– Гэндальф – вух! Гэндальф – бух! Жыве Гэндальф!
Стары ўсьміхаўся: малыя хоць і сустракалі яго раней, бо ён наяжджаў час ад часу, штораз хутка зьнікаючы зноў, але ж фаервэркаў ня бачылі ані яны, ані найстарэйшыя з хобітаў. Для ўсіх фаервэркі былі цудоўнай казкай.
Калі стары з дапамогаю Більба ды гномаў скончыў разгружаць вазок, Більба раздаў малечы некалькі манэтак, аднак ані пітарды, ані яскраўкі – гэткае расчараваньне.
– Пачакайце троху, – суцяшаў Гэндальф, – прыйдзе час – усё атрымаеце, што хочаце.
I зьнік за дзьвярыма разам зь Більба. Хабіцяняты колькі часу глядзелі на зачыненыя дзьверы ды разышліся з пачуцьцём, што дзень Вечарыны ну ніколі не надыдзе.
У Торбе Більба й Гэндальф сядзелі ля вакна, што выходзіла на захад, на сад, на мяккі сонечны вечар. Кветкі люстравалі золата й чырвань – сабачкі ды сланечнікі, настуркі абвілі ўсе сьцены ды заглядвалі ў круглыя вакенцы.
– Які зыркі ў цябе сад! – сказаў Гэндальф.
– Так, – пагадзіўся Більба, – і ён мне надта даспадобы, як і ўвесь мой дарагі стары Шыр. Але ж, падаецца, трэба мне на вакацыі.
– Пэўна наважыўся зрабіць, што заплянаваў?
– Так. Месяцы таму вырашыў, і цяпер не перадумаю.
– Добра. Значыць, і спрачацца сэнсу няма. Рабі, што заплянаваў, – толькі да канца, абавязкова. Можа, усё абернецца найлепшым чынам – і для цябе, і для ўсіх нас.
– Спадзяюся. Так ці інакш, я ў чацьвер павесялюся ды крышачку пажартую.
– Толькі хто пасьмяецца з твайго жарту? – пахітаў галавою Гэндальф.
– Пабачым, – адказаў Більба.
Раніцою вазкі пакацілі ўгору па Строме адзін за адным. Сьпярша тутэйшыя былі наракалі, што вось адным чужынцам праца й грошы, а сваім нічога, але хутка аніякай рацыі ў гэтым не засталося – з Торбы так і пасыпаліся замовы на ежу, пітво, усялякія прылады й рэчы, якія толькі можна знайсьці ў Хобіцку, Прырэччы ці ўвогуле ва ўсім навакольлі. Народ узрушыўся, пачалі адлічваць дні, што засталіся да Вечарыны, і зь нецярплівасьцю чакалі паштароў з запрашэньнямі.
Хутка й тыя зьявіліся, і ў такой колькасьці, што хобіцкая пошта не спраўлялася, і прырэчанская таксама, і спатрэбілася склікаць добраахвотнікаў, каб разносіць запрашэньні й адказы на іх. Адказы несьлі ў Торбу няспынна – і ўсе з падзякамі на розныя лады ды абяцаньнямі абавязкова прыйсьці.
На браме Торбы-пад-Стромай павешалі аб'яву: "Уваход толькі па справах Вечарыны!". Але ж нават і па справах Вечарыны, сапраўдных ці прыдуманых, туды ўсё адно амаль не пускалі. Більба быў надта заняты: пісаў запрашэньні, зьбіраў адказы, пакаваў падарункі, дый уладкоўваў нейкія асабістыя справы да ўсяго. З самага Гэндальфавага прыезду вонкі й не высоўваўся.
I вось аднойчы хобіты прачнуліся раніцою ды ўбачылі, што вялізнае поле на поўдзень ад Більбавых парадных дзьвярэй разгароджанае вяроўкамі ды стырканае калкамі для намётаў. У схіле, які выводзіў на бальшак, прарэзалі асобны праход з шырокімі прыступкамі й пабудавалі вялікую белую браму. Тром сем'ям, чые землі былі побач з полем, зайздросьцілі ўсе ваколіцы. Дзед Гэйхад, назіраючы ў захапленьні за тым, што рабілася на поле, нават і прыкідвацца перастаў, што працуе ў садзе.
Узьняліся намёты. Адзін – такі вялізманы, што ў ім умясьцілася нават дрэва, што расло на полі. На яго навешалі ліхтарыкаў, і яно, нібы ўпрыгожаньне, пастала якраз на чале стала, ля ганаровых месцаў. А яшчэ захапляльнейшай (на хобіцкі погляд, ва ўсялякім выпадку) была неабсяжных памераў кухня бяз даху й сьценаў, якая займала ўвесь паўночны канец поля. Брыгада кухараў, абраная з усіх вакольных корчмаў ды шынкоў, зьявілася на дапамогу гномам і іншым прыхадням, раскватараваным у Торбе. Хобіцкае абуджэньне сягнула найвышэйшай мяжы.
А потым набеглі хмары – і гэта ў сераду, напярэдадні Вечарыны! Усе перапалохаліся. Але ж у чацьвер, дваццаць другога верасьня, сонейка ўзышло яснае й цёплае. Аблокі зьніклі, сьцягі й сьцяжкі залуналі на сьвежым ветрыку – і забава пачалася!
Більба Торбінс назваў сьвяткаваньне "вечарынкай". Але ж на самай справе гэта была нізка забаваў і частаваньняў, аб'яднаных у адзіны баль. Запрашэньні атрамалі практычна ўсе навакольцы, а хто не атрымаў – той сам зьявіўся. Шмат народу папрыяжджала з усіх шырскіх падзелаў ды ўкрайнаў, і нават некаторыя з-за межаў. Більба асабіста сустракаў гасьцей, чаканых і нечаканых, ля новай белай брамы. Усім і кожнаму даваў падарункі – нават і тым, хто прайшоў па полі й вярнуўся, каб другім разам увайсьці праз браму. Хобіты заўсёды дораць падарункі на дзень народзінаў. Хоць звычайна ня надта каштоўныя й не такія выкшталцоныя, як на Більбавай Вечарыне, аднак зусім ня дрэнныя. Па сутнасьці, у Хобіцку ці Прырэччы штодзень хто-небудзь ды нараджаецца, таму кожны тутэйшы мае добры шанец прынамсі на адзін падарунак штотыдзень. I гэта не стамляе ані.