Эльранд ясным голасам распавядаў пра Саўрона й Пярсьцёнкі Ўлады, пра тое, як скавалі іх у Другую эпоху, шмат стагодзьдзяў таму. Часткі гэтай гісторыі некаторыя ведалі, але цалкам яе ня чуў ніхто, і таму многія ў страху й подзіве слухалі пра эльфаў-кавалёў Эрэгіёну й іх сяброўства з гномамі Морыі, пра іх прагу ведаў, празь якую Саўрон і здолеў падмануць іх. Бо ў той час Саўрон яшчэ не выглядаў жудасна й злавесна. Эльфы карысталіся ягонымі парадамі, іх майстэрства ўзвысілася, а ён вызнаў усе іхнія сакрэты. А пасьля здрадзіў, скаваўшы таемна ў Вогненнай гары Адзіны Пярсьцёнак, Пярсьцёнак-гаспадар, каб закабаліць эльфаў. Але Келебрымбар здагадаўся й схаваў скаваныя ім тры пярсьцёнкі. Пачалася вайна. Эрэгіён быў спустошаны, і брамы Морыі зачыніліся назаўжды.
Тады Эльранд распавёў, што рабілася зь пярсьцёнкам пасьля. Аднак пра гэта можна даведацца зь іншых крыніцаў, таму што Эльранд сам упісаў гэтую частку гісторыі ў свае хронікі. Мы ня будзем згадваць яе тут. Бо яна даўжэзная, паўнюткая вялікімі зьдзяйсьненьнямі й жудаснымі злачынствамі. Хоць Эльранд толькі коратка пераказаў яе, сонца паднялося высока й раніца скончылася раней, чым ён закончыў расповед.
Пра Нумэнор распавёў Эльранд, пра ягоную веліч і гібель, пра вяртаньне каралёў – людзей з-за мора, прынесеных на крылах буры. Элендыль Высокі й ягоныя сыны, Ісільдар і Анарыён, зрабіліся магутнымі ўладарамі, пабудаваўшы каралеўства на поўначы, у Арнары, і на поўдні, вышэй за вусьце Андуйну. Саўрон Мордарскі пайшоў на іх вайною, і тады ўтварыўся Апошні Зьвяз эльфаў і людзей, які сабраў войскі Гіль-Галяда й Элендыля ў Арнары.
Эльранд прыпыніўся, згадаўшы Апошні Зьвяз, і ўздыхнуў:
– Я добра памятаю ганарлівае хараство іх сьцягоў. Яно нагадала мне гонар Даўніх дзён і войска Белерыянду. Колькі там сабралася вялікіх князёў і ваяводаў! Хоць і ня столькі, як падчас асады й руйнаваньня Тангарадрыму, калі эльфы палічылі зло зьнішчаным назаўсёды – і так памыліліся!
– Вы памятаеце? – спытаў Фрода ад зьдзіву нечакана гучна. – Але ж я лічыў, – прамармытаў, запінаючыся, калі Эльранд павярнуўся да яго, – што Гіль-Галяд загінуў даўным-даўно.
– Менавіта так, – адказаў Эльранд сувора. – Бо ў маёй памяці – і дні Першай эпохі. Мой бацька – Эярэндыль, народжаны ў Гандаліне да ягонай паразы, мая маці – Эльвінг, дачка Дыёра, сына Люціені з Дарыяту. Я бачыў на свае вочы тры эпохі Міжзем'я. Бачыў шматлікія паразы й бясплодныя перамогі. Я быў герольдам Гіль-Галяда й выправіўся зь ягоным войскам. Удзельнічаў у вялікай бітве на Дагорладзе перад Чорнай Брамай Мордару, дзе мы перамаглі, бо ніхто ня здолеў супрацьстаяць Дзідзе Гіль-Галяда й Мечу Элендыля, Айгласу й Нарсілю. Я змагаўся ў апошняй бітве на схілах Арадруйну, дзе загінуў Гіль-Галяд і Нарсіль зламаўся пад целам забітага Элендыля, – але ж Саўрон быў таксама пераможаны, і Ісільдар абламаным бацькавым мечам адсек пярсьцёнак з Саўронавай рукі й забраў сабе.
Тут раптоўна ўблытаўся незнаёмца, Барамір.
– Дык вось што здарылася зь пярсьцёнкам! – усклікнуў ён. – Калі зьвесткі пра тое й сягнулі Поўдня, на іх даўно ўжо забыліся. Я чуў пра Вялікі Пярсьцёнак таго, чыё імя мы не называем, але мы лічылі, што ён зьнік з гэтага сьвету разам з гібельлю першага ягонага каралеўства. Ісільдар завалодаў ім! Вось у чым справа!
– На жаль, так, – пацьвердзіў Эльранд. – Ісільдар завалодаў ім, хоць і не павінен быў. Ён мусіў адразу ж кінуць яго ў полымя Арадруйну, дзе пярсьцёнак і нарадзіўся. Але няшмат хто заўважыў, што зрабіў Ісільдар. У апошняй сьмяротнай бойцы побач зь Ісільдарам змагаўся толькі ягоны бацька, а побач з Гіль-Галядам – толькі я й Кірдан. Ісільдар не паслухаў нашай парады. Сказаў: "Пярсьцёнак – віра за маіх бацьку й брата". I, хацелі мы таго ці не, забраў яго ва ўласнае валоданьне. Неўзабаве пярсьцёнак здрадзіў яму й загубіў яго. Таму й клічуць пярсьцёнак Ворага на поўначы Праклёнам Ісільдара. Хоць сьмерць, мажліва, лепшая за лёс, які мог яго напаткаць.
Толькі да Поўначы дайшлі зьвесткі пра сьмерць Ісільдара, і мала хто чуў іх. Таму нядзіўна, што ты, Барамір, ня ведаеш гэтага. З пагібельнай бойкі на Квятных Панізьзях вярнуліся толькі трое, пасьля доўгай вандроўкі праз горы. Адным зь іх быў Ахтар, збраяносец Ісільдара, які перадаў кавалкі Нарсіля Валандылю, спадчыньніку Ісільдара. Той быў яшчэ дзіцем і заставаўся тут, у Долым Яры. Сьвятло зламанага Нарсіля згасла, і дасюль ён не перакаваны.
Я назваў перамогу Апошняга Зьвязу бясплоднай? Не зусім так – але сваёй мэты яна не дасягнула. Саўронаву моц зьнішчылі – але самога яго не. Пярсьцёнак згубіўся – але яго не расплавілі. Цёмную вежу разбурылі – але засталіся яе падмуркі, бо іх збудавалі моцай пярсьцёнка, і пакуль пярсьцёнак цэлы, яны непарушныя. Мноства эльфаў і магутных людзей, мноства іх паплечнікаў забрала вайна. Загінулі Анарыён і Ісільдар, ня стала Гіль-Галяда з Элендылем. Аніколі болей не паўстане зноў такі зьвяз людзей і эльфаў, бо людзі памнажаюцца, а Першанароджаных застаецца ўсё меней і меней, і два народы ўсё чужэй глядзяць адзін на другога. Кроў Нумэнору вадчэе, і людзкія гады скарачаюцца.