Выбрать главу

Усе стаялі побач, сьпінамі да сьцяны. Поні – перад хобітамі, цярпліва й упарта захіляючы тых хоць троху ад сьнегу. Але неўзабаве яго заваліла да каленяў і працягвала засыпаць. Калі б хобіты вандравалі адны, напэўна, неўзабаве іх ссумёціла б цалкам дый пахавала ў сьнезе.

Фрода ледзь змагаўся з санлівасьцю. Правальваўся ў цёплую, смужную мару. Ужо й высьніў, як добрае хатняе полымя агменю саграе ягоныя ногі, і пачуў зь ценяў па-за агменем голас Більба. "Ну, я спадзяваўся на больш ёмісты дзёньнік, – дакараў стары хобіт. – Завея дванаццатага студня, ну-ну. Хіба ж варта вяртацца, каб распавесьці гэткую навіну?" "Я хацеў толькі крыху адпачыць і паспаць", – адказаў Фрода, ледзь здолеўшы вымавіць словы, і тут адчуў, што яго трасуць, і вярнуўся да непрыемнай і халоднай явы. Барамір выдраў яго зь дзіркі ў сьнезе й падняў.

– Гэндальф, паўросьлікі ўсе тут загінуць, – выгукнуў ён. – Што, нам чакаць, пакуль нас замяце з галавою? Трэба ратавацца!

– Дай ім гэта, – Гэндальф пакапаўся ў торбе й выцягнуў скураную біклажку, – па адным глытку, ня болей, і астатнім таксама. Бо напой надзвычай каштоўны. Мірувор, долаярская акавіта. Эльранд даў мне яго на разьвітаньне. Перадай па коле!

Фрода глынуў крышачку цёплай духмянай вадкасьці – і ў целе быццам запалілася полымя. Ажыло сэрца, зьнікла санлівасьць. Але ж сьнег ішоў, як і раней. Завея нават і пашчыльнела, і выла пранізьлівей.

– Як наконт вогнішча? – прапанаваў Барамір. – Выбар цяпер, падаецца, – агонь або гібель. Безумоўна, сьнег дапаможа нам схавацца ад варожых вачэй, калі заваліць з галавою, але ці дапаможа выжыць?

– Распальвайце, – Гэндальф паціснуў плячыма, – калі якія віжы перажывуць гэтую завіруху, яны заўважаць нас і з вогнішчам, і безь яго.

Аднак хоць на слова Бараміра з сабою ўзялі й дровы, і распалку, ані эльфскага майстэрства, ані гномскага не хапіла, каб распаліць воглыя дровы пасярод завірухі. Нарэшце Гэндальф неахвотна ўзяўся за справу сам. Паклаў наверсе вязку дроваў, выгукнуў: "Наўр эн эдрайф аммэн!" – дый сунуў кій прама ў сярэдзіну вязкі. Адразу ж выбліснула вонкі зялёным і блакітным полымем, дровы заняліся, затрашчалі.

– Калі хто й назірае, дык мяне ўжо не абміне, – давёў змрочна, – я абвесьціў "Гэндальф тут" гэткім чынам, што пачуюць усе, хто толькі здольны такія аб'явы чуць, ад Долага Яру да сутва Андуйну.

Але астатнім было ўсё адно, назіраюць варожыя вочы за імі ці не. Полымя сагрэла, узрадавала, да таго ж разагнала цемру. Палала файна. Хоць вогнішча й шыпела ад сьнегу, што сыпаўся зь неба, хоць і парастапіла ўсё навокал і слата й лужыны паўзьлі пад нагамі, падарожнікі з асалодаю грэліся, падстаўлялі далоні. Абкружылі, нахіліся над полымем. Чырвонае сьвятло скакала па стомленых, заклапочаных тварах, а за сьпінамі цемра падавалася чорнай сьцяною.

Дровы гарэлі хутка, а сьнегапад усё не спыняўся.

Нарэшце кінулі апошнюю вязанку.

– Ноч сканчаецца, – заўважыў Арагорн. – Неўзабаве пасьвятлее.

– Калі толькі сонца праб'ецца праз гэтыя хмары, – прабурчэў Гімлі.

Барамір крочыў ад вогнішча, углядаючыся ў цемру.

– Сьнегапад слабее, – зазначыў ён. – І вецер паменеў.

Фрода стомлена пазіраў на сьняжынкі, якія ўсё выляталі, вытанцоўвалі зь цемры, каб высьветліцца на момант над слабым полымем, але ж аніякіх прыкметаў паслабленьня ня бачыў. I раптам, калі санлівасьць зноўку авалодала ім, адчуў: вецер насамрэч сьціх. Дый сьняжынаў паменела, і самі яны павялічыліся. Пакрысе й небёсы пасьвятлелі, засьвяціліся шэрай, няяркаю раніцай. Нарэшце сьнегапад спыніўся цалкам.

Пазырчэўшы, раніца адкрыла вандроўнікам маўклівае, захутанае бельлю навакольле. Ніжэй грувасьціліся сумёты, вытыркаліся белымі гарбамі, і аніякай сьцежкі пад імі не было відаць. А вышэй яшчэ ляжалі шэрыя, змрочныя хмары, пагражаючы новым сьнегападам.

Гімлі зірнуў угору, пахітаў галавою. Вымавіў:

– Не, Карадрас яшчэ не дараваў нам. Калі крочым далеў, зноў пасыпле, сьнегу ў яго хопіць. Чым хутчэй мы спусьцімся, тым лепей.

З гэтым усе пагадзіліся. Але як цяпер спускацца? Ужо за некалькі крокаў ад вогнішча сьнегу ляжала болей за хобіцкі рост, а месцамі й нашмат вышэй, бо сьнег нагрувасьціў вялізныя гурбы ля скальнай сьцяны.

– Калі Гэндальф пойдзе наперад з полымем, магчыма, ён праплавіць сьцяжынку ў сьнезе, – прапанаваў Ляголас, якога віхура зусім не патурбавала. Адзіны з усёй кампаніі ён заставаўся ў добрым гуморы.