– Можа, Гэндальф і знойдзе, што шукае, – змрочна вымавіў Барамір, – а можа, калі падыдзем да скалаў, высьветліцца, што брамы той ужо няма ці яна зачыненая назаўжды. Хутчэй за ўсё, мы патрапім паміж ваўкамі й сьцяною. Куды ні сунься – усё ліха. Што ж зробіш, рушма!
Гімлі цяпер крочыў наперадзе побач з чараўніком – гэтак нецярпелася яму патрапіць у Морыю. Разам яны й вялі Зьвяз да гор. Адзіны даўні шлях да Морыі з захаду ляжаў уздоўж ракі Сіранон, якая зьбягала з скалаў непадалёк ад брамы. Але ці Гэндальф заблукаў, ці мясьціны нядаўна зьмяніліся, але ракі ён так і не знайшоў, хоць і разьлічваў напаткаць яе ўсяго за некалькі вёрстаў на поўдзень ад месца начлегу.
Набліжаўся полудзень, а вандроўнікі блукалі ды караскаліся па голай рудой камяністай пустэчы. Нідзе не было відаць ані пробліску вады, не было чуваць ані гуку яе. Усё бляклае, высахлае. Агульны настрой скаціўся да адчаю. Ані птушак у нябёсах, ані жывой істоты наўкол. Пустэча. Пра тое, што абяцае ноч сярод гэтых забытых мясьцінаў, і думаць не хацелася.
Зьнянацку Гімлі, які ішоўужо далёка наперадзе, прыпыніўся й паклікаў астатніх. Стоячы на ўзгорку, паказаў рукою направа. Пасьпяшаліся да яго й пабачылі ўнізе глыбокае й вузкае ручво, пустое й маўклівае. Адно танюткі струменьчык вады прасочваўся між рудых, заплямленых барваю камянёў, але блізу яго выразна вёў шлях, папсаваны й пашкоджаны, – сьцежка сярод зруйнаваных прысьценьняў ды выварачаных камянёў старажытнай дарогі.
– А, вось і дабраліся нарэшце! – уздыхнуў Гэндальф. – Тут і цякла рака Сіранон, Струмень Брамы, як яе звычайна называлі. Цікава, што ж зь ёй здарылася? Струмень быў жвавы й гаманлівы. Хадзем, пасьпяшаймася. Мы й так спазьняемся.
Падарожнікі пазьбівалі ногі ды стаміліся, але ўпарта крочылі й крочылі вярсту за вярстою па пятлястай, цяжкай сьцежцы. Сонца пачало апускацца, калі прыпыніліся перадыхнуць і сьпехам паесьці, і зноў рушылі далей. Наперадзе грувасьціліся горы, але сьцежка вяла па глыбокай лагчыне, і відаць былі толькі вяршыні найвышэйшых адгор'яў ды высачэзныя пікі далёка на ўсходзе.
Нарэшце дабраліся да павароту. Дарога, якая ўхілялася на поўдзень, віючыся паміж скальным адхонам і рэчышчам, зноў скіравалася на ўсход. Збочыўшы, вандроўнікі ўбачылі перад сабою нізкую скалу, сажняў зь пяць усяго, з вызубранай і растрэсканай вершалінай. Зь яе высочваўся, ледзь не па кропельцы, танюткі струменьчык вады, хоць і падавалася, што шырокую расколіну наверсе прамыў калісьці моцны й паўнаводны вадаспад.
– Насамрэч, мясьціны зьмяніліся! – прамовіў Гэндальф. – Але памыліцца ўжо немагчыма: мы бачым тое, што засталося ад Вадаспаднай лесьвіцы. Калі памяць мяне не падманвае, паабок ад яго былі вычасаныя ў камені сходы, а галоўная дарога адхілялася налева й сэрпантынам выходзіла на роўнядзь наверсе – пляскатую даліну за вадаспадам, якая пачынаецца прама ад брамы. Па даліне цякла Сіранон, і побач зь ёй ішла дарога.
Лесьвіцу знайшлі адразу ж, і Гімлі спрытна рушыў па ёй, а за ім – Гэндальф і Фрода. Калі ж дабраліся да верху, вынайшлі: далей тут ходу няма. Таксама высьветлілася, чаму перасох Струмень Брамы. За сьпінамі сыходнае сонца залівала чыстыя заходнія нябёсы зіхоткім золатам, а перад імі разаслалася змрочная роўнядзь возера. Палымяны захад не адбіваўся на яго паверхні. Струмень Брамы быў загачаны й разьліўся на ўсю даліну. За злавеснай змрочнай вадою высіліся вялізарныя скалы, іхнія суворыя ілбішчы бялелі ў сьвятле сутоньня. Усё, далей праходу няма. Ані брамаў ці тунэлю, ані нават шчылінкі не заўважыў Фрода на хмурным камені.
– Перад вамі – сьцены Морыі, – Гэндальф паказаў на скалы. – Там, напрыканцы даліны й дарогі ад Падуб'я, па якой мы прыйшлі, калісьці была Эльфская брама. Але тут нам не прабрацца. Аніхто з нас, мяркую, не захоча плысьці па гэтай вадзе ў цемры. Увогуле, не падабаецца мне гэтае возера.
– Можам знайсьці праход уздоўж паўночнага берагу, – прапанаваў Гімлі. – Пройдзем па галоўнай дарозе дый пабачым, куды ён выводзіць. Бо нават калі б і возера не было, мы не зацягнулі б поні на лесьвіцы.
– Гэтак ці інакш, у Морыю мы жывёліну не пацягнулі б, – сказаў Гэндальф. – Шлях пад гарамі – цьмяны й недарэчны, там процьма вузкіх і стромых праходаў, па якіх ён ня пройдзе.