Балраг сягнуў мосту. Гэндальф стаяў пасярэдзіне яго, абапіраючыся на кій, які трымаў левай рукою. Правай чараўнік сьціскаў Гламдрынг, што ільдзяна зьзяў. Вораг прыпыніўся зноў, і цень за ім разьвінуўся, разгарнуўся двума вялізарнымі крыламі. Балраг шчоўкнуў пугай, яе хвасты зь сьвістам расьсеклі паветра, хрустка пляснулі. З балрагавых наздрынаў вырвалася полымя. Але ж Гэндальф не пахіснуўся.
– Ты ня пройдзеш! – сказаў ён.
Оркі змоўклі, зьнерухомеўшы.
– Я – слуга Таемнага Агню, у маіх руках – полымя Анару, – вымавіў Гэндальф у мёртвай цішыні. – Ты ня пройдзеш. Агонь цемры не дапаможа табе тут, вогнішча Ўдуну! Прэч, пачвара, у Цень! Ты ня пройдзеш!
Балраг не адказаў анічога. Агонь ягоны нібы прыгас, але цемра вакол разраслася. Пачвара павольна крочыла на мост – і зьнянацку выпрасталася на ўвесь рост, раскінуўшы крылы ценю ад сьцяны да сьцяны. Аднак постаць Гэндальфа ўсё адно праступала скрозь яе, прабліскваючы праз змрок. Маленькі, самотны стары, сагнуты гадамі й сівы, – рыхтык састарэлае, ссохлае дрэўца перад навалаю магутнага ўрагану.
Зь цемры бліснуў барвовы меч.
Гламдрынг зазьзяў белым сьвятлом у адказ.
Пачуліся звон ды бразгат, выбухнула белае полымя. Балраг адхіснуўся, адсунуўся назад, меч ягоны разьляцеўся мноствам расплаўленых аскепкаў. Гэндальф пахіснуўся таксама, адступіў на крок – і зноў стаў цьвёрда й спакойна. I паўтарыў:
– Ты ня пройдзеш!
Балраг скочыў на мост, кінуўся наперад. Ахвосьці вогненнай пугі закруціліся, засьвісьцелі.
– Адзін ён ня вытрымае! – выкрыкнуў Арагорн раптам і пабег да мосту.
– Элендыль! – выклікнуў на бягу. – Я з табою, Гэндальф!
– Гондар! – выгукнуў Барамір і скочыў сьледам.
У гэты момант Гэндальф узьняў кій і, выклікнуўшы гучна, ударыў па мосьце перад сабою. Кій разламаўся надвая й выпаў зь ягонай рукі. Асьляпляльная смуга белага полымя шуганула наперад. Мост храснуў – і пераламаўся пад балрагавымі нагамі. Камень, на якім стаяў пачварань, абрынуўся ўніз, а рэшткі мосту засталіся, уздрыгваючы, нібы каменныя языкі, высалапленыя ў пустэчу.
З жудасным лямантам балраг паляцеў у прорву, цень яго імчэў туды разам зь ім і зьнік. Але летучы, пачвара ўзмахнуў пугаю, хвасты ўскінуліся, абвіліся вакол каленяў чараўніка й падцягнулі яго да краю. Гэндальф пахіснуўся. Упаў. Учапіўся рукамі за камяні. Дарма – пуга цягнула яго. I ён сасьлізнуў у цемру.
– Уцякайце, вы, дурні! – пасьпеў выгукнуць. І зьнік.
Полымя згасла, і ўсё агарнуў апраметны змрок. Сябры стаялі, здранцьвеўшы ад жаху, пазіраючы ў прорву. Арагорн з Барамірам ледзь пасьпелі саскочыць з мосту, калі рэшткі яго трэснулі дый абрынуліся ўніз.
– Гэй, пойдзем! – азваўся Арагорн, абуджаючы астатніх. – Трэба сьпяшацца! Мусім выканаць ягоны апошні загад! За мною – я павяду вас!
Спатыкаючыся, ускараскаліся па вялікай лесьвіцы за дзьвярыма. Арагорн першы, Барамір пазадзе. Наверсе патрапілі ў шырокі, гулкі ад рэха калідор. Пабеглі. Фрода на бягу чуў, як плача побач Сэм, і раптам зразумеў, што таксама плача. "Думмм, думм, думм!" – каціўся за імі барабанны бой, цяпер сумны й павольны. "Думм!"
Беглі няспынна. Вакол пашарэла, промні падалі ўніз зь сьвідравінаў у столі. Пагналі яшчэ хутчэй, мінулі залю, асьветленую высокімі вокнамі ва ўсходняй сьцяне. Скочылі за вялізныя раструшчаныя дзьверы й пабачылі перад сабою Вялікую браму – арку асьляпляльнага сьвятла.
За высокімі калёнамі пааберуч ад брамы, на якіх калісьці віселі брамавыя створы, цяпер выламаныя і кінутыя долу, хавалася орцкая варта. Арагорн на бягу секануў яе ачольцу, зьбіў яго на зямлю. Астатнія сыпанулі прэч, настрашаныя Арагорнавым шаленствам. Чальцы Зьвязу Пярсьцёнка прамчалі побач зь імі, не зьвяртаючы на іх ўвагі. Выбеглі за браму, паскакалі ўніз па выцертых і патрэсканых вялікіх прыступках, ганку Морыі.
Нарэшце па-за ўсялякай надзеяй вырваліся пад адкрытыя нябёсы й адчулі вольны вецер на тварах.
Не спыняліся, пакуль не аддаліліся на стрэл з лука ад сьценаў. Перад імі ляжала Дымрыльская даліна, пакрытая ценем Туманных гор. Але на ўсходзе зямля залацілася сьвятлом. Была гадзіна пасьля полудня. Сонца зьзяла, плылі белыя й высокія аблокі.
Азірнуліся. Арка брамы зеўрала чарнатою ў горным цені. Ледзь чутна, далёка пад зямлёю павольна кацілася: "Думм". З-за брамы сачыліся тонкія пялёсткі чорнага дыму. Болей анічога ня бачылі – даліна навокал была пустая. "Думмм". Туга нарэшце нагнала вандроўнікаў. I яны, прыпыніўшыся, заплакалі. Хто стоячы, амаль моўчкі, хто сеўшы на зямлю. "Думм, думм". Барабанны бой слабеў і сьціх.