Выбрать главу

Абудзіў усіх таксама Гэндальф. Праседзеў у самоце шэсьць гадзінаў, дазволіўшы астатнім выспацца.

– Вартуючы я й вырашыў, – давёў кампаніі, – сярэдні калідор мне не падабаецца. I левы таксама, бо зь яго яўна сьмярдзіць. Ну, таму прапаную рушыць па правым. Мяркую, нам ужо час падымацца.

Пайшлі й крочылі восем гадзінаў з двума нядоўгімі прыпынкамі. Аніякай небясьпекі не напаткалі, анічога незвычайнага ня чулі й ня бачылі анічога, акрамя зыбкага агеньчыка на чараўніковым кіі, дрогкага й скаклівага, бы балотны сьвятляк. Абраны калідор, віючыся, упарта падымаўся. Падавалася, ён кружляў вітуніцаю, вёў угору й з кожным новым вітком рабіўся шырэйшым ды вышэйшым. Ані іншых калідораў, ані. праходаў ад яго не адгаліноўвалася, і падлога была гладкая, бяз шчылінаў або правалаў. Відавочна, патрапілі на нейкі значны шлях і рушылі цяпер па ім нашмат хутчэй, чым у першы дзень.

На ўсход гэткім чынам прасунуліся вёрстаў на пятнаццаць, калі па прамой, а нагамі вымералі ўсе дваццаць ці нават болей. З дарогай уздымаўся й Фродаў настрой. Але толькі патроху, бо трывога анікуды не падзелася, і часам зноў чулася – ці падавалася? – далёка за кампаніяй Зьвязу, за рэхам іхніх крокаў і не сугучна зь ім, слабое тупаценьне нечых босых ног.

Шыбавалі столькі, колькі хобіты здолелі без адпачынку, і ўжо шукалі месца для начлегу, калі сьцены пааберуч зьнянацку зьніклі. Падарожнікі, прайшоўшы пад нябачнаю вялізнаю аркаю, апынуліся ў вялікай цьмянай прасторы. Ззаду моцна дзьмула цяплейшым паветрам, а сьпераду цемра кранала твары холадам. Сябры Зьвязу спыніліся ды згуртаваліся, трывожна азіраючыся.

– Так, усё ж я абраў слушны шлях, – задаволена вымавіў Гэндальф. – Нарэшце мы сягнулі жылых пячораў, мяркую, непадалёк ад усходняга краю гор. Але ж цяпер, калі не памыляюся, мы нашмат вышэй ад Дымрыльскай Брамы. Па руху паветра падаецца, што мы ў нейкай залі. Ну, трэба рызыкнуць і падсьвяціць яе насамрэч.

Узьняў кій, і на момант зь яго палыхнула маланкаю. Мільганулі вялізарныя цені й высьветлілі перад вяртаньнем паўнюткай чарнаты высачэзны дах, падперты мноствам моцных калёнаў, вычасаных з каменю. Наперадзе й паабапал цягнулася доўгая пустая заля. Яе чорныя сьцены, сьлігтаваныя, гладкія, бы шкло, узбліснулі, люструючы сьвятло. У залю вялі яшчэ тры праходы пад гіганцкімі аркамі: наперадзе, прама перад вандроўнікамі й паабапал.

– Пакуль до ілюмінацыі, – сказаў Гэндальф. – У верхніх ярусах Морыі ёсьць вялізныя вокны, высечаныя ў горных схілах, і асьветленыя капальні. Лічу, мы ўжо ля іх, але вонкі ноч, і таму да сьвітанку наўрад ці мы пабачым болей. Напэўна, раніцою павітаем сапраўднае сонечнае сьвятло. А да яго лепей тут і прыпыніцца. Паспрабуем адпачыць. Дасюль усё йшло файна, большую й горшую частку шляху здужалі. Хоць засталося нямала, і да вонкавай брамы яшчэ колькі ходу.

Ноч бавілі ў залі, згуртаваўшыся ў куце й скурчыўшыся, каб схавацца ад пранізьлівага скразьняку. З усходняга выхаду ўвесь час дзьмула холадам. Ляжалі ў неабсяжнай цемры, пустой, гулкай, і незьлічоныя грамады каменю вакол ціснулі на сэрцы, прыгняталі. Так самотна й згубна было сярод бясконцых калідораў, вычасаных скляпеньняў ды лесьвіцаў. Нават найжудасьнейшыя ўяўленьні, падказаныя хобітам недагаворанымі й вусьцішнымі чуткамі, далёка не сягалі сапраўдных жуды й цуду Морыі.

– Але, добра ж тут калісьці варушыўся натоўп гномаў, – зазначыў Сэм, – кожны, без сумневаў, капаў ды часаў, як барсук, няспынна, гадоў гэтак з паўтысячы, каб вырабіць такое. I ў суцэльным жа камені! А навошта? Як жа ў гэткай жахлівай нары магчыма жытлаваць?

– Гэта не жахлівыя норы, – пакрыўдзіўся Гімлі, – гэта вялікае каралеўства й горад Гномскія Залі. У даўніну яго напаўняла ня цемра, а сьвятло й раскоша. Пра тое дасюль сьпяваюць нашыя песьняры.

Гімлі ўзьняўся ды, стоячы сярод цемры, моцным, глыбокім голасам, ад якога пакацілася гулкае рэха, засьпяваў:

Быў юны сьвет і гор абшар, Ня ведаў плямаў поўні твар, Ніводны камень ці струмень, Ніводны квет або прамень Свайго імя шчэ не пачуў, Калі прачнуўся ды зірнуў На сьвет найпершы гаспадар, Вялікі Дарын, цар-імяр, I ў возеры між юных гор, У Люстары карону зор, Адбітых цьмянаю вадой, Убачыў раптам над сабой.
Быў сьвежы сьвет і гор абшар, Шчэ ясны дзень ня ведаў хмар, Раскошай зьзялі Гандалін I Наргатронд сярод далін. Шчэ акіян іх не схаваў, Калі тут Дарын цараваў.