Выбрать главу
Спарудзіў Дарын царскі трон У залі тысячы калён Пад столяй зырка-залатой, З падлогай срэбна-зараной, Заклёнам моцы на дзьвярах. А ў крышталёвых ліхтарах Зазьзялі сонца прамяні Ды зораў ясныя агні.
Там молат па кавадле біў, Разец часаў, чакан граніў, Шахцёр капаў, збраяр – сплятаў Лускою цмока броняў сталь, Апал, дыямант ды крышталь З шаломаў зьзялі ды пасоў, Цаўёў сякераў ды мячоў.
Тады шчэ стомы не спазнаў, Тады шчэ танчыў і сьпяваў, Вітаў сяброў падгорны род – Магутны Дарынаў народ.
Цяпер сусьвет наш састарэў. Кавальняў прысак пасівеў. Пра сталі звонь і арфаў сьпеў Забыў даўно падгорны цень. Ды ў Люстары між сівых гор Дасюль ляжыць карона зор, Чакаючы, каб уладар – Абуджаны найпершы цар – Адбіты цьмянаю вадой Яе пабачыў над сабой.

– Файна! – выгукнуў Сэм. – Я хачу вывучыць. "Ды ў Люстары між сівых гор дасюль ляжыць карона зор!" Як гучыць, га! Але цяпер, калі ўзгадваеш усенькія тыя ліхтарні й залатыя столі, цемра робіцца яшчэ чарнейшай. А што, кучы золата й дыямантаў яшчэ ляжаць навокал?

Гімлі маўчаў. Прасьпяваўшы, болей размаўляць не хацеў.

– Кучы золата? – Гэндальф усьміхнуўся. – Не. Оркі спустошылі Морыю. У верхніх залях анічога не засталося. А з часоў гномавых уцёкаў аніхто не адважваецца абшукаць глыбокія капальні й скарбніцы, бо іх затапілі альбо падгорныя воды, альбо жах.

– Чаму ж тады гномы імкнуцца сюды зноў і зноў? – зьдзівіўся Сэм.

– Па міфрыль, – давёў Гэндальф. – Бо заможнасьць Морыі была ані ў золаце й самацьветах, гномскіх цацках, ані ў жалезе, пакорлівым служку. Іх тут хапала, сапраўды, асабліва жалеза. Здабываць іх наўрад ці патрабавалася – тутэйшыя гномы маглі атрымаць што заўгодна праз гандаль. Бо толькі тут ва ўсім сусьвеце ёсьць срэбра Морыі, ці праўдзівае срэбра, як завуць яго часам. Па-эльфску міфрыль. У гномаў для яго ўласны назоў, які – чужынцам не распавядаюць. Міфрыль каштаваў болей за золата ў дзесяць разоў, а цяпер ён і ўвогуле ня мае цаны, бо яго амаль не засталося на паверхні, а ў глыбіні нават оркі капаць не наважваюцца. Бо рудныя жылы цягнуцца на поўнач да Карадрасу, а пад ім вядуць уніз, у чорную цемру. Як здабывалі міфрыль, гномы не распавядаюць. Калі міфрыль пабудаваў іх дабрабыт, ён яго й зьнішчыў. Бо гномы ўкопваліся надта прагна, лезьлі глыбей, каб здабыць яшчэ болей, і абудзілі Дарынаў Праклён, і ўцяклі, ратуючыся ад яго. Здабыты міфрыль практычна ўвесь пасабралі оркі дый заплацілі ім даніну Саўрону. Той жа імкнецца прыдбаць увесь міфрыль, які толькі здолее. I ня ён адзіны. Амаль кожны, хто хоць раз бачыў міфрыль, прагне яго. Найцудоўнейшы з мэталаў! Куецца, бы медзь, шліфуецца, бы шкло, надзвычай лёгкі, але гномы маглі зрабіць яго трывалейшым за гартаваную сталь. Хараство яго падобнае да срэбра, але ж міфрыль ня блякне, не пакрываецца пацінай, як звычайнае срэбра. Эльфы надзвычай любілі й шанавалі яго, шмат чаго рабілі зь яго, сярод іншага й іфільдын, зорныя літары, якія вы бачылі на браме. Більба меў кашулю зь міфрыльных кольцаў, якую Торын падараваў яму. Цікава, што зь ёй сталася? Напэўна, пыліцца ў Адметніку Міхальскага Выкапу.

– Што? – выгукнуў раптам Гімлі, абуджаны з сваёй задумлівасьці. – Кашуля з праўдзівага срэбра? Насамрэч царскі падарунак!

– Так, – пагадзіўся Гэндальф. – Я аніколі не казаў Більба, што ягоная кашулька каштуе болей за ўвесь Шыр зь ягонымі жыхарамі.

Фрода прамаўчаў, але ж памацаў пад вопраткаю кольцы сваёй таемнай броні. Насіць на сабе, пад курткаю, кошт усяго Шыру? Анічога ж сабе! Цікава, ці ведаў Більба? А няйначай жа й ведаў... Царскі падарунак, як і казалі. Падумаў пра Більба – і думкі самі сабою панесьліся далей, ад цемры Морыі да Долага Яру, да Більба, да Торбы-пад-Стромай, у тыя дні, калі Більба яшчэ жыў там. Каб толькі вярнуцца туды, у бесклапотнасьць і мір, стрыгчы траўку на газоне, займацца кветкамі ў вазонах – і ніколі, ніколі ня чуць пра Морыю й міфрыль – ці пра пярсьцёнак.