– Дзе Сэм? – спытаў Фрода нарэшце. – З маімі сябрамі ўсё ў парадку?
– Так, яны жывыя й здаровыя. Сэм сядзеў тут, пакуль я не адаслаў яго адпачыць недзе гадзіну з паловай таму.
– Што здарылася на бродзе? Я бачыў усё так цьмяна, і цяпер таксама. Нібыта празь цень.
– Але, празь цень. Бо ты й пачаў сыходзіць у сьвет ценяў. Рана амаль перамагла цябе. Яшчэ некалькі гадзінаў – і мы ня здолелі б табе дапамагчы. Але ж, даражэнькі мой хобіт, ты й моцны! У магільнях выявіў сябе проста цудоўна! Там мо было небясьпечней за ўсё, найбліжэй да пагібелі. Як шкада, што ты ня вытрымаў на Наветранай!
– Здаецца, вашаць ужо пра ўсё ведае. Я пра скляпеньні яшчэ нікому не распавядаў. Спачатку нават згадаць было жудасна, а потым думаў пра іншае. Як вашаць даведаўся?
– Ты шмат размаўляў у сьне. А я цябе слухаў і паціху выведаў, пра што ты думаў і за што хваляваўся. Не турбуйся! Хоць я й сказаў, што ты нарабіў глупстваў, я крыху перабольшыў. Вы справіліся выдатна, і ты, і астатнія. Немалое зьдзяйсьненьне – дабрацца сюды праз такія перашкоды й праз такіх ворагаў ды зь пярсьцёнкам.
– Мы ня справіліся б бяз Швэндала. Але нам так не хапала Гэндальфа. Я дык уявіць ня мог, што мне рабіць бяз вашці.
– Мяне затрымалі. На жаль. I тое ледзь не абярнулася нашай пагібельлю. Але цяпер, пазіраючы назад, бачу: можа, так павярнула да лепшага.
– Мо ваша распавёў бы мне? Што здарылася?
– Усяму свой час! Эльранд загадаў цябе сёньня анічым не заклапочваць і не турбаваць.
– Але ж загад ня спыніць маіх думак і сумневаў. А сумневы – надта турботная рэч. Я прачнуўся, амаль усё добра памятаю, а між тым яшчэ столькі незразумелага. Чаму вашаць затрымаўся? Хоць бы гэта мне можна патлумачыць?
– Неўзабаве ты пачуеш адказы на ўсе твае пытаньні. Хутка зьбярэцца Рада – як толькі ты ачуняеш цалкам. Цяпер я скажу адно, што быў у палоне.
– Гэндальф?!! – ускрыкнуў Фрода.
– Так, я сам, Гэндальф Сівы, – змрочна пацьвердзіў чараўнік, – у сьвеце шмат магутных істотаў і добрых, і ліхіх. Некаторыя больш магутныя за мяне. Зь некаторымі мне яшчэ не давялося цягацца. Але час надышоў. Валадар Моргулу выправіў Чорных Вершнікаў на заходнія землі. Ліха рыхтуецца да вайны.
– Дык ваша ведаў пра Вершнікаў яшчэ да таго, як я зь імі сустрэўся?
– Так, ведаў. Калісьці я казаў табе пра іх. Чорныя Вершнікі – гэта прывіды пярсьцёнкаў, дзевяцёра паплечнікаў Уладара Пярсьцёнкаў. Калі б я ведаў, што яны зноў зьявяцца ў гэтым сусьвеце, я адразу, падхапіўшы цябе, уцёк бы з Шыру. Я даведаўся пра іх толькі ў чэрвені, калі пакінуў цябе, але пра гэтае распавядзем потым. Толькі Арагорн уратаваў нас ад згубы, толькі ён.
– Так, Швэндал выратаваў нас. А я яго спачатку баяўся. Сэм дык увогуле не давяраў яму – пакуль мы не сустрэлі Гларфіндэля.
– Я чуў пра Сэма, – пасьміхнуўся Гэндальф, – цяпер у яго няма сумневаў.
– Файна! Бо мне Швэндал надта даспадобы. Даспадобы, можа, і не зусім прыдатнае слоўца. Ён зрабіўся мне як найбліжэйшы сябра, хоць часьцяком бывае суворы й загадкавы. Папраўдзе, ён часта нагадваў мне вашаць. Я й не ўяўляў, што даўгалыгія такія. Лічыў: ну, вялікія ростам, ды невялікія глуздамі. Добрыя, як Масьляк, ці злаўмысныя, як Біл Бур'як, але дурнаватыя. Але ж мы ў Шыры ня надта кемім у людзях, хіба што прыгорцаў ведаем.
– Ты ўвогуле ня кеміш у людзях, калі лічыш старога Масьляка дурным. Па-свойму ён яшчэ які мудры. Сапраўды, ён думае меней, чым гаворыць, і куды павольней, але дай яму час, сваю выгоду ён учуе за тры муры, як кажуць у Прыгор'і. Аднак мала засталося ў Міжзем'і падобных да Арагорна, сына Араторна. Кроў каралёў з-за мора амаль уся сышла ў нашую зямлю. Магчыма, у хуткай вайне пярсьцёнка выцеча ўся.
– Ваша мае на ўвазе, што Швэндал – насамрэч з народу старых каралёў? – зьдзівіўся Фрода. – Я лічыў, яны зьніклі ўжо даўнютка. Думаў, што ён проста сьледапыт з запустэчы.
– Сьледапыт з запустэчы! – усклікнуў Гэндальф. – Мой даражэнькі Фрода, дык яны ж і ёсьць апошняя рэшта на поўначы вялікага племені людзей Захаду, людзей з-за мора. Яны дапамагалі мне й раней. Іх дапамога спатрэбіцца мне й у будучыні, бо Долага Яру мы дасягнулі, але справа зь пярсьцёнкам ня скончаная.
– Я так і думаў. Але ж пакуль разважаў толькі пра тое, як дабрацца сюды. I спадзяваўся, што далей ісьці не давядзецца. Як добра проста адпачыць! Месяц я ўцякаў ад адной прыгоды да другой – сапраўды, мне ўжо занадта.
Змоўк, заплюшчыў вочы. Неўзабаве вымавіў: