– А што адбудзецца, калі зьнішчыць Адзіны, як вы й раілі? – пацікавіўся Глойн.
– Дакладна невядома, – сумна адказаў Эльранд. – Некаторыя спадзяюцца, што тры пярсьцёнкі, якія Саўрон аніколі не кранаў, тады вызваляцца й іх гаспадары ацэляць раны нашага сусьвету. Але магчыма, з сыходам Адзінага пазбавяцца моцы й астатнія пярсьцёнкі, і мноства рэчаў цудоўных і добрых сыдуць разам зь імі – сыдуць і забудуцца. Так лічу я.
– Аднак усе эльфы згодныя рызыкнуць такімі стратамі, – дадаў Гларфіндэль, – калі толькі моц Саўрона й жах перад ягонай уладай можна зьнішчыць назаўжды.
– Што зноў вяртае нас да зьнішчэньня пярсьцёнка, – падсумаваў Эрэстар, – і не прасоўвае наперад ані на крок. Якімі сіламі сягнем мы полымя, у якім быў скаваны пярсьцёнак? Гэта шлях адчаю. Ці, я сказаў бы, глупства, калі б ня ведаў пра абсяг Эльрандавай мудрасьці.
– Адчай ці глупства? – спытаў Гэндальф. – Адчай хіба толькі для тых, хто ўжо ня мае сумневаў у пагібельным выніку. Мы – маем. Мудрасьць якраз у тым, каб прыняць неабходнае, узважыўшы й абмеркаваўшы астатняе, хоць тым, хто чапляецца за хісткую надзею, мудрасьць і падаецца глупствам. Ну дык няхай глупства стане нашай заслонай, маной перад вачыма Ворага! Бо ён – надзвычай мудры й узважвае рэчы найдакладнейшым чынам паводле свайго вымярэньня. Але ж ягонае вымярэньне – толькі прага моцы ды ўлады. Імі ён вымярае ўсе сэрцы. І таму да яго ня прыйдзе думка, што нехта можа адмовіцца ад улады; маючы пярсьцёнак – намагацца яго зьнішчыць, а ня выкарыстаць. Таму мы здольныя зблытаць усе ягоныя пляны й разьлікі.
– На пэўны час, прынамсі, – дадаў Эльранд. – Гэтым шляхам нам трэба крочыць, хоць ён і надзвычай цяжкі. Ані моц, ані мудрасьць не правядуць нас па ім. Слабыя адужаюць яго, мажліва, хутчэй за моцных. Бо часьцяком так зьдзяйсьняецца тое, што рухае колы нашага сусьвету. Малыя рухаюць іх, выконваючы свой абавязак, пакуль вялікія імкнуцца да ўласных мэтаў.
– Файна, файна, спадарыку Эльрандзе! – ублытаўся раптам Більба. – Болей ня трэба казаць анічога! Ужо відавочна, куды вы кіруеце. Няўклюды хобіт Більба заварыў гэтую кашу, дык лепей яму яе й даесьці ці ёй яго. Мне вельмі ўтульна тут, і кніжка мая пісалася файна. Калі хочаце ведаць, я ўжо й заканчэньне для яе прыдумаў. Меркаваў, скончу так: "I пасьля ўсяго ён жыў шчасьліва да скону сваіх дзён". Добры канец, ня горшы за ранейшы. Цяпер, відавочна, давядзецца крыху зьмяніць, бо ён ужо не адпавядае ісьціне. Дый шчэ колькі частачак дапісаць давядзецца, без сумневаў, калі я дажыву да магчымасьці іх напісаць. Ну які клопат! Калі мне выходзіць?
Барамір зірнуў на Більба зьдзіўлена, але сьмех замер на ягоных вуснах, калі ён пабачыў, што ўсе астатнія глядзяць на старога хобіта зь суворай павагай. Толькі Глойн усьміхнуўся, бо згадаў былое.
– Так, так, даражэнькі мой Більба, – сказаў Гэндальф. – Калі б на самай справе гэтая гісторыя пачалася зь цябе – табе было б і сканчаць яе. Але ж ты ведаеш цяпер; пачаць гісторыю – наўрад ці пад сілу найвялікшым з герояў. Усе яны толькі гуляюць ролі, невялічкі ўласны кавалак на агульнай карціне. Не крыўдуй: мы зразумелі, што за жартам ты прыхаваў сапраўдную мужнасьць. Аднак цяпер несьці яго – па-за тваімі сіламі. Ты ня здолееш зноў прыняць яго. Ён ужо – не тваё бярэмя, ён пакінуў цябе. Калі ты яшчэ хочаш выслухаць мае парады, я скажу: твой удзел у гэтай гісторыі скончыўся. Хіба што ты зробісься яе летапісцам. Сканчай кнігу й пакінь фінал, якім яго выдумаў. На гэта ёсьць надзея. I падрыхтуйся пісаць працяг, калі вернуцца новыя героі.
– Ну ніколі раней ня чуў ад вашці такой прыемнай парады: супакоіцца й пасядзець на месцы! – Більба засьмяяўся. – Усе непрыемныя парады абярнуліся слушнымі. Цікава, ці не абернецца прыемная благой? Так, наўрад ці цяпер у мяне стане сілаў і ўдачы на пярсьцёнак. Ягоная моц узрасла, а я ж толькі старэю. Але скажы мне: каго ты назваў новымі героямі?
– Тых, хто панясе пярсьцёнак.
– Менавіта так! І хто ж яны? Падаецца мне, адно гэтае Рада й павінна вырашыць. Дзеля таго й сабраліся. Эльфы могуць сілкавацца словамі, вядома, і гномская вытрымка знакамітая паўсюль, але я ўсяго толькі стары хобіт, і для мяне прапусьціць другі сьняданак – катастрофа. Ці прыйшлі вам да галоваў імёны тых герояў? Ці вырашацьме пасьля абеду?