Узьвячоркам Фрода абудзіўся й вынайшаў, што болей не жадае ані спаць, ані адлёжвацца, а карціць яму добра пад'есьці й глынуць кроплю-другую, а пасьля, магчыма, паслухаць расповеды й сьпевы. Вылез з ложка й высьветліў, што левая рука слухаецца амаль як раней. А побач знайшоў падрыхтаваную вопратку зь зялёнай тканіны – дакладна на яго, проста найцудоўнейшым чынам! Зірнуў у люстэрка й зразумеў, што памятае сябе значна таўсьцейшым і старэйшым. Цяпер на яго паглядаў юны Більбаў пляменьнік, які разам зь дзядзькам так любіў валацужыць па Шыры. Аднак вочы былі не па-маладому задумлівыя.
– Так, давялося табе пабачыць сёе-тое, як апошні раз глядзеўся ў люстра, – прывітаў Фрода адбітак. – Ну, але ж цяпер у добры час сустрэліся!
Пацягнуўся, пачаў насьвістваць. Тут у дзьверы пагрукалі, і зьявіўся Сэм. Падбег да Фрода, ухапіў левую руку, нязграбна й баязьліва. Асьцярожна пагладзіў яе. Тады пачырванеў і пасьпешліва адвярнуўся.
– Дабрыдзень, Сэме! – павітаў Фрода.
– Яна цёплая! – выклікнуў Сэм. – Я пра вашую руку, спадару Фрода. Начамі яна адчувалася такой халоднай! А цяпер – гэй-гоп! Гонар і слава! – выгукнуў зноў, прыскокваючы па падлозе, з вачыма, зіхоткімі ад радасьці. – Як добра зноў бачыць вас здаравенькім і цалюткім, спадарыку! Гэндальф запрасіў мяне падысьці й зірнуць, ці падрыхтаваныя вы спусьціцца ў залю, а я падумаў – ён жартуе.
– Я гатовы, – сказаў Фрода. – Дык хадзем, пашукайма астатніх.
– Я правяду вас да іх. Гэткая вялізная даміна, і дзівосная. Заўжды новыя й новыя рэчы знаходзяцца, і ня ведаеш, што сустрэнеш за паваротам. А эльфы, спадарыку, эльфы! Некаторыя – нібы каралі, ну ажно страх бярэ, гэтакая грандыёза, а некаторыя – як дзеткі малыя, вясёлыя й простыя. А музыка, а сьпевы! Праўда, ня тое каб у мяне шмат часу ці настрою было, як мы сюды дабраліся. Але ўсё ж я крыху вызнаў пра звычкі ў гэнай хаціне.
– Я ведаю, чым ты быў заняты, Сэме, – Фрода ўзяў сябрука за руку. – Сёньня ўвечары, будзь ласкавы, радуйся ды забаўляйся бесклапотна, як сэрца падкажа. А цяпер пакажы ж мне, што ты тут выведаў!
Сэм правёў яго некалькімі калідорамі ды ўніз па бясконцых прыступках і нарэшце вонкі, у сад над высокім стромым берагам ракі. Там і сядзелі на лаве ля сьцяны сябры, паглядаючы на ўсход. На даліну перад імі ўжо лёг цень, але сьвятло яшчэ кранала вяршыні гор далёка наверсе. Было цёпла. Гучна, з шумам падала вада, і атуляў, вісеў у вячэрнім паветры ледзь заўважны водар кветак і дрэваў, нібы лета затрымалася на гасьціну ў Эльрандавых садох.
– Ур-ра! – выгукнуў Піпін, жвава ўскокваючы. – Вітаньне нашаму высакароднаму сваяку! Вітаньне шаноўнаму Фрода, Уладару Пярсьцёнка!
– Ціха! – азваўся Гэндальф зь ценю за ганкам. – Ліха не кранае гэтай даліны, сюды яму няма ходу. Тым ня менш клікаць яго тут ня варта. Уладар Пярсьцёнка – ня Фрода, а гаспадар Цёмнай вежы Мордару, чый цень зноў паўзе па гэтым сусьвеце! Мы – у крэпасьці. А навокал усё змрачнее.
– Гэндальф цяпер часьцяком кажа такія вясёлыя штукі, – паскардзіўся Піпін. – Лічыць, што мяне трэба павучаць ды прыструньваць. Аднак у гэтым месцы проста немагчыма сумаваць ці задумвацца пра нейкія там цені зь ліхаманкамі й трасцой. Я засьпяваў бы вось цяперака, каб толькі песьню ведаў пад нагоду!
– Я й сам засьпяваў бы, – засьмяяўся Фрода. – Хоць, напэўна, зараз ежа мне надалася б болей!
– Ну, гэтаму хутка дапамогуць, – запэўніў Піпін. – Ты, як і заўжды, дэманструеш незвычайны талент ачуньваць дакладна ў час пад'едку.
– Пад'едку? Баляваньня! – выправіў Мэры. – Як толькі Гэндальф давёў, што табе лепшае, пачалі рыхтавацца.
Не пасьпеў Мэры дагаварыць, як забэмкала мноства званоў і званочкаў, запрашаючы гасьцей у залю для баляваньняў.
Заля напоўнілася мноствам народу, пераважна эльфамі, але было некалькі іншых гасьцей. Эльранд, паводле звычаю, узвышаўся ў вялізным крэсьле на прыступцы напрыканцы доўгага стала. Праваруч ад яго сядзеў Гэндальф, леваруч – Гларфіндэль.
Фрода сьцяў подых, бо аніколі дасюль ня бачыў Эльранда, героя незьлічоных паданьняў. I пааберуч ад яго Гларфіндэль і нават Гэндальф, здаецца, так добра знаёмы, выглядалі цяпер па-сапраўднаму – нібы магутныя, валадарныя князі. Гэндальф быў меншы ростам за абодвух эльфаў, але доўгія сівыя валасы, густая срэбная барада, шырокія плечы рабілі яго падобным на мудрага караля старажытных казак. На маршчыністым твары пад густымі сьнежна-белымі бровамі ягоныя цёмныя вочы зьзялі, бы вуглі, што здольныя раптоўна палыхнуць спапяляльным полымем.