Выбрать главу

– І куды мы пойдзем? – спытаў Барамір.

– Назад, у залю. Але мы зайшлі сюды ня марна. Бо цяпер я ведаю, дзе мы. Гэты пакой, як Гімлі й казаў, заля Мазарбул, а заля за ёй – дваццаць першая з паўночнага краю. Таму нам трэба выходзіць на ўсход, а далей кіравацца направа й на поўдзень ды ўніз. Дваццаць першая заля – на сёмым ярусе, шэсьць ярусаў над узроўнем брамы. Хадзем! Трэба вяртацца ў залю.

Не пасьпеў Гэндальф дагаварыць, як пачуўся цяжкі, павольны грукат. Нібыта грымоты недзе далёка ўнізе хвалямі пакаціліся ўгару. Каменная падлога задрыжэла пад нагамі. Падарожнікі кінуліся да дзьвярэй, занепакоеныя. "Думмм, думмм", – пакацілася зноў, нібы нечыя веліканскія рукі ператварылі пячоры Морыі ў барабан і білі па ім. Рэхам выбухнуў у адказ магутны роў рога зь вялікай залі й адразу пачуліся грубыя галасы, выцьцё ражкоў і хуткае тупаценьне мноства ног.

– Яны йдуць! – выклікнуў Ляголас.

– Нам ня выбрацца! – адгукнуўся Гімлі.

– Ну, улезьлі ж! – азваўся Гэндальф. – І чаго я толькі затрымаўся? Цяпер і нас тут злавілі, як тых гномаў. Але ж тады зь імі не было мяне. Мы яшчэ паглядзім, хто тут каго...

Грымнула "думмм, думмм" – і сьцены затрэсьліся.

– Зачыніце дзьверы й закліньце іх! – загадаў Арагорн. – Трымайце хатулі як мага далей – мо мы яшчэ здолеем прабіць шлях вонкі!

– Не! – крыкнуў Гэндальф. – Нельга зачыняцца! Пакіньце ўсходнія дзьверы адчыненымі! Калі пашанцуе, выберамся празь іх!

Рог зароў зноўку, залямантавалі пранізьлівыя галасы. З калідору даляцеў пошчак мноства ног. Зь ляскам і бразганьнем вандроўнікі агалілі зброю. Гламдрынг зьзяў бледным сьвятлом, і Джала блішчэла краямі ляза. Барамір уперся плячом у заходнія дзьверы.

– Пачакай! Яшчэ не зачыняй! – папрасіў Гэндальф.

Скочыў да Бараміра, выпрастаўся ва ўвесь рост.

– Хто наважыўся парушыць спакой Баліна, уладара Морыі?! – выгукнуў што моцы.

У адказ шматгалоса зарагаталі, груба й хрыпла, нібы камяні паляцела ў яміну, і сярод гармідару ўзьняўся моцны голас, аддаючы загад. "Думмм, думмм, думмм", – ракатала ў глыбіні.

Гэндальф спрытна крочыў наперад, у шчыліну паміж дзьвярыма й сьцяною, дый вытыркнуў наперад кій. Успыхнула асьляпляльная бліскавіца, найзырчэйшае сьвятло. Чараўнік на момант вызірнуў і адразу адсунуўся. Па калідоры запозьнена сьвіснулі стрэлы.

– Оркі, – вымавіў Гэндальф. – I мноства. Некаторыя здаравенныя й надта небясьпечныя, чорныя ўрукі з Мордару. Пакуль што да дзьвярэй не падступіліся – нехта там у іх яшчэ. Баюся, пячорны троль. Вялізманы і, верагодна, не адзін. Праз гэтыя дзьверы нам не прабіцца.

– Калі яны падыдуць і да тых дзьвярэй, нам анікуды не прабіцца, – вымавіў Барамір.

– Адтуль анічога не чуваць, – сказаў Арагорн ад усходніх дзьвярэй, прыслухоўваючыся. – За праходам тут адразу ж лесьвіца ўніз, відавочна, назад да залі яна не вядзе. Але ж наўрад ці варта кідацца сюды й уцякаць бяздумна з пагоняю за сьпінамі. Бо гэтыя дзьверы нам звонку не зачыніць. Ключа няма, і замок зламаны, і адчыняюцца дзьверы ўсярэдзіну. Трэба спачатку затрымаць ворагаў, каб яны баяліся й крок зрабіць у залю Мазарбул, – дадаў змрочна, аглядаючы лязо свайго меча, Андарыля.

Гукі цяжкой хады данесьліся з калідору. Барамір кінуўся на дзьверы, прыціснуў, зачыняючы. Загнаў пад іх, закліньваючы, абламаныя лёзы мечаў і драўляныя ашчэпкі. Астатнія сябры адступілі ў далёкі канец пакою. Але ўцякаць час яшчэ не надышоў, бо ад моцнага ўдару дзьверы задрыжэлі – ды павольна пачалі разыходзіцца, скрыгочучы, адсоўваючы кліны. Вялізная рука, пакрытая цёмна-зялёнаю лускою, прасунулася ў шчыліну. Тады й ступак – веліканскі, пляскаты, бяспалы. Звонку не было чуваць ні гуку.

Барамір скочыў наперад ды секануў па руцэ з усяе моцы, але ягоны меч, зазьвінеўшы, сасьлізнуў і вырваўся з уздрыгнулай ваярскай рукі. На ім засталася вышчарбіна.

Зьнянацку, на ўласны подзіў, Фрода адчуў, як гарачая злосьць запаляе ягонае сэрца.

За Шыр! – выгукнуў ён і, скочыўшы да Бараміра, нахіліўся й пырнуў Джалам жудасны ступак. За дзьвярыма зараўлі, нага адшмаргнулася, ледзь ня вырваўшы Джала з Фродавай рукі. Чорныя кроплі з дымам пакаціліся зь ляза на падлогу. Барамір зноў кінуўся на дзьверы й зачыніў іх.

– Файна – за Шыр! – крыкнуў Арагорн. – Хобіты джаляць глыбока! У цябе добры клінок, Фрода, сын Дрога!