Выбрать главу

– А вяроўка? – прамармытаў раздражнёна. – Вяроўкі няма. Мінулай жа ноччу казаў сабе: Сэм, як наконт кавалачка вяроўкі? Вось яна якраз і спатрэбіцца, калі ўжо ня ўзяў. Ну што паробіш, дзе яе цяпер дастаць?

У гэты момант зьявіліся Гэндальф з Эльрандам. Эльф заклікаў усіх вандроўнікаў да сябе.

– Вось вам маё апошняе слова, – ціха вымавіў Эльранд. – Ахоўнік Пярсьцёнка выпраўляецца да гары Выраку. Адказнасьць за лёс пярсьцёнка – на ім адным. Яму нельга ані выкідаць пярсьцёнак, ані дазволіць яму патрапіць у рукі паслугача Ворага, дый увогуле нельга, каб хто-небудзь кранаў яго, апрача хіба яго спадарожнікаў – сяброў Зьвязу Пярсьцёнка – ці Рады мудрых, дый тое падчас найвялікшай патрэбы. Спадарожнікі Ахоўніка ідуць разам зь ім з уласнай волі й жаданьня, каб дапамагчы яму на шляху. Кожны зь іх можа затрымацца дзе заўгодна, павярнуць назад ці пайсьці сваім шляхам, калі спатрэбіцца. Чым далей вы пойдзеце, тым цяжэй будзе пакінуць Зьвяз. Аднак аніякая клятва не прымушае вас, аніякія абяцаньні ня лучаць вас з Ахоўнікам. Анічога не павінна абцяжарваць вашую ўласную волю, бо вы ня ведаеце яшчэ памеру сваёй рашучасьці й сілаў, і немагчыма прадказаць, якія выпрабаваньні кожны з вас напаткае.

– Трусам завецца той, хто пакідае сяброў у чорны час, – вымавіў гном Гімлі.

– Мажліва, – сказаў Эльранд, – але няхай не сьпяшаецца клясца, што пройдзе цемру, той, хто ня бачыў яшчэ й прыцемку.

– Аднак клятва можа ўзмацніць аслаблую мужнасьць.

– Ці ўвогуле пазбавіць яе. Не сьпяшайцеся загадваць далёка наперад! Не трывожцеся, крочце адважна! Да пабачэньня й добрай дарогі! Надзеі эльфаў і людзей, усіх вольных народаў – з вамі! Хай зоры заўжды асьвятляюць вашыя твары!

– Посьпеху... няхай усё атрымаецца! – выгукнуў Більба, дрыжучы ад холаду. – Фрода, хлопчык мой, напэўна, весьці дзёньнік ты ня здолееш, але ж я спатрабую найдакладнейшы расповед пра ўсё, калі вернесься. Не марудзь! Да пабачэньня!

Многія з Эльрандавага народу выйшлі вонкі разьвітацца зь Зьвязам Пярсьцёнка й напаўголасу жадалі вандроўнікам добрай дарогі. Ніхто не сьмяяўся, ня чулася ані музыкі, ані сьпеваў. Нарэшце адзін за адным эльфы сышлі прэч, зьніклі ў змроку за сьпінамі.

Вандроўнікі перайшлі мост і павольна пацягнуліся ўгору па пятлястай сьцежцы на стромым схіле, якая выводзіла з глыбокай даліны Долага Яру. Караскаліся доўга й выбраліся на пласмагор'е, дзе вецер сьвісьцеў у верасах. Кінулі позірк на Апошні Гасьцінны Прытулак, на агеньчыкі далёка ўнізе, – і крочылі прэч, у халодную начную цемру.

Ля Бруйненскага броду падарожнікі пакінулі Шлях і рушылі на поўдзень вузкімі сьцежкамі, што віліся між пагоркамі й цясьнінамі. Так мерыліся кіравацца ўздоўж заходняга краю Туманных гор цягам многіх вёрстаў і дзён. Тут мясьціны былі значна дзічэйшыя й пусьцейшыя, чым у глухамані ўздоўж даліны Вялікай ракі, па другі бок хрыбта. Перасоўваліся павольней, але й шанцаў схавацца ад варожых вачэй было болей. Саўронавы віжы рэдка наведвалі гэтую пустую й негасьцінную зямлю, і сьцежкі па ёй ведаў хіба толькі долаярскі народ.

Наперадзе звычайна крочыў Гэндальф, побач з Арагорнам, які ведаў мясцовасьць і мог весьці па ёй нават у цемры. Астатнія цугам ішлі за імі. Ляголас, з найвастрэйшым за ўсіх зрокам, трымаўся ззаду.

Першую частку вандроўкі Фрода амаль не запомніў. Было цяжка, сумна й халодна. Застаўся ў памяці толькі няспынны вецер, ільдзяны й пранізьлівы. Шэрагам бяссонечных дзён дзьмуў ён з гор, і аніякая вопратка не ратавала ад ягонага чэпкага, дашуклівага дотыку. Хоць вандроўнікі апрануліся цёпла й адпаведна, увесь час мерзьлі і рухаючыся, і адпачываючы. Удзень неспакойна спалі дзе-небудзь у шчыліне ці пячорцы альбо пад пераплеценым гальлём калючых кустоў, якія часьцяком трапляліся на шляху. Калі сутонела, вартавы будзіў іх, тады й мелі галоўны за дзень пад'едак, звычайна халодны ды бязрадасны, бо толькі зрэдку адважваліся распаліць вогнішча. Зь цемраю зноў рушылі на поўдзень, намагаючыся адхіляцца як мага меней ад абранага напрамку.

Спачатку хобітам падавалася, што хоць і сунуцца ўпарта, спатыкаючыся, валячыся з ног ад стомы, дзень за днём, насамрэч перасоўваюцца не хутчэй за сьлімакоў, топчуцца на адным месцы. Кожным наступным днём мясьціны выглядалі дакладна як і ўчора. Аднак горы паступова набліжаліся. На поўдзень ад Долага Яру яны ўздымаліся яшчэ вышэй, хрыбет крыху збочваў на захад, і перадгор'і, хаатычная блытаніна бляклых пагоркаў і стромаў, пашыраліся. У глыбокіх вузкіх цясьнінах бурлілі буйныя струмяні. Сьцежак усё менела, яны ўсё больш пятлялі й часьцяком выводзілі да высокага адхону ці да дрыгвы.