Выбрать главу

– Нядрэнна, зусім нядрэнна, – пракамэнтаваў Більба. – Такі цудоўны аповед атрымаўся, каб яны толькі не перабівалі на кожным слове. Я паспрабаваў зрабіць сякі-такі запіс, але нам трэба прайсьціся па ім калі-кольвек разам, калі ўжо я намерыўся запісаць тваю гісторыю. Матэрыялу на некалькі добрых частак – і ўжо зараз, калі ты толькі дабраўся сюды!

– Так, гісторыя атрымалася доўгая, – пацьвердзіў Фрода. – Але мне яна падаецца няпоўнай. Шмат пра што карціць даведацца – асабліва ад Гэндальфа.

Гальдар з Заваняў, які сядзеў побач, пачуў Фродавы словы й выгукнуў:

– Мне таксама, – ён павярнуўся да Эльранда. – Мудрыя, мажліва, і маюць важкія нагоды, каб лічыць, што паўросьлікава здабыча – сапраўды Вялікі Пярсьцёнак даўняй вайны, хоць тое й падаецца неверагодным тым, хто ведае меней. Але чаму нам ня выслухаць доказаў ад мудрых? I што пра гэта лічыць Саруман? Ён – найпершы ў ведах і вывучэньні пярсьцёнкаў. Аднак я ня бачу яго тут. Што радзіць ён, калі ён ведае пра тое, што распавядаецца тут?

– Твае пытаньні, Гальдар, злучаныя, – адказаў Эльранд. – Тое, пра што ты пытаесься, не пазабытае – проста яшчэ не надышоў час. Бо пра гэта належыць распавесьці Гэндальфу, якога я запрашаю прамаўляць апошнім. Ён мае права на завяршальныя словы – і таму, што яму належыць пачэснае права апошняга голасу на гэтай Радзе, і таму, што ён найбольш дасьведчаны ў справе.

– Гальдар, некаторыя задумаліся б над Глойнавымі зьвесткамі й над пагоняю за Фрода, – сказаў Гэндальф. – Ужо адно тое – доказ, што паўросьлікава здабыча – рэч незвычайна істотная для Ворага. Здабыча гэтая – пярсьцёнак. Які? Дзевяць – у назгулаў. Сем гномскіх – у Ворага ці зьнішчаныя.

На гэтых словах Глойн паварушыўся, але анічога ня вымавіў.

– Пра тры эльфскія ўсё вядома, – прадоўжыў Гэндальф. – Дык каторы так хоча прыдбаць Вораг? Сапраўды, існуе велічэзны правал паміж ракой і гарой, паміж стратай пярсьцёнка й знаходкай. Гэты недахоп у ведах нарэшце запоўнены, але надта позна. Бо Вораг упарта крочыць за намі, і ён бліжэй, чым я ўяўляў сабе. Аднак нам шанцуе, бо толькі сёлета, толькі гэтым самым летам ён, відавочна, і вызнаў суцэльную праўду.

Некаторыя, магчыма, памятаюць, што шмат гадоў таму я сам адважыўся прайсьці за браму Нэкраманта ў Дул Гулдуры, высачыць ягоныя справы й дзеі, і высьветліў, што нашыя страхі спраўдзіліся: бо Нэкрамант – ня хто іншы як даўні вораг Саўрон, які зноў уцялесьніўся й набірае моцы. Некаторыя, можа, таксама ўзгадаюць, што Саруман пераканаў нас не рэагаваць адразу ж, і мы доўгі час толькі назіралі здалёк. Урэшце, калі цень ліха падоўжыўся, Саруман пагадзіўся, Рада мудрых сабралася зь сіламі й выгнала зло зь Ліхалесься ў тым самым годзе, калі знайшоўся пярсьцёнак – дзіўнаватае супадзеньне, калі супадзеньне ўвогуле.

Але, як і прадказваў Эльранд, мы спазьніліся. Саўрон таксама сачыў за намі й загадзя падрыхтаваўся да нашага наступу, кіруючы Мордарам здаля празь Мінас Моргул, дзе сядзелі дзевяць ягоных паслугачоў. Перад нашай атакаю ён спрытна адступіў, толькі імітуючы супраціў і ўцёкі, неўзабаве сягнуў Цёмнай вежы й адкрыта абвесьціў уладу над Мордарам. Тады Сьветлая Рада сабралася ў апошні раз, бо мы баяліся, што цяпер Вораг прымецца шукаць Адзіны Пярсьцёнак. Баяліся, што ён ужо ведае нешта, не вядомае нам. Але Саруман зноў супакоіў нас, паўтараючы даўнія словы: Адзіны аніколі болей ня знойдзецца ў Міжзем'і.

"У найгоршым выпадку, – даводзіў ён, – Вораг ведае, што ў нас пярсьцёнка няма, што ён згубіўся. I лічыць, што згубленае мажліва адшукаць. Ня бойцеся таго! Ягоная надзея падмане яго. Ці ж я не вывучаў тую справу? Пярсьцёнак згінуў у Вялікім Андуйне. Ужо даўно, пакуль Саўрон спаў, бесьцялесны, рака вынесла пярсьцёнак у мора. Там ён і супакоіцца да скону дзён сьвету".

Гэндальф змоўк, пазіраючы за ганак, на далёкія пікі Туманных гор, ля чыіх магутных каранёў так доўга хавалася небясьпека ўсяго сусьвету. Уздыхнуў цяжка.

– Тут мая віна. Мяне залюлялі словы Сарумана мудрага. Мне належала вышукаць ісьціну раней – тады нашая небясьпека не была б гэткаю змрочнаю.

– Тут нашая агульная віна, – сказаў Эльранд. – Калі б не твая няспынная варта над Цемраю, яна, мажліва, ужо паглынула б нас. Але распавядай далей!

– Напачатку насуперак рацыі й доказам сэрца падказала мне, што нешта тут нядобра. I мне хацелася ведаць, якім чынам патрапіў да Глыкса ягоны пярсьцёнак, дый колькі ж ён ім валодаў. Таму я выправіў за ім віжоў, палічыўшы, што доўга ён сядзець пад гарою ня стане й пойдзе на пошукі свайго скарбу. I ён, сапраўды, вылез з-пад гары, але ўцёк з-пад нагляду й зьнік. А потым – як шкада! – я выпусьціў справу з рук, усяго толькі назіраючы й чакаючы, чым мы сябе ў апошні час часьцяком абмяжоўвалі.