Выбрать главу

– Калі б мы спусьціліся па галоўным шляху зь верхніх заляў, тут бы й патрапілі ў пастку, – давёў Гэндальф. – А цяпер, спадзяюся, гэтае полымя адгародзіць нас ад пагоні. Хадзем! Трэба сьпяшацца!

Не дагаварыў, як зноў пачуўся перасьледны грукат барабанаў: "Думмм, думм, думмм!" Зь ценяў заходняга краю залі данесьліся выгукі, выцьцё ражкоў. "Думмм, думмм!" – калёны, падалося, задрыжэлі й полымя ўздрыгнула.

– Апошні кідок! – выгукнуў Гэндальф. – Калі вонкі зыркае сонца, мы здолеем уцячы! За мной!

Ён павярнуў налева й пабег па гладкай падлозе залі. Аднак бегчы давялося далей, чым меркавалі. За сьпінамі чулася тупаценьне мноства ног, памножанае рэхам. Разьнёсься пранізьлівы лямант – уцекачоў заўважылі. Бразнулі струны, зазьвінела сталь. Страла сьвіснула над Фродавай галавой.

– Не чакалі, напэўна! – засьмяяўся Барамір. – Мы не на тым баку! Агонь іх цяпер адрэзаў!

– Лепей глядзіце наперад, – заклікаў Гэндальф. – Перад намі мост, вузкі й небясьпечны.

Раптам Фрода ўбачыў перад сабою чорную бездань. У канцы залі падлога зьнянацку зьнікала й правал сыходзіў у цемру. Да вонкавых дзьвярэй вёў толькі тонкі каменны масток без парэнчаў ці хоць бы невысокай агароджы па краёх, без падпораў – адзіная выгінастая арка паўсотню стопаў даўжынёю, старажытная мяжа гномскай абароны супраць ворагаў, якія маглі захапіць Першую залю й вонкавыя праходы. Па мастку прайсьці можна было толькі цугам, па адным. На краі Гэндальф прыпыніўся, астатнія згуртаваліся за ягонай сьпінаю.

– Гімлі, наперад! – загадаў ён. – Піпін з Мэры наступныя. Кіруйцеся прама да дзьвярэй і ўгару па лесьвіцы за імі!

Стрэлы падалі ўжо паміж вандроўнікаў. Адна тыцнулася ў Фрода, адскочыла. Другая працяла Гэндальфаў капялюш дый захрасла, вытыркаючыся, бы чорнае пер'е. Фрода азірнуўся. За шчылінай, за полымем мітусілася безьліч чорных постацяў – там стоўпіліся, напэўна, сотні оркаў. Усе трэсьлі шаблямі й дзідамі, і лёзы іхнія адсьвечвалі крывавай барвай. "Думмм, думмм, думмм!" – каціўся грукат, усё гучней ды гучней: "Думмм, думмм!!"

Ляголас азірнуўся й паклаў стралу на струну, хоць для ягонага невялікага лука адлегласьць была завялікая. Нацягнуў, але раптам выпусьціў стралу на падлогу й ускрыкнуў ад адчаю й жаху. На тым баку зьявіліся два вялізманыя тролі з каменнымі плітамі ў рукох. Паклалі пліты над шчылінай, стварыўшы масткі. Але напалохалі эльфа ня тролі. Оркаў натоўп пасьпешліва рассунуўся па бакох, нібы яны таксама пералякаліся. Нешта крочыла ў залю, але што – было не разгледзець. Велетаўскі цень, а ўсярэдзіне цьмяная постаць, падобная абрысамі да чалавека, але вялізьнейшая. Жахам і жудаснай моцай веяла ад яе, і вусьціш крочыла перад ёю.

Цень сягнуў краю расколіны, і сьвятло сьцьмела – нібы хмара нахілілася па-над ім. Раптоўным кідком постаць скочыла над шчылінай. Полымя ўскінулася насустрач, абгарнула, быццам вітаючы, чорны дым узьвіўся ў паветра. Корзна чорнага ценю ўспыхнула, запалала за сьпінай чорнага вычварня. У правай руцэ ён трымаў меч – клінок пранізьлівага полымя, у левай – пугу з мноствам палымяных хвастоў.

– Ай! Ай! – залямантаваў Ляголас. – Балраг! Гэта йдзе балраг!

Гном Гімлі пазіраў у жудасным захапленьні, з ашклянелымі вачыма.

– Дарынаў Праклён! – выгукнуў нарэшце і, выпусьціўшы сякеру, закрыў твар рукамі.

– Балраг, – прамармытаў Гэндальф. – Цяпер зразумела.

Спатыкнуўся, пахіснуўшыся, цяжка абаперся на кій.

– Не шанцуе нам, сапраўды. А я так стаміўся!

Чорная постаць, прамянеючы полымем, рушыла да іх. Оркі загаласілі, натоўпам кінуліся праз каменныя масткі. Барамір узьняў свой рог і пратрубіў – нібы мноства глотак выдыхнула ваярскі кліч пад дахам пячоры. На момант оркі прыпыніліся, напалоханыя. Прыпыніўся нават балраг. Але рэха раптоўна згасла, як сьвечка, задзьмутая чорным ветрам, і ворагі рушылі наперад зноў.

– На мост! – выгукнуў Гэндальф, зьбіраючыся зь сіламі. – Уцякайце! Гэты вораг не па вас! Я застануся трымаць праход! Уцякайце!

Арагорн з Барамірам нібы й ня чулі, стоячы поплеч за Гэндальфам ля дальняга ўскрайку мосту. Астатнія прыпыніліся ля дзьвярэй напрыканцы залі, не жадаючы пакінуць правадыра з ворагам сам-насам.