Выбрать главу

"Гэндальф! – паклікаў ён. – Я якраз цябе й шукаю. Але ж для мяне тут землі нязнаныя. Я толькі й ведаю, што ты хаваесься недзе ў глухой краінцы зь нягеглым імем Шыр".

"Дакладна, – пацьвердзіў я, – але не сьпяшайся называць Шыр так, калі побач якія-кольвек ягоныя пасельнікі. Ты ж цяпер ля ягоных межаў. Чаго табе трэба ад мяне? Напэўна, нешта вельмі істотнае. Бо ты ж зусім не вандроўнік, хіба толькі зь вялікай патрэбы".

"Так, у мяне да цябе тэрміновыя весткі. I нядобрыя, – ён азірнуўся, быццам баючыся, што й у кустоў на збочыне ёсьць вушы, і прашаптаў, – назгулы. Усе Дзевяцёра зноў на захадзе. Яны ўпотайкі пераправіліся празь Вялікую раку й рухаюцца на захад. Цяпер яны прынялі аблічча Чорных Вершнікаў".

Тады я зразумеў, чаго, ня ведаючы, баяўся.

"Напэўна, Вораг шукае нешта надта істотнае, але чаго яму шукаць тут, у гэтым найдалейшым застароньні, я ўявіць ня здольны".

"Што ты маеш на ўвазе?" – спытаў я.

"Мне перадалі: дзе толькі Вершнікі ні зьяўляюцца, яны распытваюць пра нейкі Шыр".

"Гэты Шыр", – паправіў я, але маё сэрца агарнуў адчай. Бо нават мудраму цяжка адважыцца выйсьці супраць Дзевяцярых, калі яны зьбяруцца пад рукою свайго лютага правадыра. Ён быў вялікім каралём і чаразнаўцам даўніны, а цяпер ягоная зброя – невыносны, непераможны жах.

"Хто давёў табе, хто даручыў адшукаць мяне?" – пацікавіўся я.

"Саруман Белы, – адказаў Радагаст. – Яшчэ ён прапанаваў: калі табе трэба, ён дапаможа. Але тады пасьпяшайся, бо інакш будзе позна".

Тыя весткі ажывілі маю надзею. Бо Саруман Белы – найвялікшы з майго Ордэну. Радагаст, бясспрэчна, годны чараўнік, майстра мяняць аблічча й колер, надзвычай дасьведчаны ў зёлках і зьвярох. Асабліва ж ён сябруе з птушкамі. Саруман жа доўга вывучаў Ворага, ягоныя звычкі й майстэрства, і таму мы часьцяком былі здольныя папярэджваць варожыя рухі й наносіць удары першымі. З Саруманавай парады мы так лёгка выбілі Ворага з Дул Гулдуру. Магчыма, ён ведае й адпаведную зброю супроць Дзевяцярых.

"Я рушу да Сарумана", – паабяцаў я.

"Ты мусіш рушыць зараз жа, – паўтарыў Радагаст, – бо я страціў шмат часу ў пошуках цябе й яго амаль не засталося. Я павінен быў адшукаць цябе да Ліпак, сярэдзіны лета, а ўжо й ёсьць сярэдзіна. Нават калі ты й выправісься да Сарумана з гэтага самага месца, наўрад ці пасьпееш да таго, як Дзевяцёра знойдуць твой Шыр. Я сам паварочваю назад зараз жа".

I ён сеў на каня, каб сапраўды зьехаць.

"Пачакай момант! – папрасіў я. – Нам спатрэбіцца твая дапамога, і ўвогуле ўсіхняя, хто толькі здольны дапамагчы. Абвясьці ўсім тваім сябрам сярод зьвяроў і птушак. Няхай яны прыносяць зьвесткі пра ўсё, што тычыцца Дзевяцярых, Сарумана й Гэндальфа. Няхай яны нясуць зьвесткі ў Ортанк".

"Так і зраблю", – паабяцаў ён ды ад'ехаў прэч так пасьпешліва, быццам за ім гналіся ўсе Дзевяцёра.

Адразу за ім я ехаць ня здолеў. Гэтым днём я й так ужо праехаў шмат, і стаміўся ня менш за майго каня. Мне трэ было спакойна паразважаць. Я пераначаваў у Прыгор'і й вырашыў, што мне бракуе часу заяжджаць у Шыр. Аніколі не рабіў я горшай памылкі!

Аднак я пакінуў ліст для Фрода, даверыўшы майму сябру шынкару даслаць яго. Выехаў раніцою і, сьпяшаючыся, сягнуў нарэшце Саруманава жытла. Яно знаходзіцца далёка на поўначы, у Ізенградку, напрыканцы Туманных гор непадалёк ад Брамы Рохану. Барамір давядзе вам, што Брама Рохану – гэта вялізная, шырокая даліна паміж Туманнымі гарамі й паўночнымі адгор'ямі Эрэд Німрайсу, Белых гор ягонай радзімы. Ізенградак – гэта кольца стромых скалаў, што абкружаюць прасторны лог, пасярод якога ўзвышаецца камяніца Ортанк. Пабудаваў яе не Саруман, а людзі Нумэнору ў даўніну. Вежа тая высачэзная, хавае мноства таямніцаў і выглядае ня творам чалавечых рук, а спараджэньнем самой зямлі. Сягнуць яе мажліва толькі праз кольца скалаў Ізенградку, а ў тым кольцы адзіная брама.

Позьнім вечарам я дабраўся да той брамы, падобнай да гіганцкай аркі ў каменнай сьцяне. Браму моцна ахоўвалі, але вартаўнікі чакалі мяне й дазволілі ехаць наўпрост да Сарумана. Я праехаў пад аркаю, брама бязгучна зачынілася за мною – і раптам я спалохаўся, хоць і ня ведаў чаму. Тым ня менш даехаў да Ортанку й крочыў на Саруманаў ганак. Там ён сам сустрэў мяне й правёў у залю. На ягоным пальцы зіхцеў пярсьцёнак.

"Ты нарэшце прыехаў, Гэндальф", – сказаў ён сувора, а ў вачох ягоных зьзяла белае халоднае сьвятло, быццам ён жорстка й кпліва сьмяяўся зь мяне.