Выбрать главу

– Калі б эльфы здолелі лётаць над гарамі, магчыма, яны прыцягнулі б нам сюды сонейка на ратунак, – пакпіў Гэндальф. – А сьнег я плавіць ня здольны. Мне трэба нешта болей шчыльнае, каб запальваць.

– Не галавой, дык каркам, – прамовіў Барамір, – як кажуць у маёй зямлі. Мацнейшым з нас трэба прабівацца наперад. Зірніце: хоць усё й пазасыпала сьнегам, сьцежка, па якой мы йшлі, вывернула сюды з-за вунь таго скальнага атовілку ўнізе. Пасьля яго й пачалася найгоршая завіруха. Калі мы сягнем таго атовілку, верагодна, далей палягчэе. Да яго, мяркую, ня болей за пару гоняў.

– Дык праб'емся туды ўдвох, ты й я! – прапанаваў Арагорн.

Арагорн быў вышэйшы, але Барамір – шырэйшы ў плячох ды больш каржакаваты. Ён рушыў наперадзе, Арагорн – сьледам. Прасоўваліся павольна, бо прабівацца было надзвычай цяжка. Месцамі сьнег даходзіў да грудзей, і часьцяком Барамір ня йшоў, а ўкопваўся ў сьнег, заграбаючы рукамі, нібы плывун.

Ляголас назіраў за імі пэўны час з усьмешкай, тады павярнуўся да астатніх.

– Мацнейшым трэба прабівацца, ці ня так? Я сказаў бы: няхай араты арэ, але ж каб плысьці – абірай плывуна, а каб скакаць над травою й лісьцем ці па-над сьнегам – эльфа!

I лёгка скочыў наперад, Фрода толькі цяпер заўважыў, што на нагах у Ляголаса, як і заўжды, былі не цяжкія падарожныя боты, а лёгкія чаравікі. Яны амаль не пакідалі адбіткаў на сьнезе.

– Да пабачэньня! – гукнуў Ляголас Гэндальфу. – Я па сонца!

I пабег прэч, лёгка й спрытна, рыхтык па пяску, умомант абагнаў запыханых людзей дый зьнік за атовілкам.

Астатнія чакалі, згуртаваўшыся, назіраючы за Барамірам і Арагорнам, пакуль тыя не зрабіліся чорнымі плямкамі ў белай далечы. Нарэшце зусім зьніклі. Час цягнуўся марудна й нудотна. Хмары спаўзьлі ніжэй, і ўжо зьляцела, кружляючы, колькі сьняжынак.

Мінула, напэўна, з гадзіну – хоць падалося, што нашмат болей, – калі нарэшце зноў убачылі Ляголаса. Адначасова й Арагорн з Барамірам зьявіліся з-за атовілку, павольна караскаючыся ўгору.

– Не прынёс я сонца! – сьмяшліва пажурыўся Ляголас, падбягаючы. – Яно шпацыруе ў блакітных нябёсах Поўдня, і яго зусім не клапоціць жменька-другая сьнегу на ўсялякіх Барвяных пагорках. Але ж я прынёс крышачку надзеі для тых, каму даводзіцца цягацца пад сонцам пехатою. За паваротам гурбіна вышэйшая за ўсе ранейшыя, і нашыя моцныя ваяры ўжо былі пахавалі сябе ў ёй ды ў адчаі. На шчасьце, я ім своечасова давёў, што тая гурбіна таўшчынёй ня большая за хатнюю сьценку, а за ёю сьнегу – хіба толькі хобіцкія пяткі падмарозіць.

– А-а, што я й казаў! – прабурчэў Гімлі. – Ня простая гэтая завіруха. Карадрасава ліха. Ня любіць ён ані эльфаў, ані гномаў і сьнегу намёў, каб не дазволіць нам уцячы.

– На шчасьце, Карадрас забыўся на людзей, якія з вамі, – дадаў Барамір, – і гэта не слабыя людзі. Хоць слабейшыя, але з шуфлямі тут дапамаглі б лепей. Гэтак ці інакш, мы праклалі шлях праз сумёты, і за тое, лічу, нам мусяць падзякаваць усе ня здольныя лётаць над сьнегам па-эльфску.

– Вы ледзь прабіліся, а як жа нам? – Піпін агучыў сумнеў усіх хобітаў.

– Не адчайвайцеся! – супакоіў Барамір. – Я стаміўся, але мне хопіць сілаў каб несьці вас, дый Арагорну таксама. А астатнія цугам пакрочаць за намі. Спадару Перыгрыне, ты першы з мною! Чапляйся за мой карак, – дадаў, падняўшы хобіта, – бо мне спатрэбяцца рукі.

Арагорн з Мэры на карку крочыў за ім. Піпін, дзівячыся Бараміравай моцы, аглядаў праход, які той прабіў без аніякіх прыладаў, толькі рукамі й целам. Нават і цяпер, зь цяжарам, Барамір, адкідваючы сьнег у бакі, дарабляў праход для тых, хто крочыў ззаду.

Нарэшце дабраліся да вялізнай гурбы, якая стромай сьцяной узвышалася ўпоперак сьцежкі. Яе вяршыня, вострая, як лязо, была ўдвая вышэйшая за Бараміра. Але ж пасярэдзіне гурбы, уздымаючыся дый ізноў спускаючыся, бы гарбаты масток над струменем, быў прабіты праход. За ім людзі ссадзілі Піпіна з Мэры на зямлю й вярнуліся, а хобіты засталіся разам зь Ляголасам чакаць, пакуль падыдуць астатнія.

Неўзабаве Барамір прынёс Сэма. Сьледам па вузкай, але цяпер ужо добра пратаптанай сьцежцы прыйшоў Гэндальф, ведучы пад аброць Біла, на няшчасным поні апрача паклады ўзгрувасьціўся Гімлі. Апошнім рушыў Арагорн з Фрода на карку. Крочылі за сьнежную сьцяну, і не пасьпелі Фродавы ногі крануць зямлі, як пачуўся гулкі грукат і зьверху абрынулася лавіна камянёў і сьнегу. Пырснуў сьнежны пыл, паўасьляпіўшы падарожнікаў, якія прыціснуліся да скалы, а калі пыл асеў, пабачылі – праход праз гурбу завалены.

– Досыць, досыць! – крыкнуў Гімлі. – Мы сыходзім зараз жа!

I сапраўды, зрабіўшы апошнюю прыкрасьць, Карадрас быццам задаволіўся, супакоіўся, упэўніўшыся, што нежаданыя наведнікі атрымалі сваё й зноўку ня сунуцца. Нават і хмары наверсе пачалі разыходзіцца, і пасьвятлела.