Выбрать главу

У дзьверы закалацілі зноў і зноў. Відавочна, молатамі й біламі. Дзьверы затрашчалі, паддаліся – і раптоўна прасунуліся назад, прачыніўшыся. Сьвіснулі стрэлы, але паляцелі коса, бясшкодна бразнуўшыся аб паўночную сьцяну. Завыў рог, пачуўся тупат, і ў пакой адзін за другім пачалі заскокваць оркі.

Колькі – падлічыць не пасьпелі. Бойка атрымалася нядоўгай, але надзвычай жорсткай: оркі, відавочна, не чакалі гэткага супраціву. Ляголас падстрэліў двох у шыі. Гімлі адсек ногі таму, хто скочыў на Балінаву магілу. Барамір з Арагорнам пасеклі мноства. Забілі трынаццаць, калі астатнія кінуліся ўцякаць зь енкам. Анікога зь сяброў не параніла, хіба Сэм атрымаў доўгую драпіну на галаве – не пасьпеў ухіліцца ад удару, але сам у адказ працяў ворага наскрозь кордам з Скляпеньняў. Сапраўдны ваярскі агонь палаў цяпер у бурых Сэмавых вачох. Тэд Пяшчак, напэўна, у кут забіўся б, пабачыўшы яго.

– Час уцякаць! – абвесьціў Гэндальф. – Хутчэй, пакуль яны зноў не прывялі троля!

Аднак калі толькі крочылі да дзьвярэй – Мэры зь Піпінам, першыя, і на сходы патрапіць не пасьпелі – у пакой скочыў орцкі правадыр-велікан ростам амаль з чалавека, апрануты ў чорную кальчугу з ног да галавы. За ім ля дзьвярэй стоўпіліся паплечнікі. Шырокі твар орка быў пляскаты й асмуглы, вочы палалі вугольлем, зырка чырванеў высалаплены язык. У руцэ орк трымаў вялізную дзіду. Штуршком шырокай тарчы адбіў Бараміраў меч, а самога Бараміра адкінуў на падлогу. З спрытам зьмяі нырнуў пад Арагорнаў удар, скочыў да Фрода – і запусьціў у яго дзідай. Канчар дзіды ўдарыў Фрода ў правы бок, шпурнуў хобіта да сьцяны й прыціснуў да яе. Сэм, выгукнуўшы, джгнуў кордам па дзідзе, і тая зламалася. Орк выпусьціў тронак і схапіў шаблю, але ў гэты момант Андарыль упаў на ягоны шалом. Узбліснуў сноп іскраў, і шалом разваліўся надвая. З расьсечанай галавой орк грымнуўся на падлогу. Ягоныя паплечнікі кінуліся прэч зь лямантам, калі Барамір з Арагорнам скочылі да іх.

"Думмм, думмм", – ракатала ў глыбінях. Моцны загадны голас данёсься зноў.

– Зараз жа! – выгукнуў Гэндальф. – Наш апошні шанец! Уцякайма!

Арагорн падхапіў Фрода й пабег да лесьвіцы, гонячы Мэры зь Піпінам перад сабою. Астатнія рушылі сьледам. Ляголасу давялося сілком адцягваць Гімлі ад Балінавай магільні. Нягледзячы на небясьпеку, той стаяў ля каменя, нахіліўшы галаву. Барамір, пацягнуўшы, зачыніў за сабою ўсходнія дзьверы, бразнулі завесы. На дзьвярох з абодвух бакоў віселі жалезныя кольцы, але замкнуць іх было нельга.

– Я... я ў парадку, – выдыхнуў Фрода. – Я магу йсьці! Пастаў мяне!

Арагорн ледзь ня выпусьціў яго ад зьдзіўленьня.

– Я палічыў – ты нежывы!

– Ён жывы! – выгукнуў Гэндальф. – Ну, дзіва! Але ж няма часу для загадак і здагадак. Хутчэй, прэч, уніз па лесьвіцы! Унізе пачакайце мяне колькі хвілінаў, але калі я неўзабаве не зьяўлюся, уцякайце безь мяне! Сьпяшайцеся, кіруйце направа ды ўніз.

– Мы не пакінем цябе аднога трымаць дзьверы! – запярэчыў Арагорн.

– Рабі, як кажу! – загадаў Гэндальф. – Ад мечаў тут болей карысьці няма! Ідзі!

Над лесьвіцай не было асьвятляльных сьвідравінаў і цемра панавала апраметная. Вандроўнікі навобмацак прабіраліся ўніз доўгімі сходамі. Спусьціўшыся, азірнуліся, але пабачылі толькі далёка наверсе слабы бляск агеньчыка на чараўніковым кіі. Гэндальф, відавочна, яшчэ трымаў варту ля дзьвярэй. Фрода, цяжка дыхаючы, прыхіліўся да Сэма. Той абняў яго, падтрымліваючы. Стаялі, пазіраючы ўгару, у цемру. Фрода падалося, што чуе Гэндальфаў голас. Ягоныя словы нягучным рэхам каціліся па нахільнай столі над лесьвіцай, адбіваліся й гасьлі – бы ўздыхі. Што Гэндальф казаў, Фрода разабраць ня мог. Сьцены дрыжэлі. Раз-пораз з глыбіняў цяжка біла: "Думмм, думмм, думмм!"

Зьнянацку зьверху шуганула белым сьвятлом. Заракатала глуха, данёсься цяжкі, абвальны грукат. Таемныя білы зачасьцілі шалёна: "думм-бумм, думм-бумм!!" – і раптам змоўклі. Гэндальф зьбег па лесьвіцы, ледзь трымаючыся на нагах, і ўпаў прама сярод сваіх спадарожнікаў.

– Ну нарэшце ўправіўся! – вымавіў, намагаючыся падняцца. – Зрабіў, што здолеў. Але ж патрапіў амаль на роўню сабе. Ледзь уратаваўся. Ня стойце тут! Рушце наперад! Пойдзем у цемры пакуль што – мне трэба хоць троху адпачыць. Хадзем жа! Хутчэй! Дзе ты, Гімлі? Пойдзеш наперадзе разам з мною! Астатнія, не адставаць!

Пасьпяшаліся за ім, спатыкаючыся дый разважаючы, што ж адбылося наверсе. Зноў завуркатаў гіганцкі барабан: "Думм, думмм". Цяпер ён падаваўся далёкім і гуў прыглушана, але ж не аддаляўся, нібы перасьледаваў. Іншых прыкметаў пагоні ня чулася: ані крокаў, ані галасоў. Гэндальф ня збочваў ні ўправа, ні ўлева, бо калідор, падавалася, вёў у патрэбным напрамку. Часьцяком трапляліся сходы, прыступак на паўсотні ці болей, і ўсе спускаліся. Ад іх і была найвялікшая небясьпека, бо ў цемры сябры ня бачылі спуску й затрымліваліся, толькі адчуўшы пад нагою пустэчу. Гэндальф выстукваў кіем падлогу наперадзе, бы невідушчы.