Выбрать главу

– Ён не прыйшоў бы, – зазначыў Гэндальф.

– Ці можна выслаць да яго пасыльных і папрасіць дапамогі? – спытаў Эрэстар. – Падаецца, ён мае моц нават над пярсьцёнкам?

– Не, я так не казаў бы, – паправіў яго Гэндальф. – Хутчэй, гэта пярсьцёнак ня мае моцы над ім. Бамбадзіл – сам сабе гаспадар. Але ўплываць на пярсьцёнак ён ня здольны й ня здольны парушыць пярсьцёнкаву ўладу над астатнімі. Цяпер Бамбадзіл зачыніўся ў межах невялічкага кавалку зямлі, межах, бачных толькі яму. Можа, ён чакае, пакуль надыдзе ягоны час. А пакуль – за гэтыя межы ён ня крочыць.

– Аднак у ягоных межах аніхто яму ня роўня, – сказаў Эрэстар. – Ці ўзяўся б ён вартаваць пярсьцёнак, заўжды ахоўваць ад астатняга сьвету?

– Не, – адмовіў Гэндальф. – З уласнай волі – не. Можа, ён згадзіўся б, каб усе вольныя народы сьвету прасілі яго. Але ж наўрад ці ён зразумее навошта. А калі яму й аддалі б пярсьцёнак, верагодна, ён неўзабаве забыўся б на яго ці ўвогуле выкінуў. Пярсьцёнак – рэч не ягонага сьвету, не ягонага клопату. Цяжка знайсьці больш ненадзейнага й нядбайнага вартаўніка – і тое адно ўжо дастатковы адказ.

– У любым выпадку, – дадаў Гларфіндэль, – адаслаць пярсьцёнак да яго – толькі адцягнуць непазьбежнае. Жытло Бамбадзіла далёка адсюль. Цяпер мы ня здолеем пранесьці пярсьцёнак да яго незаўважаным, непрыкмечаным варожымі паслугачамі. А калі й здолеем – раней ці пазьней Уладар Пярсьцёнкаў вызнае пра схованку Адзінага й усёй сілай абрынецца на яго. Ці вытрымае такую моц Бамбадзіл? Мяркую, не. Мяркую: урэшце, калі загіне ўсё астатняе, паддасца й ён. Сыдзе апошнім – як прыйшоў першым. I тады настане Ноч.

– Я няшмат ведаю пра Ярвэна, апрача імя, – вымавіў Гальдар, – але Гларфіндэль, на мой погляд, мае рацыю. Моц зрынуць ворага ня ў ім, калі толькі тая моц існуе на зямлі. Мы бачылі, Саўрон здольны катаваць і зьнішчаць нават горы. Сілы супрацьстаяць яму яшчэ засталіся тут, у Імладрысе, ды ў Кірдана ў Завані, ды ў Лорыйне. Ці вытрымаюць яны націск Ворага, выстаяць, калі, падмяўшы астатніх, перад імі паўстане сам Саўрон?

– У мяне ня хопіць моцы, – сказаў Эльранд. – У астатніх таксама.

– У такім разе, калі ўжо пярсьцёнак немагчыма абараніць сілай, – працягнуў Гларфіндэль, – застаецца толькі два выйсьці: паспрабаваць ці адаслаць яго за мора, ці зьнішчыць.

– Гэндальф давёў нам, што аніякімі нашымі сродкамі мы пярсьцёнак ня зьнішчым, – вымавіў Эльранд. – А тыя, хто жыве ў Замор'і, ня прымуць яго. Бо ён, на дабро ці на ліха, належыць сьвету Міжзем'я й ня здольны яго пакінуць. Ён скаваны зь лёсам нашага сьвету, і толькі мы, пакуль мы ягоныя жыхары, можам гэты лёс вырашыць.

– Тады, – прапанаваў Гларфіндэль, – кіньма пярсьцёнак у глыбіні мора. Няхай Саруманава хлусьня ўпраўдзіцца. Бо цяпер відавочна: ужо на Радах ён падманваў наш слых на карысьць сабе. Ведаў, што пярсьцёнак не згубіўся назаўсёды, але пабуджаў нас гэтак лічыць. Ён ужо тады прагнуў завалодаць ім. Тым ня менш часьцяком хлусьня хавае ісьціну: у моры пярсьцёнак супакоіцца ў бясьпецы.

– Але не назаўжды, – запярэчыў Гэндальф. – Шмат пачвараў жыве ў глыбінях. З часам зьмяняюцца й мора, і зямля. А нам тут неабходна вымеркаваць і вырашыць будучыню не на месяц наперад, не на час некалькіх людзкіх пакаленьняў ці нават на сыходную эпоху нашага сусьвету. Мы павінны скончыць з пагрозай раз і назаўсёды, нават калі надзеі на зьдзяйсьненьне таго амаль няма.

– I яшчэ меней надзеі на тое зьдзяйсьненьне, калі абраць шлях да мора, – сказаў Гальдар. – Бо калі вяртаньне да Ярвэна падаецца небясьпечным, дык рухацца да мора тым больш. Прадчуваю: Саўрон палічыць, што мы рушым на захад, як толькі даведаецца пра падзеі. А ён даведаецца хутка. Дзевяцёра страцілі скакуноў, але тое часовая затрымка, неўзабаве ім дадуць новых, спрытнейшых. Толькі падточаная моц Гондару не дае Ворагу выправіць войска ўздоўж берагу на поўнач, асадзіць Белыя вежы й Завань і не дазволіць эльфам пакінуць Міжзем'я, агорнутага ценем.

– Тое войска выправіцца ня хутка, – вымавіў Барамір. – Ты кажаш: падточаная моц Гондару. Падточаны ці не, Гондар стаіць, і нават такая моц Ворагу не па зубах.

– Але Гондар не стрымаў Дзевяцярых – яны бесьперашкодна сягнулі Захаду, – заўважыў Гальдар. – Ёсьць і іншыя шляхі, якія не пільнуе Гондар.

– Тады, – прамовіў Эрэстар, – нам сапраўды застаюцца два выйсьці, як і давёў Гларфіндэль, – схаваць пярсьцёнак назаўсёды ці зьнішчыць яго. I абодва па-за нашымі сіламі. Хто разгадае гэтую загадку для нас?

– Аніхто з прысутных, – сказаў Эльранд сувора. – Аніхто ня здольны прадказаць, што атрымаецца, калі мы абярэм той або іншы шлях. Але мне вырашэньне ўяўляецца ясна. Шлях на захад падаецца лягчэйшым. Таму крочыць па ім нельга. За ім назіраюць. Бо эльфы заўжды ўцякаюць да мора. Зараз надышоў час ісьці складаным шляхам, шляхам непрадбачаным. У самае жэрава сьмерці – у Мордар. Пярсьцёнак неабходна зрынуць у полымя.