Выбрать главу

Дзеля бясьпекі падарожнікі забраліся на пагорак, пад якім мерыліся схавацца на ноч. На вяршыні была купка старых пакрыўленых дрэваў, за якімі ляжалі няроўным кольцам валуны. Сярод таго кольца й распалілі вогнішча, бо начная цемра й цішыня не бароняць ад паляўнічай ваўчынай зграі.

Згуртаваліся вакол агню. Тыя, хто не трымаў варты, уздрамнулі, трывожна й неспакойна. Небарака Біл дрыжэў і пацеў. Ваўчынае выцьцё даносілася цяпер з усіх бакоў часам бліжэй, часам далей. Зь цемры навокал на вогнішча пазірала мноства вачэй, і водбліскі полымя зьзялі ў іх. Наблізіліся, некаторыя перыліся ўжо прама з-за кольца валуноў. У шчарбіне кольца раптам узьнік вялізны чорны ваўчыны цень. Воўк-велікан паўстаў там, паглядаючы на вандроўнікаў. Дый завыў, нібы ачольца, склікаючы гуф да нападу.

Гэндальф узьняўся й крочыў да яго, сьціснуўшы кій.

– Ты, Саўронаў ганчак! Слухай: перад табою Гэндальф! Уцякай, калі шануеш сваю брудную шкуру! Бо я выпалю яе ад носа да хваста, калі ты толькі лапу сунеш за валуны!

Воўк рыкнуў і скочыў наперад. У гэтае імгненьне бразнула струна – Ляголас спусьціў стралу. З жудасным віскатам воўк грымнуўся на зямлю. Эльфава страла працяла яму глытку. Запаленыя вочы навокал адразу ж згасьлі. Гэндальф з Арагорнам крочылі наперад, аднак на пагорку ўжо анікога не было – зграя ўцякла. У начной цемры павісла цішыня, і посьвіст ветру болей не парушаўся аніводным згукам.

Набліжалася раніца. Месяц-сход каціўся за далягляд, слаба прабліскваючы паміж падраных хмараў. Зьнянацку Фрода абудзіўся. Без аніякага папярэджаньня адразу з усіх бакоў абрынулася навала дзікага выцьця – вялізная зграя варгаў сабралася цішком вакол пагорку й цяпер напала ўся разам.

– Болей дроваў у вогнішча! – крыкнуў Гэндальф хобітам. – Мечы вонкі, сьпіна да сьпіны!

Полымя ірванула ўгору, абхапіўшы сьвежыя дровы, і Фрода ўбачыў мноства шэрых ценяў па-над кольцам валуноў. Адзін за адным пераскоквалі яны камяні, а за імі яшчэ й яшчэ. Першаму, аднаму з найвялікшых варгаў, Арагорн працяў глытку мечам, другому Барамір моцным ударам зьнёс галаву. Побач зь імі Гімлі, стоячы нерухома, нібы валун, пластаў сякераю пааберуч. Струна Ляголасава лука зьвінела няспынна.

У дрыготкім сьвятле вогнішча Гэндальф, падавалася, нечакана вырас – вялізманы пагрозьлівы цень, рыхтык каменны волат, помнік старажытнаму каралю на гары. Нахіліўшыся, накрыўшы ценем усё за сабою, бы хмара, ён падхапіў запаленую галіну дый крочыў насустрач ваўкам. Тыя адсунуліся прэч. Гэндальф падкінуў галіну ў паветра – і яна палыхнула, выбухнула найбялейшым, асьляпляльным сьвятлом маланкі, і голас Гэндальфаў раскаціўся громам: "Наўр ан эдрайф аммэн! Наўр дан і нгаўрхот!" З ровам і трэскам дрэва ля яго выбухнула слупом асьляпляльнага полымя. Зьзяньне затанчыла па лёзах абаронцаў. Апошняя страла Ляголаса ўспыхнула ў палёце і, запаленая, працяла сэрца ваўчынага правадыра. Астатнія кінуліся прэч.

Павольна агонь выдыхаўся, згасаў, пакуль толькі бледнае вугольле не засталося сярод прыску. Горкі дым віўся над счарнелымі абгаркамі дрэваў, шлейфам цягнуўся зь вяршыні пагорку ў нясьмелым сьвятле раніцы. Ворагі ўцяклі, і анідзе паблізу не было ні знаку іх.

– Ну, што я вам казаў, спадару Піпіне? – спытаў Сэм, засоўваючы корд у похвы. – Не па ваўчыных ён зубах! Ну, учыніў жа агнявішча, дый годзе! Ледзь мне фрызуру ня выпаліў.

Калі пасьвятлела, па-ранейшаму аніякіх ваўчыных прыкметаў так і не адшукалі. І целаў забітых ваўкоў таксама. I сьлядоў начной бойкі ані засталося, толькі абгарэлыя дрэвы ды Ляголасавы стрэлы, параскіданыя па ўсёй вяршыні пагорку. Усе цалюсенькія, толькі адна згарэла да канчара.

– Чаго я й баяўся, – сказаў Гэндальф. – Не звычайныя тое ваўкі палююць ежу ў глухмені. Сьнедаем хутчэй і выходзім, марудзіць нельга!

Надвор'е зьмянілася зноў, нібыта нейкі ўладар надвор'я болей ня меў патрэбы ў сьнезе, бо падарожнікі адступіліся ад перавалу, а меў патрэбу цяпер у ясным сьвятле, каб лепей сачыць за рухамі. Уначы паўночны вецер зьмяніўся на паўночна-ўсходні, а цяпер і ўвогуле сьцішыўся. Аблокі зьбеглі на поўдзень, і нябёсы разьвінуліся над галовамі яснай сінечай. Калі падрыхтаваліся выходзіць, над вяршынямі гор зазьзяў нясьмелы ранак.

– Мусім сягнуць брамы да цемры, – папярэдзіў Гэндальф, – альбо, баюся, мы не сягнем яе ўвогуле. Яна недалёка адсюль, але сьцежкі тут пятляюць. Арагорн наўрад ці дапаможа, бо ён рэдка бываў тут, а я толькі аднойчы патрапіў пад заходнюю сьцяну Морыі, дый тое шмат часу таму. Брама вунь там, – ён паказаў на паўднёвы ўсход, дзе стромыя бакі гор хаваліся ў засенях узножжаў. Там няясна абрысоўваўся шэраг голых скалаў, а пасярод іх узвышалася адзіная гладкая й шэрая, бы вялізная сьцяна. – Калі мы спускаліся зь перавалу, я павёў вас не зусім туды, адкуль мы пачыналі, а на поўдзень, калі хто з вас заўважыў. I слушна, бо цяпер нам на колькі вёрстаў меней, а трэба ж сьпяшацца. Ну, рушма!