Асілілі чарговы стромы пад'ём, спыніліся наверсе. Фрода адчуў, як нешта мяккае кранула твар. Падняў руку й пабачыў белыя сьняжынкі на рукаве.
Крочылі далей. Неўзабаве сьнег паваліў на ўсю моц, суцэльнай белай сьцяною, замітусіўся перад вачыма. Цьмяныя, сагнутыя постаці Гэндальфа з Арагорнам наперадзе за адзін крок ці два ўжо амаль не былі відаць.
– Не, гэта мне зусім не падабаецца, – выдыхнуў Сэм, упарта тупаючы ззаду. – Сьнег файнай раніцою – лепей няма куды. Толькі я хацеў бы валяцца ў ложку калі ён падае за вакном. Вух, каб столькі ў Хобіцку наваліла! Во радаваліся б!
За выключэньнем высокіх пагор'яў Паўночнага падзелу, моцныя сьнегапады здараліся ў Шыры зрэдку. Да іх ставіліся як да нагоды для забаваў ды шчыра радаваліся. Аніводны хобіт (апрача хіба Більба) ня бачыў на свае вочы Ліхой зімы 1311 году, калі ў Шыр церазь зьмерзлы Бранявін прыйшлі белыя ваўкі.
Гэндальф прыпыніўся. Сьнег ляжаў гурбінамі на ягоных плячох і капелюшы. I на сьцежцы сьнегу легла столькі, што боты чараўніка хаваліся па халяву.
– Гэтага я й баяўся, – вымавіў Гэндальф. – I што ты цяпер скажаш?
– Што таксама баяўся гэтага, – адказаў Арагорн, – хоць і меней, чым іншага. Я ведаю небясьпеку сьнегу, хоць ён рэдка ў такой колькасьці выпадае так далёка на поўдні, хіба што высока ў гарах. Аднак мы яшчэ невысока. Мы там, дзе сьцежкі адкрытыя ўсю зіму.
– Цікава, ці не ад Ворага гэтае ліха? – азваўся Барамір. – У маіх краёх кажуць, што ён уладарыць над навальніцамі ў гарах Ценю, якія абкружаюць Мордар. Дзіўная ягоная моц, шматлікія ягоныя паплечнікі.
– Сапраўды, моц, – хмыкнуў Гімлі. – Доўгія ж рукі трэба мець, каб прыцягнуць за дзьве сотні міляў з поўначы сьнежныя хмары нам на сьцежку.
– Даўжэй няма куды, – пахмура пацьвердзіў Гэндальф.
Пакуль стаялі, вецер сьціх, а сьнегапад паслабеў, амаль спыніўся. Вандроўнікі рушылі зноўку, але й пары гоняў не прайшлі, як завея завыла зноў, яшчэ шалёней. Дзьмула, шпурляла сьнегам, сьляпіла вочы. Неўзабаве нават і Барамір ледзь сунуўся наперад. Хобіты, перагнуўшыся амаль удвая, цягнуліся за людзьмі, але ж было відавочна – шмат на гэткай віхуры ім не пратрымацца, ісьці яны ня здолеюць. Фродавы ногі нібы наліліся сьвінцом. Піпін адставаў. Нават Гімлі, цягавіты, як і ўсе гномы, крахтаў ды бурчэў, прабіраючыся празь сьнег.
Раптам усе прыпыніліся, адначасова, быццам дамовіўшыся, хоць ніхто анікому й слова не казаў. Цемра навокал спарадзіла злавесныя, жудасныя гукі. Мо вецер гэтак сьвісьцеў у шчылінах, але ж выразна чуўся пранізьлівы злосны лямант і дзікія выбухі лютага рогату. Па сьцяне зьверху пакацілася каменьне, сьвістала над галовамі ці з грукатам бразгалася на сьцежку непадалёк. Раз-пораз чуўся цяжкі грукат, і вялізныя валуны каціліся зь цемры наверсе.
– Далей сёньня ісьці нельга! – выклікнуў Барамір. – Няхай хто заўгодна кажа, што гэтак вые вецер. Я думаю, гэта варожыя галасы. I каменьне гэтае цэліць у нашыя галовы.
– Я кажу, што гэта менавіта вецер, – азваўся Арагорн, – але тое не зьмяншае рацыі тваіх словаў. У сьвеце хапае ліхіх істотаў, якія ненавідзяць усіх дзьвюхногіх, але ж ня ў зьвязе з Саўронам, а з уласнай волі й разуменьня. Некаторыя зь іх прыйшлі ў Міжзем'е яшчэ да яго.
– Карадрас атрымаў мянушку жорсткі й дурную славу калі пра Саўрона й чутак не было ў гэтых землях, – вымавіў Гімлі.
– Ці ёсьць розьніца, які менавіта вораг нас атакуе, калі мы ўсё адно ня здольныя адбіцца, – сказаў Гэндальф.
– Дык што ж нам рабіць? – залямантаваў Піпін, абапершыся на Мэры з Фрода й дрыжучы.
– Ці застацца тут, ці вяртацца, – сказаў Гэндальф. – Рушыць наперад бессэнсоўна. Крыху далей, калі не памыляюся, сьцежка выводзіць у шырокую адкрытую лагчавіну з доўгімі схіламі па бакох. Там не схаваесься ані ад камянёў зь сьнегам, ані ад іншага ліха.
– Вяртацца таксама бессэнсоўна, пакуль віхурыць, – давёў Арагорн. – Зацішней і бясьпечней за нашае цяперашняе месца закутка ўздоўж сьцежкі не было.
– Зацішней і бясьпечней! – фыркнуў Сэм. – Калі гэта – зацішнае месца, тады й аглобля – хата.
Вандроўнікі прыціснуліся да скальнай сьцяны. Яна паглядала на поўдзень, і ўнізе крыху выгіналася ўсярэдзіну – якая ні ёсьць абарона ад камняпаду й паўночнага ветру. Але вецер скакаў між скалаў, дзьмуў то з аднаго боку, то з другога, а сьнег валіў усё шчыльней зь нізкіх хмараў.