Выбрать главу
Пад поўняй і пад ноўчыкам ад поўдню і да поўначы, адчайны і разгублены, блукаў ён, непрытулены, ад лёду злога крайняга, дзе ценяў зьмерзлых сховіны, да поўдня палымянага, бязьлітасна сьпякотнага. Ён кіраваў пасьпешліва бяззорнай цемрай вусьцішнай праз ноч забараняльную, сьмяротным недазвольную. Але ня здолеў берагу пабачыць пракаветнага, шалёнаю віхураю аднесены, аколены.
Тады скрозь цемру да яго зьляцела Эльвінг, і сьвятло, зырчэйшае за зорны бляск, узьняла на яго чало. Яна магутны Сільмарыль – жывое сьвету хараство – яму дала, каб карабель прайшоў праз пракавету-ноч. Віхур узьняўся, застагнаў магутны вецер з Тармэнэль і моцным подыхам пагнаў, панёс упарты карабель. I біўся нескароны лёс аб хваляў шэрую сьцяну. У вечны дзень яго прынёс віхур праз гібель і ману.
Над лютым гармідарам хваль, над пазабытаю зямлёй, затопленай да першых дзён,
залітай мёртваю вадой, пакуль прыбою мяккі пляск пачуў, нібы цудоўны сон, пабачыў пэрлаў ясны бляск у пырсках пены залатой. Узьняўся перад ім сьцяной ланцуг маўклівых моцных гор, вартуючы чароўны край Эльдамірэ ды Валінор. Жаданай завані сягнуў, прычаліў шпаркі карабель да эльфаў вышняе зямлі, радзіны сьветлае эльдар. Дзе за далінаю крутой белагаловы Ільмарын, над Ценяводзьдзем, бы крышталь, зіхціць агнямі Тырыён.
Там ад шляхоў ён адпачыў. Паданьні дзіўнай даўніны тады пачуў, і апрануў адзежы белыя эльдар. Сем белых вестуноў-агнёў паслалі эльфы перад ім праз Калакірыю, і ён прайшоў таёмнаю сьцягой – туды, дзе белы Ільмарын, карункаў выраку пакой, туды, дзе пракавечны трон Гаспадара гаспадароў, рашуча крочыў, і тады прароцтваў словы ён пачуў людзям таёмных, назаўжды пакінуўшы сьмяротны кон.
Тады бліскучы карабель бязь ветразя ды безь вясла пабудавалі для яго зь міфрылу ды літога шкла, і Сільмарыля зыркі квет, сьцяг жыватворнага сьвятла, на срэбным стажары ўзьняла сваёй рукою Эльберэт. Каб плыць заўжды сярод нябёс, магутны несьмяротны лёс і крылы вечныя дала.
Ад Веказем'я чыстых ніў, фантанаў звонкіх галасоў на крылах срэбраных ён плыў, па-над Пелорамі між зор. Адхонаў Ночы ён сягнуў і карабель свой павярнуў каб над туманам маяком, чароўнай зоркаю гарэць, да раніцы правадыром ды мілавіцай залатой па-над паўночнаю вадой заўжды ў нябёсах зіхацець.
I над Міжзем'ем з тых часоў нястомна рушыў ён і чуў праклёны, стогны, плач і боль няспынныя, сярод краёў сваёй айчыны з даўніх дзён. Магутны несьмяротны лёс датуль трываць пакляўся ён, датуль ня крочыць на пясок сьмяротных кону берагоў, пакуль ня згаснуць ясных зор агні над цёмнаю вадой – правадыром у ночы зьзяць, заходніх земляў маяком.