Выбрать главу

На трэцім тыдні падарожжа надвор'е зьмянілася. Вецер раптоўна сьціх, а потым падзьмуў з поўдня. Спрытныя, плынныя хмары над галавою растачыліся, і вызірнула сонца, бялявае, але зыркае. Напрыканцы доўгага й стамляльнага начнога пераходу ўзьнялася ясная халодная раніца. Вандроўнікі сягнулі невысокага хрыбта, на грэбені якога каронаю ўздымаліся надзвычай старажытныя каржакаватыя падубы, чые шэра-зялёныя ствалы падаваліся вылепленымі з таго самага каменю, што й горы. Іхняе цёмна-зялёнае лісьце блішчэла на маладым сонцы, і ягады зьзялі чырваньню.

Далёка на поўдні Фрода ўбачыў расплывістыя абрысы высачэзных гор, якія цяпер, падавалася, перагароджвалі шлях. Леваруч з хрыбта вылучаліся тры асабліва высокія. Найбліжэйшы пік – і найвышэйшы – выглядаў, бы ікол з пабеленым вастрыём. На ягоных вялізманых голых паўночных адхонах ляжаў цень, але там, куды ўсё ж траплялі касыя сонечныя промні, скалы адбіваліся барвай.

Гэндальф стаяў побач з Фрода, углядаючыся, прыклаўшы далонь да вачэй.

– Нядрэнна прайшлі, – вымавіў ён, – ажно да межаў краіны, якую людзі клічуць Падуб'ем. Шмат эльфаў жылі тут калісьці, у шчасьлівейшы час, калі краіну яшчэ называлі Эрэгіён. Напрамкі, крумкачовым лётам, наш шлях – дваццаць і восем міляў, хоць нагамі мы намералі нашмат болей. Цяпер і зь мясцовасьцю, і з надвор'ем будзе лягчэй, хоць, напэўна, і небясьпечней.

– Небясьпечней ці не, а сапраўдную раніцу заўсёды хораша бачыць, – Фрода адкінуў каптур і дазволіў ранішняму сьвятлу крануць твар.

– Але ж горы наперадзе, – зьдзівіўся Піпін. – Напэўна, мы ўначы зьвярнулі на ўсход.

– Не, – запярэчыў Гэндальф, – проста ты бачыш далей, бо сонечна й ясна. За тымі вось пікамі хрыбет выгінаецца на паўднёвы захад. У Эльрандавай сядзібе шмат мапаў. Цікава, ці глядзеў ты хоць на адну?

– Так, час ад часу, – адказаў Піпін. – Але амаль нічога не запомніў. Вунь у Фрода галава для гэтакіх рэчаў лепей прыстасаваная.

– А мне мапа не патрэбная, – прамовіў Гімлі, які падышоў разам зь Ляголасам і неяк дзіўна ўзіраўся наперад, з амаль сьвяточным бляскам у вачох. – Тут мае прабацькі працавалі ў даўніну й шматкроць адбілі ў мэтале й камені, у песьнях і паданьнях аблічча гэтых гор. Яны заўжды ўзвышаюцца ў нашых марах. Бараз, Зірак, Шатхур. Толькі адзіны раз да гэтага дня я бачыў іх на свае вочы, але я ведаю іх і іхнія імёны сэрцам, бо пад імі ляжыць Казад Дум, Гномавы Глыбіні, якія цяпер называюць Чорнай Прорвай, Морыяй па-эльфску. Вось бліжэй за ўсіх Баразінбар, Барвяны Рог, бязьлітасны Карадрас, за ім – Срэбрапік і Карона Хмараў: Келебдыл Белы й Фануйдхал Шэры, якія мы клічам Зіракзігіл і Бундушатхур. Там хрыбет Туманных гор разгаліноўваецца й паміж галінамі ляжыць глыбокая цяністая даліна, якую мы памятаем заўжды: Азанальбізар, ці Дымрыл, якую эльфы клічуць Нандухірыён.

– Да Дымрылу мы й кіруемся, – патлумачыў Гэндальф. – Калі ўскараскаемся на перавал, Браму Барвянага Рогу, то патрапім на Дымрыльскую Лесьвіцу па той бок Карадрасу й спусьцімся па ёй у гномскую даліну. Там ляжыць запаветнае возера Люстар, там з ільдзяных крыніцаў нараджаецца чыстая Срабрынка.

– Цемра – вада Келед Зараму, лёд – крыніцы Кібіль Налы. Маё сэрца трапеча ад думкі, што неўзабаве пабачу іх.

– Хай узрадуецца тваё сэрца, угледзеўшы іх, мой шаноўны гноме! – выклікнуў Гэндальф. – Але ж доўга застацца там мы ня зможам. Бо нам трэба спускацца па Срабрынцы ў таемныя лясы, а тады – да Вялікай ракі, а тады... – ён змоўк.

– І што тады? – спытаў Мэры.

– Тады рушыць да сканчэньня. Аднак гэтак далёка нам яшчэ ня варта зазіраць. Задаволімся тым, што зь першай часткай вандроўкі справіліся без прыгодаў. Мяркую, адпачнем тут, ня толькі дзень, але й ноч таксама. Духмянае паветра тут, у Падуб'і, нават гаючае. Шмат ліха трэба выцерпець зямлі, каб яна цалкам забылася на эльфаў, якія калісьці жылі на ёй.

– Так, – пагадзіўся Ляголас. – Але эльфы гэтай зямлі былі народам дзіўным для нас, жыхароў лесу. Ані трава, ані дрэвы тут ня памятаюць іх. Я толькі чую, як жаляцца па іх камяні: "З глыбіняў здабылі нас, прыгожа гранілі, збудавалі высока – і сышлі назаўжды". Ужо колькі вякоў таму сышлі яны ў Завані.

Раніцою распалілі вогнішча ў глыбокай лагчавіне, абкружанай буйнымі кустамі падубу, і мелі найлепшы пад'едак за ўвесь пераход ад Долага Яру. Класьціся пасьля яго не сьпяшаліся, бо наперадзе ж цэлая ноч, а выпраўляцца ня думалі ажно на наступнага вечару. Аднак Арагорну не адпачывалася. Неўзабаве ён пакінуў кампанію, прайшоўся па хрыбце, стаў пад дрэвам, пазіраючы на поўдзень, тады на захад, нахіляючы галаву – быццам прыслухоўваючыся. Вярнуўся да краю лагчавіны, дзе астатнія размаўлялі зь сьмехам, зірнуў уніз.