– У чым справа, Швэндале? – паклікаў Мэры. – Чаго шукаеш? Ці табе не хапае ўсходняга ветру?
– Не, безь яго лепей, – не ўспрыняў жарту сьледапыт. – Але мне не стае чагосьці. Я бываў у Падуб'і шмат разоў, і ўлетку, і ўзімку. Людзей тут няма, але заўжды было мноства іншых стварэньняў, асабліва птушак. А цяпер усе навокал, апроч вас, маўчаць. На вёрсты вакол – ані жывога голасу, затое вашыя аддаюцца рэхам у зямлі. Нечага я тут не разумею.
– I ў чым рэч? – Гэндальф зірнуў на яго з раптоўнай зацікаўленасьцю. – Мяркую, не ад подзіву, што бачаць чатырох хобітаў разам, ня згадваючы ўжо астатніх, там, дзе й адзіная асоба зрэдку відаць?
– Спадзяюся, менавіта так, – адказаў Арагорн. – Але нешта мяне не пакідае трывога дый страх – такога аніколі раней тут не было.
– Тады нам трэба пасьцерагчыся. Калі ўжо бярэш з сабою сьледапыта, ды яшчэ самога Арагорна, варта ўшанаваць ягоныя прадчуваньні. Нам трэба размаўляць цішэй, адпачыць спакойна й выставіць вартавога.
Першую варту выпала трымаць Сэму, але Арагорн далучыўся да яго. Астатнія пазасыналі. Тады павісла такая цяжкая цішыня, што нават і Сэм яе адчуў. Выразна чулася дыханьне тых, хто спаў. Шоргат хваста поні ці лёгкі згук, калі конік пераходзіў з нагі на нагу, падаваліся надта гучнымі. Сэм чуў і патрэскваньне ўласных костак, калі варушыўся. Мёртвая цішыня вісела наўкол, а над галавою – ясныя блакітныя нябёсы, па якіх павольна паўзло з усходу сонца. Далёка на поўдні зьявілася чорная плямка, і расла, і неслася на поўнач, бы лапік дыму на ветры.
– Што гэта, Швэндал? – шэптам спытаў Сэм.
Арагорн не адказаў, уважліва ўзіраючыся ў нябёсы. Але неўзабаве Сэм здолеў разгледзець сам. Птушыныя чароды, якія лёталі туды й сюды, кружлялі над зямлёю, нібы вышукваючы нешта, і набліжаліся яны надта спрытна.
– На зямлю!! Ляжы ціха! – прашыпеў Арагорн, цягнучы Сэма ў цень, пад куст, бо адна птушыная чарада аддзялілася ад галоўнай хмары й нізка над зямлёю панеслася да хрыбта. Сэму птушкі падаліся падобнымі да вялікіх груганоў. Яны ляцелі гэткай шчыльнай гурмай, што па зямлі за імі бег цень. Прамінулі моўчкі, з адзіным хрыпатым каркам.
Толькі калі яны зьніклі ў далечыні, адляцеўшы на захад і поўнач, і нябёсы ачысьціліся, Арагорн падняўся. I адразу ж абудзіў Гэндальфа.
– Зграі чорных груганоў абшукваюць землі паміж гарамі й Шэраводзьдзем, – распавёў Арагорн, – яны праляцелі й над Падуб'ем. Гэта не тутэйшыя груганы. Яны – крэбайн, пачвары Фангарну й Дунлянду. Ня ведаю, навошта яны тут – магчыма, уцякаюць ад бедаў Поўдня. Але хутчэй за ўсё, яны выведнікі. Таксама я заўважыў мноства шулякоў высока ў нябёсах. Лічу: трэба рухацца гэтым вечарам. Падуб'е болей не спакойнае й не гаючае для нас. За ім сочаць.
– Значыць, сочаць і за Брамай Барвянага Рогу, – адказаў Гэндальф. – Я не ўяўляю сабе, як мы пройдзем яго незаўважнымі. Ну, падумаем пра тое, калі надыдзе час. Што тычыцца сёньняшняга выхаду, баюся, ты маеш рацыю.
– Пашанцавала, што вогнішча бяздымнае, дый амаль прагарэла яшчэ да зьяўленьня крэбайн, – дадаў Арагорн. – Трэба загасіць яго цалкам, і болей на распальваць.
– Ну, ці тое не халера з трасцой! – выгукнуў Піпін, калі прачнуўся ўвечары й пачуў пра забарону агню й хуткі выхад. – Праз гругановую чараду! А я ўжо марыў пра сапраўдны абед сёньня, пра гарачанькае.
– Можаш і далей марыць, – адказаў Гэндальф. – Наперадзе, пэўна, мноства нечаканых бяседаў і баляваньняў. Я сам зь вялікай асалодай папаліў бы люльку ў спакоі й пагрэў бы ногі. Суцяшайся – мы рушым на поўдзень, там, без сумневаў, пацяплее.
– Каб нам не падсмажыцца ад той цеплыні, – прамармытаў Сэм Фрода. – А я ўжо палічыў, што мы дабраліся, папраўдзе кажучы. I гару Вогненную бачым, ну, Рог гэны Барвяны, я так спачатку падумаў, пакуль Гімлі прамову сваю не ўчыніў. Так, з гэнай гномскаю моваю сапраўды язык вузлом зьвяжацца.
Мапы анічога Сэму не казалі, а адлегласьці ў чужынскіх землях падаваліся такімі вялізманымі, што ён нават не спрабаваў іх вылічваць.
Увесь дзень вандроўнікі заставаліся ў лагчавіне. Чорныя птушкі зноў і зноў праносіліся непадалёк. I толькі калі сонца зачырванела на захадзе, зьніклі, адляцеўшы на поўдзень. Зь цемраю Зьвяз павярнуў на паўднёвы ўсход і рушыў да Карадрасу, які яшчэ адбліскваў барваю ў апошніх прамянях сыходнага сонца. Адна за адною ў пацямнелых нябёсах высыпалі белыя зоры.