– Вох, – паныла ўздыхнуў Сэм, – вось так і зімы дачакаемся.
– Ну, тут анічога ня зробіш, – суцешыў Більба, – не без тваёй віны, Фрода, хлопчык мой. Ты ж чакаў маіх народзінаў. Дзіўнюткі манер ушанаваць іх ты знайшоў, даражэнькі. Наўрад я абраў бы менавіта гэты дзень, каб аддаваць Кескам Торбу-пад-Стромай. А цяпер: да вясны адцягваць нельга й нельга выпраўляцца без навінаў.
– Баюся, менавіта так вам і выпадзе.
– Баюся, тут ты маеш рацыю, – пагадзіўся Гэндальф. – Нам нельга рушыць, пакуль невядома, дзе Вершнікі.
– Я думаў, яны ўсе загінулі ў Бруйнене, – сказаў Мэры.
– Прывідаў пярсьцёнка гэтак проста ня зьнішчыць. Яны магутныя моцай свайго гаспадара. Пакуль стаіць ён – вытрымаюць і яны. Спадзяемся, што яны цяпер пазбаўленыя коней ды магчымасьці маскавацца пад жывых і таму меней небясьпечныя. Але тое трэба пацьвердзіць. А датуль забудзься на клопаты й беды, Фрода. Ня ведаю, чым табе дапамагчы, але хоць шапну на вуха сёе-тое: хтось казаў што некаму разумнаму трэба быць у вашай кампаніі. Ён меў рацыю. Спадзяюся, я выпраўлюся з вамі.
Фрода гэтак узрадаваўся, што Гэндальф нават зьлез з прываконьня, дзе сядзеў, зьняў капялюш і пакланіўся. I дадаў:
– Я сказаў – спадзяюся. Тое шчэ ня вырашана конча. Шмат заважыць апошняе слова Эльранда ды вашага сябра Швэндала. Што й нагадвае мне пра неабходнасьць тэрмінова пабачыць гаспадара. Трэба йсьці.
– Як лічыш, колькі часу ў мяне засталося тут? – спытаў Фрода ў Більба, калі Гэндальф сышоў.
– Вох, ня ведаю. У Долым Яры дні ня лічацца. Нямала, я мяркую. Хопіць на шмат добрых бяседаў. Як наконт дапамагчы мне з кнігаю ды з пачаткам наступнай, га? Ці думаў ты ўжо пра яе заканчэньне?
– Так, нават пра некалькі – адно чарнейшае за другое.
– Ну, гэтак ня пойдзе! – усклікнуў Більба. – Кнігі павінны сканчацца добра. Як наконт: "Тады яны, нарэшце, зажылі ў спакоі ды шчасьці да скону сваіх дзён"?
– Файны канец, калі б толькі да яго дайшло.
– Але, – дадаў Сэм. – Толькі дзе яны жывуць у тым шчасьлівым спакоі – вось што мне цікава.
Пэўны час хобіты размаўлялі, узгадвалі былую вандроўку й разважалі пра небясьпекі наперадзе, але ж у Долым Яры немагчыма доўга турбавацца ці непакоіцца. Нават блізкая й відочная будучыня, добрая ці ліхая, тут ня мела ўлады над сучаснасьцю, не азмрачала яе. Кожны дзень дадаваў моцы целу й надзеям, і хобіты проста віталі кожны ранак, не задумваючыся, шчыра радуючыся кожнаму пад'едку, кожнаму слову й песьні.
Гэтак струменілі й сьцякалі дзень за днём, і кожная раніца сьвяціла зырка й чыста, і кожны вечар быў прахалодны й ясны. Але восень памірала: залатое сьвятло паволі цьмянела, вытанчылася да бляклага срэбра, і апошнія лісты пакінулі гальлё. Узьняўся халодны вецер з усходу, ад Туманных гор. Выкруглілася, высьвецілася ў начных нябёсах Паляўнічая Поўня, захіляючы зоры. Толькі нізка на поўдні самотная зорка зьзяла барваю. Штоночы месяц выцьвітаў, а яна зырчэла. Фрода бачыў яе за сваім акном – быццам палымянае вока нябеснага вартавога, што цікуе па-над дрэвамі з-за краю даліны.
Амаль два месяцы пражылі хобіты пад Эльрандавым дахам. Лістапад зьнёс з сабою апошнія прыкметы восені й сьнежань ужо састарэў, калі нарэшце вярнуліся выведнікі. Некаторыя – з поўначы, сягнуўшы праз Тролевы Логі нават за вытокі Шэрані, некаторыя – з усходу, абшукаўшы з дапамогаю Арагорна й сьледапытаў краі далёка за Шэраводзьдзем, ажно да Тарбаду, дзе стары Паўночны Шлях перасякаў раку побач з разбураным горадам. Шмат выведнікаў пабывала на ўсходзе й поўдні, некаторыя перабраліся праз горы й сягнулі Ліхалесься, іншыя прайшлі перавалам да вытокаў Квяты, спусьціліся праз глухамань ды Квятныя Панізьзі, дабраліся да былога жытла Радагаста ў Разгабэлі. Радагаста там не знайшлі й вярнуліся празь перавал Дымрыльская Лесьвіца, высокі й небясьпечны. Апошнімі з найдаўжэйшай вандроўкі вярнуліся Эльрандавы сыны, Эладар і Эльрохір. Яны спускаліся па Срабрынцы ў запаветныя краі Лорыйну, але свае зьвесткі давялі адному Эльранду.
Анідзе пасланцы не знайшлі аніякіх прыкметаў ці вестак пра Чорных Вершнікаў ці пра іншых варожых паслугачоў. Нават арлы Паўночных гор навінаў ня мелі. Пра Глыкса таксама анічога. Але ваўкі зноў зьбіраліся ў зграі й заходзілі, палюючы, далёка ўверх па Андуйне. Целы трох чорных коней знайшлі ля Бруйненскага броду, ніжэй на камянёх цясьнінаў ляжалі яшчэ пяць, а таксама доўгі чорны плашч, разадраны й працяты. Саміх Вершнікаў нават і прысутнасьці не адчувалася – напэўна, яны ўвогуле пакінулі Поўнач.