Выбрать главу

Зноў павісла цішыня. Нават седзячы ў файнай прыгожай залі, паглядаючы на сонечную даліну пад радасны плёскат струменю, Фрода адчуваў сьмяротны, чорны цяжар на сэрцы. Барамір паварушыўся, і Фрода павярнуўся ў ягоны бок. Ваяр хмурыўся, задумліва мацаючы свой паляўнічы рог. Нарэшце падаў голас.

– Я ніяк не магу зразумець: Саруман, вядома, здраднік, але ж ці ня ёсьць у ягоных меркаваньнях каліва мудрасьці? Чаму вы кажаце адно: схаваць, зьнішчыць? Чаму не палічыць, што Вялікі Пярсьцёнак патрапіў да нас, каб дапамагчы ў час найвялікшай патрэбы? Зь ім вольныя гаспадары вольных народаў, безумоўна, перамогуць Ворага! Мяркую, гэтага баіцца ён болей за ўсё! Людзі Гондару мужныя й годныя, аніколі яны ня схіляцца перад Ворагам, але ягоная моц можа перамагчы нас. Мужнасьці трэба перш за ўсё сіла, а потым ужо зброя. Няхай пярсьцёнак стане нашай зброяй, калі ён сапраўды гэткі магутны, як вы кажаце. Возьмем яго й рушым да перамогі!

– На жаль, не, – прамовіў Эльранд. – Нам немагчыма выкарыстаць Пярсьцёнак Улады. Цяпер мы вельмі дакладна тое ведаем. Ён належыць Саўрону, толькі адному яму. Ён суздрам – увасобленае ліха. Моц ягоная невымерная, сьмяротная, невыносная анікому, апрача тых, хто й без таго валодае вялікай сі лай. Але для іх ён яшчэ небясьпечнейшы, бо нават адна прага валодаць ім зжарэ сэрцы й душы. Узгадай Сарумана. Калі хто-небудзь з мудрых выкарыстае пярсьцёнак, каб скінуць Уладара Мордару ягонымі ж сродкамі, непазьбежна зойме ягоны ж пасад, і ў сусьвеце зьявіцца новы Чорны Ўладар. Гэта яшчэ адна нагода, каб зьнішчыць пярсьцёнак. Пакуль ён існуе ў гэтым сьвеце, ён заўжды небясьпека нават і мудрым. Аніхто ня быў злы ад нараджэньня. Нават Саўрон. Што тычыцца мяне – я не адважуся хаваць пярсьцёнак і заўжды ведаць, дзе ён. I аніколі не скарыстаюся ім.

– Я таксама, – дадаў Гэндальф.

Барамір зірнуў на іх з сумневам, але ўсё ж хіснуў галавою ў знак згоды.

– Няхай будзе так. Тады Гондару трэба разьлічваць толькі на ўласную зброю. Пакуль мудрыя ахоўваюць пярсьцёнак, мы будзем змагацца. Магчыма, меч, што быў зламаны, дапаможа стрымаць навалу, калі рука, якая валодае ім, атрымала ў спадчыну ня толькі даўні скарб-кляйнод, але й даўнюю сілу людзкіх каралёў.

– Хто ведае, – азваўся Арагорн, – але надыдзе дзень – і мы праверым гэта.

– Спадзяюся, неўзабаве, – адказаў Барамір. – Бо хоць я й не прашу дапамогі, яна нам сапраўды патрэбная. Нас узбадзёрыць і абнадзеіць тое, што астатнія таксама змагаюцца ва ўсю сваю моц.

– Ведай, што менавіта гэтак яно й ёсьць, – адгукнуўся Эльранд. – Бо існуе шмат каралеўстваў і валадарстваў, невядомых табе. Андуйн Вялікі цячэ праз мноства земляў да таго, як сягае Арганатаў і Брамы Гондару.

– Аднак лепей было б аб'яднаць сілы ўсіх тых каралеўстваў і валадарстваў, – прамовіў гном Глойн, – ды накіраваць адзінаю рукою. Дый ня толькі іх. Бо ёсьць жа іншыя пярсьцёнкі; і не такой здраднай моцы, прыдатныя ў гадзіну нашай бяды. Сем пярсьцёнкаў мы страцілі, калі, вядома, Балін не адшукаў пярсьцёнак Трора, апошні зь іх. Пра яго мы анічога ня чулі з часоў, калі Трор загінуў у Морыі. Лічу, цяпер я магу прызнацца, што часткова з-за таго пярсьцёнка Балін і выправіўся ў Морыю, спадзеючыся адшукаць яго.

– Балін ня знойдзе пярсьцёнка ў Морыі, – запярэчыў Гэндальф. – Трор аддаў пярсьцёнак свайму сыну Трайну, але Трайн не перадаў пярсьцёнка свайму сыну Торыну. Катаваньнем пярсьцёнак аднялі ў Трайна ў скляпеньнях Дул Гулдуру. Я прыйшоў туды надта позна.

– А-а! – выклікнуў Глойн. – Калі ж надыдзе дзень нашай помсты?! Аднак яшчэ ж ёсьць тры эльфскія кляйнодзікі. Што зь імі? Кажуць, яны таксама вельмі магутныя. Ці ж не валода юць імі эльфскія правадыры? Тыя пярсьцёнкі таксама былі вырабленыя Ворагам у даўніну. Ці ж іх ліха сьпіць? Я бачу ўладароў эльфскіх плямёнаў тут. Што яны скажуць?

Эльфы не адказалі нічога.

– Ці ты ня слухаў мяне? – перапытаў нарэшце Эльранд. – Тры эльфскія пярсьцёнкі зрабіў не Саўрон. Ён нават не крануў іх. Але пра іх распавядаць не дазволена. Толькі гэта я й магу сказаць у гадзіну сумневаў. Тыя пярсьцёнкі не бескарысныя. I магутныя. Але ня як зброя вайны й прымусу – ані ў гэтым іх здольнасьць. Тыя, што стварылі іх, ня прагнулі ні сілы, ні ўлады, ні неабсяжных скарбаў – толькі разуменьня, майстэрства, лекаваньня, захаваньня ўсяго добрага й файнага ад згубы й ценю. I гэтага эльфы Міжзем'я ў пэўнай меры дасягнулі, хоць і напаткалі шмат гора на шляху. Калі Адзіным завалодае Саўрон, усё, створанае ахавальнікамі трох, абрынецца, абернецца ім жа на згубу. Усе іхнія думкі адкрыюцца Саўрону, усе пляны. Гэта ягоная мэта... Лепей было б, калі б тры аніколі не існавалі.