Выбрать главу

Адказу не было. Прабіла поўдзень. Аніхто не парушаў цішыні. Фрода азірнуўся – ніхто не глядзеў на яго. Уся Рада сядзела, апусьціўшы галовы, занураная ў глыбокі роздум. Цяжкі жах лёг на Фродава сэрца – быццам ён чакаў абвяшчэньня жорсткага прысуду, пра які даўно ведаў, але спадзяваўся, адчайна, манячы сабе самому, яго пазьбегнуць. Толькі б застацца ў Долым Яры, побач зь Більба, у спакоі ды ўтульнасьці. Нарэшце Фрода загаварыў – і зьдзівіўся, пачуўшы свой голас. Нібыта нехта іншы выцягваў сілаю ледзь чутныя слабыя словы.

– Я панясу пярсьцёнак. Толькі я ня ведаю шляхоў у Мордар.

Эльранд падняў галаву, і Фрода адчуў, як ягоны позірк працяў наскрозь ягонае сэрца.

– Калі я зразумеў дакладна тое, што пачуў тут, менавіта табе прызначанае гэтае зьдзяйсьненьне. Калі ня здолееш ты – ня здолее ніхто. Надышоў час шырскага народу паўстаць ад сваіх мірных палеткаў ды крочыць наперад у вежы мудрых і на рады вялікіх. Хто з мудрых прадбачыў такое? Ці хоць яны й мудрыя, як магла прыйсьці да іх такая думка, пакуль не надышоў прызначаны час?

– Ты бярэш на сябе цяжкое бярэмя. Такое цяжкое, што аніхто ня мае права ўзваліць яго на цябе. Я таксама ня маю такога права. Аднак калі ты з уласнай волі бярэсься за яго, скажу так: ты вырашыў слушна. I калі б усе героі й сябры эльфаў даўніны Хадар, Хурын і Турын, і нават сам Бэрэн сабраліся б тут, тваё месца справядліва было б сярод іх.

– Але ж вы ня выправіце яго аднога, праўда, спадару Эльрандзе?! – выкрыкнуў Сэм, няздольны болей трываць, і выскачыў з кута, дзе ўвесь час ціхенька сядзеў на падлозе.

– Вядома, не! – гукнуў Эльранд, з усьмешкай павярнуўшыся да Сэма. – Ты дакладна пойдзеш зь ім разам. Наўрад ці магчыма разлучыць вас, калі ён атрымаў запрашэньне на таемную Раду, а ты – не.

Сэм сеў на месца, чырванеючы й мармычучы пад нос.

– Ну, у гэткае ўзварава ўляпалі вы нас, спадарыку Фрода! – вымавіў, хістаючы галавою.

3. Пярсьцёнак выпраўляецца на поўдзень

Тым самым днём хобіты зладзілі ўласную раду, сабраўшыся ў Більбавым пакоі. Мэры й Піпін сьмяротна пакрыўдзіліся, калі пачулі, што Сэм употайкі пралез на Раду Эльранда й быў абраны спадарожнікам Фрода.

– Дзе ж тут справядлівасьць? – абураўся Піпін. – Заміж каб выкінуць яго з залі за нахабства – ды ў кайданы, Эльранд вось так запроста яго ўзнагароджвае!

– Узнагароджвае? – зьдзівіўся Фрода. – Ды я не магу ўявіць сабе горшага пакараньня! Ты зусім ня думаеш, што гаворыш. Называеш безнадзейную пагібельную выправу ўзнагародай? Яшчэ ўчора я марыў, каб усе мае турботы скончыліся тутака, каб я мог адпачыць у Гасьцінным Прытулку, а мо й увогуле застацца.

– Ну, гэта мяне ня дзівіць, – зазначыў Мэры. – Гэта было б файна. Але мы зайздросьцім не табе, а Сэму. Калі ўжо табе прызначана йсьці, значыць кожнаму з нас пакараньне – застацца, няхай і ў Долым Яры. Мы шмат прайшлі поплеч з табою, шмат чаго зьведалі. Мы хочам ісьці разам і далей.

– Тое й я меў на ўвеце, – дадаў Піпін. – Нам, хобітам, трэба

трымацца разам – і мы будзем. Я пайду ў любым выпадку, хіба што мяне пасадзяць на ланцуг. Трэба ж некаму разумнаму быць у вашай кампаніі.

– Гэтая роля дакладна не для цябе, Перыгрын Хват! – заўважыў Гэндальф, зазіраючы ў нізкае вакно звонку. – Вы дарма турбуецеся. Анічога яшчэ ня вырашана.

– Анічога яшчэ ня вырашана!? – заекатаў Піпін. – Дык чым вы ўсе займаліся? Вы суцэльныя гадзіны праседзелі там зачыніўшыся!

– Мы галоўным чынам распавядалі, – давёў Більба. – Нямала навінаў абвесьцілі, і для кожнага знайшлося нешта, каб ад зьдзіўленьня вочы вырачыць. Нават для старыны Гэндальфа. Мяркую, Ляголасавы навіны пра Глыксавы ўцёкі былі яму неспадзеўкай, хоць ён ня выказаў.

– Памыляесься, – запярэчыў Гэндальф. – Ты слухаў няўважліва. Я ўжо чуў гэта ад Гвайхіра. Калі хочаш, па-сапраўднаму вочы вырачыўшы, як ты меў ласку зазначыць, сядзелі толькі вы з Фрода. А я, адзіны з усіх, не пачуў анічога новага.

– Ну, так ці інакш, – сказаў Більба, – анічога ня вырашылі, апроч як прызначылі небаракаў Фрода з Сэмам. Я ўвесь час баяўся, што так станецца, калі не абяруць мяне. Мяркую, Эльранд дачакаецца зьвестак пра вакольны сьвет ад выведнікаў, а тады далучыць каго-кольвек да Фрода, ці ня так? Дарэчы, ці выслалі ўжо вывед?

– Так, – пацьвердзіў Гэндальф. – Некаторыя выправіліся. Астатнія выедуць раніцою. Эльранд даслаў сваіх эльфаў, тыя сустрэнуцца зь сьледапытамі, магчыма, зь ліхалескімі эльфамі таксама. Арагорн рушыў з Эльрандавымі сынамі. Трэба ж праверыць краі на шмат міляў вакол перад тым, як ісьці зь пярсьцёнкам. Таму, Фрода, ня вешай носу – табе яшчэ доўга спаць пад гэтым дахам.