Выбрать главу

Більбавы ж падарункі былі надзвычай шыкоўныя. Імпэт хабіцянятаў на некаторы час нават прагнаў апэтыт. Такіх цацак яны аніколі ня бачылі – гэткія цудоўныя, а некаторыя й чароўныя! Мноства Більба замовіў яшчэ за год да сьвята, і прывезьлі іх ад самага Долу ды з-пад Самотнай гары – сапраўдныя гномскія вырабы.

Калі ўсіх гасьцей нарэшце павіталі ды правялі за браму, надышоў час скокаў, сьпеваў, музыкі, разнастайных гульняў ды, вядома, ежы зь пітвом. Прадугледжваліся тры частаваньні: абед, гарбата ды вячэра, аднак абед ды гарбата вылучаліся толькі тым, што ўсе госьці разам сядзелі ды елі гуртом. Увесь астатні час проста большасьць сядзела й сілкавалася – ад адзінаццатай да паловы на сёмую, калі пачаліся фаервэркі.

Тут гаспадарыў Гэндальф, бо ён ня толькі прывёз, але й сам прыдумаў і вырабіў іх. I ўсе асаблівыя штукі, сурпрэзы, грамабоі й ракеты запускаў сам. Рэчы больш простыя: ляпалкі, бэхалкі, трэскалкі, агеньчыкі ды іскрунчыкі, паходні, гномавы сьвечкі, эльфавы фантаны, гоблінскія брахалкі ды грыматоўкі – шчодра раздаваліся налева й направа. I ўсе былі проста дзівосныя, бо майстэрства Гэндальфа з гадамі толькі ўзрастала.

Ракеты разьляталіся зіхоткімі птушкамі, якія сьпявалі чароўнымі галасамі. Зялёнымі дрэвамі ўздымаліся фаервэркі: з ствалоў цёмнага дыму распускалася лісьце, нібыта ўмомант праходзіла ўся вясна, з бліскучых галінаў на зьдзіўленых хобітаў сыпаліся вогненныя кветкі – і, ледзь не дакрануўшыся хобітавых павернутых дагары твараў, зьнікалі, пакідаючы салодкі водар. Фантаны мятлушак мігцелі ў лістоце; каляровыя калёны дыму ўздымаліся й ператвараліся ў арлоў, ці ў караблі пад ветразямі, ці ў чароды лебедзяў; чырвоная навальніца пралівалася жоўтым дажджом; купы срэбных дзідаў уздымаліся ў паветра, гарлаючы, рыхтык войска ў сечы, ды падалі ў Ваду-ля-Стромы з шыпеньнем сотні гарачых гадаў. I была яшчэ адна, апошняя, у гонар Більба, неспадзяванка, якая (на што Гэндальф і спадзяваўся) страшэнна напалохала хобітаў. Згасьлі ўсе агні. У паветра ўзьняўся велізарны слуп дыму, набыў абрысы далёкай гары. Верхавіна яе засьвяцілася. І раптам выбухнула зялёным і пунсовым полымем, зь якога вылецеў чырвона-залаты цмок, троху меншы за сапраўднага, але ж насамрэч жахлівы. З пашчы пачвары вылятаў агонь, вочы палалі шаленствам. Равучы, цмок тройчы пракружляў над натоўпам. Хобіты прыгнуліся, шмат хто нават забурыўся ніцма. Цмок пранёсься над імі, нібы хуткасны цягнік, кульнуўся над ракой, ды з аглушальным грукатам выбухнуў над Прырэччам.

– Вось і сыгнал на вячэру! – абвесьціў Більба.

Паніка й агульны жах адразу зьніклі, хобіты паўскоквалі й рынуліся да сталоў. Усіх чакала найшыкоўнейшая бяседа – ну амаль усіх, бо некаторых запрасілі на адмысловую сямейную бяседу ў вялізны намёт з дрэвам. Запрошаных было роўна тузін тузінаў – лічба, якую хобіты звалі "статла", хоць статламі, вядома, народ не падлічвалі – надта ўжо няветліва. Складала гэты тузін тузінаў выбраная Більбава ды Фродава радзіна й некалькі асабістых гасьцей накшталт Гэндальфа. Прысутнічала (з бацькоўскага дазволу, вядома) і шмат маладзёнаў, бо хобіты рэдка забаранялі сваім нашчадкам заставацца цемначы – асабліва калі атрымлівалася пры тым і накарміць іх за так. Малое хабіцяня паспрабуй пракармі.

Сабралася там шмат Торбінсаў і Выкумекаў, Хватаў ды Бронь-Бычаў, колькі розных Кападлаў (радзіна Більбавай бабулькі) і Галавадлаў (сваякоў дзядулі з Хватавага боку) ды Норсаў, Пучлаў, Папружніксаў, Барсуксаў, Дабрацелаў, Рагадзьмуўцаў і Моцаў-Скурланогаў. Некаторыя зь іх нават зь цяжкасьцю падлічылі б, у якой стрэчы яны Більба сваякі, і ў Хобіцку ніколі не былі, жывучы ў найдалейшых кутках Шыру. Не забыліся й на Кесак-Торбінсаў – прысутнічалі Ота з жонкаю Лябэляй. Більба яны не любілі, Фрода ўвогуле ненавідзелі, аднак на запрашэньне, напісанае залатою фарбаю, адмовіцца ня здолелі. Да таго ж сваячок Більба шмат гадоў кшталцаваў кулінарныя веды, і ягоныя застольлі мелі надзвычай добрую рэпутацыю.

Так што ўсе сто сорак чатыры выбраныя госьці чакалі найпрыемнейшай вячэры і... шматочка гадасьці напрыканцы, непазьбежнай Більбавай застольнай прамовы. Бо ён жа мог і да вершыкаў дайсьці, а пасьля келіха-другога віна – і да расповедаў пра бязглуздыя, цьмяныя прыгоды! Госьці, вядома, асабліва не засмучаліся, бо вячэра ж была зь вячэраў, і ня проста вячэра, а баль у поўным сэнсе – доўгі, шыкоўны, з забаўкамі, усяго ўсім хапала з коптурам – потым тыднямі ніхто ў навакольлі ежу амаль не набываў. Але гандляры не пераймаліся: Більбавы замовы спустошылі кладоўкі, пуні й падполы на шмат вёрстаў навокал!