Выбрать главу

– Я чуў: там прыхавана нямала грошай, – азваўся адзін зь нетутэйшых, што прыехаў па справах з Заходняга падзелу, з самага Міхальскага Выкапу, – і Строма вашая ўся скапаная тунэлямі, а ў тунэлях – скрыні, ды ўсё з золатам, ды срэбрам, ды шмудам усялякім каштоўным, вось што я чуў.

– Ну, дык ты зашмат чуў, сынку, – адказаў Дзед, – я вось ні пра які шмуд анічога ня ведаю. У спадара Більба грошы ёсьць, і грошай даволі, але ж ані пра якія тунэлі я ня ведаю. Бачыў я, калі спадар Більба вярнуўся, шэсьцьдзесят гадкоў таму. Я йшчэ зусім зялёны быў, толькі-толькі пачаў дапамагаць старому Хольману (бо ён жа бацькаў дзядзька), але ж ён узяў мяне з сабою ў Торбу-пад-Стромай, каб я падсобіў. Бо таржышча ж было, маёмасьць распрадавалі, народ мог і сад патаптаць, і шкоды нарабіць. I пасярод усяго гэнага – га! Спадар Більба – на Строме, і поні зь ім, а на поні здаравенныя мяхі ды парачка скрыняў. Ясна, набітых скарбамі з замежных краёў, бо, кажуць, там жа горы залатыя, адылі тунэляў для гэнага капаць ня трэба, і так месца хапіла. Мой малодшы, Сэм, – во той ведае болей. Толькі ў Торбе-пад-Стромай і пасьвіцца. Хлебам не кармі, дай яму паслухаць показы пра даўніну, і ўсё ён спадара Більба слухае. Той яго й пісьму вывучыў – ну, дабра жадаў хлопцу. Спадзяюся, ня выйдзе з таго аніякага ліха. А я кажу малому: "Эльфы-цмокі дый годзе! Для нас з табою – капуста ды бульба! Ты ў справы тыя, што большыя за цябе, носу ня суй, а тое клопатаў такіх знойдзеш, што з галавой закапаюць". Гэтак я яму сказаў – і іншым так кажу, – дадаў Дзед, зірнуўшы на млынара й міхаль-выкапскага госьця.

Аднак Дзед не пераканаў слухачоў. Маладзейшыя хобіты непахісна верылі ў незвычайнае Більбава багацьце.

– Але ж Більба й дадаў да таго, што прывёз, – запярэчыў млынар. – Часта швэндаецца туды ды сюды. А зірні толькі на ягоных гасьцей: прыхадні, зброды ўсялякія, гномы ўночы зьяўляюцца, і стары бадзяга-фокусьнік, Гэндальф, дый яшчэ. Кажы што хочаш, Дзед, а месца гэнае дзіўнаватае, Торба, а народ там і болей за тое.

– І ты кажы, сынку, што хочаш, калі ласка, – асабліва пра тое, што ведаеш ня лепш за чоўны, – параіў Дзед, якому млынар не падабаўся нават болей як зазвычай, – калі вось гэта зваць "дзівоцтвам", дык болей было б гэткай "дзівоснасьці" ў нашых мясьцінах. Тут побач такія ёсьць, што й куфаль піва сябру ня выставяць, хоць бы ў іх там у нары сьцены залатыя. А ў Торбе-пад-Стромай звычаі ведаюць. Мой Сэм кажа: кожнага запросяць на Вечарыну, кожнага! I падарункі будуць для ўсіх, чуеце? I ў гэтым самым месяцы.

Гэты самы месяц быў верасень, і надзвычай файны да таго ж. Празь дзень ці два пайшла пагалоска (верагодна, дзякуючы Сэму), што будуць фаервэркі, сапраўды, ды такія, якіх у Шыры ня бачылі амаль стагодзьдзе, пасьля сьмерці Старога Хвата.

Міналі дні, і Вечарына набліжалася. Неяк позьнім вечарам дзіўны вазок, запоўнены загадкавымі пакункамі, прыкаціў у Хобіцак ды папоўз угару да Торбы-пад-Стромай. Напалоханыя хобіты ціхенька сачылі за ім з-за прачыненых дзьвярэй. На вазку чужынцы, доўгабародыя гномы ў велічэзных капелюшах, сьпявалі нязнаныя песьні. Некаторыя нават і засталіся ў Торбе-пад-Стромай. А напрыканцы другога верасьнёўскага тыдня ў Прырэчча па бальшаку ад Каменналучнага мосту прыкаціў яшчэ адзін вазок, і пасярод яснага дня. Сядзеў на ім самотны стары ў вастракончым блакітным капелюху, доўгім шэрым плашчы ды срэбным шаліку. У старога была доўгая сівая барада й велічэзныя густыя брові, што нават высоўваліся з-за крыса капелюха. Малыя хабіцяняты беглі за вазком праз увесь Хобіцак і нават да верху Стромы. Здагадаліся – едуць фаервэркі. Перад Більбавымі дзьвярыма стары разгрузіў вазок, павыцягваў вялікія пачкі ракетаў і прыладаў найразнастайнейшых відаў ды памераў, усе пазначаныя вялікай чырвонай літарай – Г ды эльфскай рунай .

Гэндальфаў знак, і сам стары – ня хто іншы як чараўнік Гэндальф, славуты на ўвесь Шыр галоўным чынам дзякуючы сьвяточным вогненным забавам. Сапраўдныя ягоныя дзеі былі нашмат цяжэйшыя ды небясьпечнейшыя, аднак хобіты анічога пра іх ня ведалі. Ну, зьявіўся – вядома, Вечарына будзе на дзіва. Малыя ледзь зь сябе не павыскоквалі, галосячы: