зьнесла, пахавала пад бурлівай пенай. Астатнія кінуліся назад.

Фрода яшчэ пачуў крыкі й пабачыў на дальнім беразе зіхоткую, у белым сьвятле постаць, перад якою адступалі Чорныя. А за постацьцю несьліся нейкія невыразныя цені, махаючы агнём, няяркім у шэрым тумане, які агарнуў увесь сьвет.

Чорныя коні ашалелі і, кінуўшыся ад страху наперад, панесьлі Вершнікаў прама ў звар'яцелую раку, і роў вады заглушыў іх пранізьлівы лямант. Тады Фрода адчуў, што падае. Роў ды крыкі аглушылі яго, агарнулі, падалося, разьюшаная вада падхапіла й панесла яго разам з ворагамі. Болей ён анічога ня бачыў і ня чуў.

КНІГА ДРУГАЯ

1. Шматлікія сустрэчы

Фрода прачнуўся й зразумеў, што ляжыць у ложку. Падумаў спачатку: ну, заспаўся, і сон жа такі сьніў доўгі й непрыемны. Нават і засталося нешта ад таго сну, зачапілася за самы ўскраек памяці. А мо хварэў? Дзіўна: дах нейкі незнаёмы, пляскаты. Бэлькі цёмнага дрэва, з багатай разьбою. Фрода паляжаў яшчэ крыху, узіраючыся ў сонечных зайчыкаў на сьцяне, прыслухоўваючыся да шуму вапаспаду.

– Дзе я? – спытаў нарэшце. – Колькі цяпер часу?

– Ты ў сядзібе Эльранда, і зараз дзесяць гадзінаў раніцы, – сказаў голас побач. – Раніцы дваццаць чацьвертага кастрычніка, каб ты ведаў.

– Гэндальф! – ускрыкнуў Фрода, прыўзьняўся й агледзеўся.

Стары чараўнік сядзеў на крэсьле ля адчыненага вакна.

– Так, – пацьвердзіў Гэндальф. – Я тут. I ты таксама, што проста неверагодна пасьля ўсіх бздураў, якія ты ўчыніў па дарозе.

Фрода зноў лёг. Бо пачуваўся надта ўтульна й шчасьліва ды спрачацца аніякай ахвоты ня меў. У любым выпадку, наўрад ці Гэндальфа пераспрачаеш. Цяпер ужо прачнуўся цалкам і з падрабязнасьцямі згадаў вандроўку: і бядовы праход напрамкі праз Старую пушчу, і выпадак у "Скаклівым коніку", і вар'яцтва зь пярсьцёнкам у лагчавіне на Наветранай строме. Пакуль узгадваў, марна намагаючыся падоўжыць успаміны да самага прыбыцьця ў Долы Яр, Гэндальф таксама маўчаў, адно ціхенька пыхкаў люлькай ды выдзьмуваў белыя кольцы дыму ў вакно.