Калідор некалькі разоў павярнуў дый пачаў спускацца. Ішлі ўніз даволі доўга, пакуль шлях зноў ня выраўняўся. Паветра зрабілася сьпякотным і душным, хоць і не смуродным, а час ад часу адчувалі патыханьне халаднейшага скразьняку зь ледзь заўважных праходаў у сьценах. Іх траплялася нямала. У няпэўным сьвятле чараўніковага кія Фрода прыкмячаў абрысы сходаў і арак, калідораў і тунэляў, якія вялі ўгору, ці строма ўніз, ці ўтыкаліся ў чарнату. Як толькі іх усе магчыма пазапомніць, як знайсьці шлях між імі?
Гімлі амаль нічым чараўніку не дапамагаў – хіба толькі ўпэўненым спакоем. Урэшце аднога яго з усіх цемра сама па сабе не турбавала. Часьцяком Гэндальф абмяркоўваў зь ім кірунак, калі траплялі на сумнеўнае разгалінаваньне, але вырашаў, куды ісьці, заўсёды сам чараўнік. Бо неабсяжныя й заблытаныя скляпеньні Морыі былі далёка па-за ведамі й досьведам Гімлі, сына Глойна, дарма што той нарадзіўся падгорным гномам. Гэндальфу ягоны досьвед даўняй вандроўкі праз Морыю амаль не дапамагаў, аднак, нягледзячы на цемру й бясконцыя павароты калідораў, чараўнік добра ўяўляў напрамак і беспамылкова трымаўся яго, адшукваючы найбліжэйшыя да яго праходы.
– Ня бойцеся! – вымавіў Арагорн, калі ля чарговага разгалінаваньня прыпыніліся даўжэй як звычайна. Гэндальф з Гімлі перашэптваліся, астатнія згуртаваліся непадалёк, заклапочана чакаючы. – Не палохайцеся. Я прайшоў разам з Гэндальфам мноства шляхоў, хоць ніводны ня быў такі змрочны, як гэты. А ў Долым Яры распавядаюць і пра вялікшыя ягоныя зьдзяйсьненьні. Калі толькі шлях існуе, ён яго знойдзе. Ён завёў нас сюды супраць нашай волі й страхаў, але ён выведзе нас, чаго ні каштавала б гэта яму самому. Ён нават у паўнюткай ночы лепей адшукае шлях дахаты, чым коткі каралевы Беруціель.
I добра ж, што мелі гэткага правадыра, бо ані дрэва, ані іншага матэрыялу на паходні не было – у жаху шмат чаго пакінулі ля брамы. А безь сьвятла далёка не прайшлі б, бо даводзілася ня толькі выбіраць адпаведны шлях, але й абыходзіць ды пераскокваць мноства правалаў і шчылінаў, побач з праходамі зеўралі калодзежы, у якіх адбівалася рэха крокаў. I ў падлозе, і ў сьценах трапляліся расколіны, раз-пораз заўважалі іх прама пад нагамі. Найшырэйшая – ня меней за тры локці, і Піпін доўга прастаяў ля яе, пакуль набраўся адвагі скочыць. Зь яе даносіліся пляск і бурленьне, быццам вялізнае млынавае кола варочалася ў глыбіні.
– Вяроўка, – мармытаў Сэм. – Ведаў жа, што спатрэбіцца, – і не паклаў!
Падобныя небясьпекі траплялі ўсё часьцей, і рух запаволіўся. Падавалася, ужо вечнасьць тэпаюць і тэпаюць да самых горных каранёў. Стаміліся па-за ўсялякай мераю, але й ня думалі, каб прыпыніцца, – які ж тут адпачынак? Пасьля ўцёку ад брамнай пачвары, таксама пасьля ежы ды асабліва глытку мірувору Фродаў настрой узьняўся, але цяпер пачуцьцё трывогі ўзмацнялася, ператвараючыся ў страх. Хоць яго й ацалілі ў Долым Яры ад варожай раны, вядзьмарскай, ліхой, бясьсьледна яна не мінула. Фродавы пачуцьці абвастрыліся, ён нашмат мацней, чым раней, адчуваў тое, што не заўважалася вачыма. I ў змроку бачыў лепей за ўсіх паплечнікаў. апроч хіба Гэндальфа. I пярсьцёнак адчуваўся ўсё больш, часамі наліваўся цяжарам, нацягваючы ланцуг, сьціскаючы грудзі. Фрода ведаў пра прысутнасьць ліха: ворагі чакалі наперадзе, ворагі краліся сьледам, але пра тое маўчаў. Толькі сьціскаў цаўё меча ды ўпарта крочыў далей.
Падарожнікі перамаўляліся рэдка, і толькі пасьпешлівым шапатком. Па скляпеньні разносіліся адно гукі крокаў: глухое тып-тып гномскіх ботаў, цяжкая хада Бараміра, лёгкі шорхат
Ляголасавых чаравікаў, мяккае, ледзь чутнае шабуршаньне хобіцкіх босых ног. А ззаду – павольныя, упэўненыя, доўгія крокі Арагорна. Калі прыпыняліся, на момант павісала мёртвая цішыня, хіба толькі раз-пораз разьляталіся згукі кропляў, што сочацца ці падаюць недзе ў цемры. Аднак Фрода чуў – ці так падавалася – нешта іншае: ледзь адбітны пляскат босых ступакоў. Аніколі гучна ці блізка, але ўжо несумнеўна. Яно гучала й не прыпынялася, калі вандроўнікі ішлі... Але гэта было ня рэха, бо калі прыпыняліся, яшчэ колькі часу плюхкала само па сабе, толькі потым сьціхала.
У Морыю патрапілі пасьля заходу й прайшлі некалькі гадзінаў толькі з кароткімі прыпынкамі, калі Гэндальф нарэшце надоўга задумаўся. Перад ім за шырокай аркаю адкрываліся тры праходы, усе ў патрэбным напрамку, на ўсход. Але левы спускаўся, правы веў угору, трэці ж – проста й роўна, але быў надта вузкі.