Выбрать главу

Апасьля застольля (прынамсі бліжэй да заканчэньня) надышоў час Прамовы. Большасьць гасьцей дасягнула ўжо цярплівага настрою, той найцудоўнейшай стадыі наедку, пра якую кажуць "штосьці ўпала на дно страўніка". Госьці смакавалі ўлюбёныя трункі, адшчыпвалі кавалачкі ўпадабаных ласункаў – і забыліся на ўсе страхі перад Прамовай. Яны падрыхтаваліся слухаць што заўгодна й шчыра вітаць прамоўцу, калі толькі ён зробіць ласку прыпыніцца.

– Мае даражэнькія! – і Більба паўстаў.

– Слухайце, слухайце, слухайце! – загаласілі ўсе даражэнькія, і ўсё паўтаралі й паўтаралі, відавочна не жадаючы слухаць сваю ж уласную параду. Більба пакінуў месца, пайшоў пад сьвяточнае дрэва, асьветленае ліхтарыкамі, ды стаў на крэсьліца. Ён усьміхаўся, і сьвятло ад ліхтарыкаў зьзяла на ягоным задаволеным твары, і паблісквалі на вышыванай шоўкам камізэльцы залатыя гузікі. Цяпер усе бачылі яго. Трымаючы адну руку ў кішэні нагавіцаў, ён памахаў другой, просячы ўвагі.

– Даражэнькія мае Торбінсы й Выкумекі! – пачаў ён Прамову зноўку. – Ласкавыя мае Хваты й Бронь-Бычы, Кападлы ды Галавадлы, Норсы, Пучлы, Папружніксы, Барсуксы, Дабрацелы, Рагадзьмуўцы ды Скурланогі!

– Моц-Скурланогі! – адгукнуўся стары хобіт з дальняга канца стала. Вядома, яго клікалі Моц-Скурланог, і нездарма, бо ногі ў яго былі й сапраўды надзвычай моцныя ды патлатыя – і хто заўгодна мог гэта пацьвердзіць, бо стары ўзгрувасьціў іх проста на стол для агульнага агляду.

– Моцныя Скурланогі, – "паправіўся" Більба, – а таксама мае добрыя Кескі-Торбінсы, што нарэшце завіталі ў Торбу-пад-Стромай. Сёньня мне споўнілася сто адзінаццаць гадоў! Адзінастасьця адзін!

– Ура! Ура! Яшчэ столькі! – загаласілі хобіты, затарабаніўшы па сталах. Вось такое яны любілі: коратка й ясна.

– Спадзяюся, усім вам гэтаксама прыемна, як і мне!

Гармідар паўстаў аглушальны: крыкі "так" (і "не"), гукі ражкоў, дудак, і флейтаў, і ўсяго іншага, што толькі магло гучаць. Як ужо распавядалася, тут было шмат маладых хобітаў. Яны ляпалі ў чароўныя ляпалкі, бэхалі ў бэхалкі ды трэскалі ў дзівосныя трэскалкі ледзь ня сотнямі. На гэтых цудоўных забаўках значылася Дол, і хоць слова гэтае большасьці анічога не казала, усе пагаджаліся: рэчы незвычайныя. Сярод іх былі маленькія надзвычай файна вырабленыя музычныя інструмэнты з выдатным гучаньнем. I ўжо ў адным куце маладыя Хваты й Бронь-Бычы, палічыўшы, што дзядзька Більба скончыў – бо, відаць, усё сказаў, што хацеў, а навошта болей? – скампанавалі аркестрык дый зайгралі скокі! Спадарыч Эверард Хват і спадарычня Мялілія Бронь-Бычанка забраліся на стол ды з званочкамі ў руках затанчылі "Скокі-дрыкі"! Прыемны танец, але ж крыху шалёны.

Аднак Більба яшчэ ня скончыў. Выхапіў рог у найбліжэйшага хабіцяняці й пратрубіў тройчы. Гармідар крыху сьцішыўся.

– Я не затрымаю надоўга!

Госьці дружна павіталі гэтыя словы.

– Я вас сабраў дзеля Мэты!

Нешта такое прагучала ў ягоным голасе, што амаль усе змоўклі, а пара Хватаў нават падрыхтавалася слухаць.

– Нават дзеля трох Мэтаў! Першая – абвесьціць: я ўсіх вас люблю! З такімі, як вы, незвычайнымі, файнюткімі хобітамі сто адзінаццаць гадоў пражыць – мала!

Заля выбухнула вітаньнямі.

– Добрай паловы з вас я ня ведаю так, як трэба, а горшая мне падабаецца меней, чым таго вартая!

Гэта было нечакана й надта складана. Нехта запляскаў, але ж большасьць задумалася: камплімэнт гэта ці наадварот?

– Другая – мой Дзень Нараджэньня!

Зноў вітаньні.

– Скажу болей: нашага нараджэньня, бо сёньня таксама й дзень народзінаў майго пляменьніка й спадчыньніка Фрода! Сёньня ён дасягнуў сталасьці й правоў валоданьня.

Раз-пораз, хутчэй, зь ветлівасьці папляскалі старэйшыя, маладзейшыя ж загаласілі:

– Фрода! Фрода! Жыве Фрода!!

Кескі-Торбінсы скрывіліся, намагаючыся ўцяміць, як гэта: "дасягнуў правоў валоданьня".

– Разам нам сто сорак чатыры. I вас таксама сто сорак чатыры. Я абраў вас дзеля гэтай адметнай лічбы: статла, так бы мовіць.

Тут ужо ніхто ня пляскаў. Глупства якое! Многія, асабліва Кескі-торбінсы, пакрыўдзіліся: няўжо родзіч паклікаў іх, каб дабраць да лічбы. Фу, статла! Як няветліва.