– Калі хочаш узяць яго сабе, так і скажы! Але ж табе ён не дастанецца! Я сваю каштоўнасьць не аддам! – Більбава рука пацягнулася да цаўя ягонага маленькага меча.
Гэндальфавы вочы бліснулі.
– Глядзі, даражэнькі, яшчэ крыху – і надыдзе мой час раззлавацца. Тады ты пабачыш сапраўднага Гэндальфа Сівога! – чараўнік крочыў да Більба, зрабіўшыся нібыта вышэй ростам, змрочны й пагрозьлівы. Ягоны цень запоўніў увесь пакой.
Більба прыціснуўся да сьцяны, цяжка дыхаючы, ухапіўшыся рукой за кішэню. Гэтак яны стаялі, пазіраючы адзін на аднаго, у цяжкой, невыноснай цішыні. Нарэшце Більба адвёў вочы, адпусьціў цаўё – і задрыжэў.
– Ня ведаю, што найшло на вашу – ніколі такім ня бачыў, – прамовіў хобіт, – а з-за чаго ўсё? Ці ж ён ня мой? Я ж знайшоў яго. А каб не ўтрымаў, Глыкс мяне забіў бы. Ён хлусіў, я ня злодзей.
– Я цябе злодзеем ня зваў і не заву. I я ня злодзей. Я не рабую цябе, а дапамагаю. Хацеў бы я, каб ты давяраў мне, як даўней, – Гэндальф адвярнуўся, і цень зьнік. Чараўнік зноў паменшыўся, ператварыўшыся ў звычайнага старога, стомленага й занепакоенага.
Більба правёў рукой па вачох.
– Нешта й на мяне найшло. Нібыта дурнота якая. Бо сапраўды палягчэе, калі болей ані яго, ані клопатаў зь ім. Апошнім часам я думаў усё пра яго ды пра яго. Калі-нікалі падавалася: нібыта ён – вока, і назірае за мною. I заўсёды хочацца насунуць на палец і зьнікнуць, ці думкі адольваюць: можа, здарылася нешта, трэба ж дастаць, праверыць. Спрабаваў пакласьці пад замок – ды мне спакою няма, калі ён ня з мною. I ня ўцямлю, чаму так. I вырашыцца наконт яго я ня здольны.
– Тады даверся мне, – параіў Гэндальф, – усё ж падрыхтавана. Ідзі прэч і пакінь яго тут. Аддай Фрода. А я ўжо яго дагледжу.
Більба памаўчаў крыху, відавочна вагаючыся, уздыхнуў і нарэшце вымавіў:
– Ну, мусіць, так.
Потым паціснуў плячыма й неяк бязрадасна ўсьміхнуўся.
– Урэшце, і ўся гэная вечарына пра тое й была. Думаў, параздаю гару падарункаў, мо будзе лягчэй і яго аддаць. Не, ня стала лягчэй. Аднак столькі падрыхтоўкі й клопатаў – няўжо дарма? Шкада псаваць жарт.
– Так, і пазбавіць усю задумку адзінага яе сэнсу, – дадаў Гэндальф.
– Добра. Ён адыдзе да Фрода разам з усім астатнім, – Більба глыбока ўздыхнуў, – а цяпер мне час ісьці, альбо хто-небудзь яшчэ мяне перахопіць. Сваё "бывайце" я ўжо сказаў, і паўтарацца ня хочацца.
Ён падхапіў торбу й рушыў да дзьвярэй.
– А пярсьцёнак яшчэ ў тваёй кішэні.
– Так! I тастамант таксама, і ўсе астатнія паперы. Вазьмі іх сам ды перадай Фрода. Гэтай надзейней за ўсё.
– Не, не давай мне пярсьцёнак. Пакладзі на паліцу над агменем. Няхай ляжыць, пакуль ня прыйдзе Фрода. А я ўжо павартую й дачакаюся яго.
Більба выцягнуў капэрту, а калі ўжо амаль апусьціў на паліцу, рука ягоная нечакана здрыганулася й капэрта ўпала на падлогу. Не пасьпеў ён нахіліцца й падняць, як чараўнік ужо падхапіў яе й паклаў на паліцу. Хобітаў твар перакрывіўся ад раптоўнай злосьці – і праз імгненьне зьмяніўся палёгкай і сьмехам.
– Ну, зроблена! А зараз – у дарогу!
Абодва пакінулі залю. Більба ўзяў свой улюбёны кіёк, тады сьвіснуў. З суседніх пакояў выйшлі тры гномы.
– Ці ўсё падрыхтавана? Спакавана, цэтлікі прымацаваныя?
– Усё, – адказалі яны.
– Ну, тады рушма! – і ён крочыў за дзьверы.
Файная разьвінулася ноч: на чорных нябёсах зіхацела безьліч зорак. Більба зірнуў угару, уцягнуў паветра.
– Добра! Якая ж асалода – зноў вандраваць, зноў выйсьці на шлях разам з гномамі! Вось чаго мне не ставала ўсе гэтыя гады. Бывайце! – зьвярнуўся ён да старой сядзібы й пакланіўся дзьвярам. – Да пабачэньня, Гэндальф!
– Сапраўды, да пабачэньня, Більба! Беражы сябе. Ты ўжо стары, ну, напэўна, і мудры таксама.
– Берагчыся? Чаго? Не хвалюйся за мяне. Я цяпер шчасьлівейшы чым калі, а гэта нечага ды вартае. Час надышоў. Зноў сьцежка ўхапіла мяне за пяты, – дадаў ён і ціхенька, нібы сам сабе, засьпяваў у змроку:
Потым змоўк. А тады, не прамовіўшы болей ані слоўца, адвярнуўся ад сьвятла й галасоў з намётаў Вечарыны й у суправаджэньні трох паплечнікаў-гномаў пайшоў праз сад. А ад яго – уніз па доўгай стромай сьцежцы. Скочыў праз нізкую агароджу й пашыбаваў лугам, лёгкі, нібы начны вецер у траве.