– I ўсе стрэлы ўсіх паляўнічых сьвету сапсаваліся б на тых скурках, – вымавіў Гімлі, аслупянела ўтаропіўшыся ў кальчугу. – Гэта ж міфрыль! Міфрыль! Я аніколі ня бачыў гэткага файноцьця, нават ня чуў пра такое! Ці ж гэта тая самая бронька, пра якую згадваў Гэндальф? Ён шмат зьменшыў, распавядаючы! Але ў добры час яна дадзеная, насамрэч.
– А мне часьцяком карцела вызнаць, – сказаў Мэры, – чым гэта Фрода зь Більба займаюцца, зачыніўшыся ў маленькім пакойчыку. Здароўя й дабрабыту старому спадару! За тое люблю яго шчэ болей. Спадзяюся, нам самім пашанцуе распавесьці яму пра тое асабіста!
На Фродавым правым баку й грудзёх чарнеў вялізны сіняк. Кальчуга мела пад кольцамі яшчэ й падбіўку зь мяккай скуры, але ў месцы ўдару кольцы праціснулі яе й упіліся ў цела. Левы Фродаў бок, якім пад дзідай бразнуўся аб каменную сьцяну, таксама быў падрапаны ды пасінелы. Пакуль астатнія гатавалі ежу, Арагорн прамыў драпіны ўзварам ацэласу. Сакавіты водар паплыў над цясьнінай. Усе, хто нахіліўся над рондалем з узварам, удыхаючы пару, адчулі, што й бадзёрасьці, і сілаў дадалося. Неўзабаве й Фродаў боль адступіў, і дыхаць стала лягчэй, хоць кранаць сінякі й драпіны яшчэ цягам многіх дзён было балюча. Каб ад вопраткі не балела, Арагорн прыбінтаваў да сінякоў кавалкі мяккай тканіны.
– Твая кальчужка цудоўна лёгкая, – дадаў, скончыўшы. – Апрані яе зноў, калі здолееш. Мне насамрэч прыемна ведаць, што ты маеш гэткую абарону. I не здымай, нават на ноч, пакуль лёс не прывядзе нас у бясьпечнейшыя землі, а іх на тваім шляху патрапіцца, на жаль, небагата.
Паелі й падрыхтаваліся выходзіць. Загасілі вогнішча ды схавалі ягоныя сьляды. Выбраліся зь цясьніны й зноў крочылі па дарозе. Прайшлі надта мала, калі сонца схавалася за гарамі й ад іх папаўзьлі доўгія змрочныя цені. Леглі пад ногі, блытаючыся з туманом, што падымаўся з панізьзяў. Далёка на ўсходзе шэрае сьвятло сутоньня яшчэ ляжала на роўнядзях і лясах. Фрода з Сэмам цяпер пачуваліся пасьвяжэлымі, трымалі хаду добра, і цягам наступных трох гадзінаў давялося ўсяго раз прыпыняцца, і тое ненадоўга.
Нарэшце зьвечарэла. У начных нябёсах высыпалі ясныя зоры. Ды ветаху не было відаць. Гімлі й Фрода рушылі апошнімі, крочылі мякка, моўчкі, прыслухоўваючыся да гукаў за сьпінамі. Нарэшце Гімлі загаварыў.
– Анічога, акрамя ветру. Аніякіх гоблінаў – ці мо мае вушы зьмярцьвелі. Спадзяюся, оркі задаволіліся, выгнаўшы нас з Морыі. Можа, толькі таго яны й хацелі, аніякага пярсьцёнка на ўвазе ня маючы. Аднак оркі звычайна перасьледуюць ворагаў далёка па роўнядзях, асабліва дзеля помсты за правадыроў.
Фрода не адказаў. Зірнуў на лязо Джала – яно не сьвяцілася. Але ж нешта ён чуў, ці яму падавалася, што чуў. Як толькі сутонела й дарога за сьпінай аспусьцілася ў змрок, зноў данёсься часты поступ крокаў. Нават і цяпер. Фрода раптоўна азірнуўся. Далёка за сьпінай мільгнулі два малюсенькія агеньчыкі – ці толькі падалося, што мільгнулі, – аднак адразу таргануліся ўбок і згасьлі.
– Што гэта? – спытаў гном.
– Ня ведаю. Падалося, пачуў нешта падобнае да крокаў і пабачыў адбіткі сьвятла – быццам ад вачэй. Мне часьцяком такое падавалася, як толькі мы трапілі ў Морыю.
Гімлі нахіліўся да зямлі, прыслухоўваючыся.
– Не, я чую толькі начныя ўздыхі расьлінаў ды камянёў. Хадзем! Трэба сьпяшацца! Астатнія ўжо й нябачныя наперадзе.
Начны вецер высьцюжваў даліну перад імі. Наперадзе вырас вялізны шэры цень, пачуўся няспынны шорхат, нібы ад таполяў пад вясновым духавеем.
– Латлорыйн! – выгукнуў Ляголас. – Гэта Латлорыйн! Мы сягнулі нарэшце ўскрайку Вялікага лесу. Як шкада, што цяпер зіма!
Начныя дрэвы ўздымаліся ў нябёсную цемру, схіляліся над дарогай, над струменем, які хаваўся раптоўна пад распасьцёртымі галінамі. У цьмяным сьвятле зораў ствалы іхнія рысаваліся шэрымі, а дрыготкае лісьце – састарэлым рудым золатам.
– Латлорыйн! – уздыхнуў Арагорн. – Як радасна зноў пачуць вецер у гэтых дрэвах! Мы адышлі ўсяго на тры мілі ад брамы, але сёньня шмат ня пройдзем. Трэба спадзявацца, што моц эльфаў і іх лесу абароніць нас ад перасьледу.
– Калі эльфы яшчэ жывуць тут, у прыцемках нашага сьвету, – заўважыў Гімлі.
– Мае суродзічы ўжо доўга не вярталіся сюды, на зямлю, адкуль выйшлі шмат стагодзьдзяў таму, – сказаў Ляголас, – але мы чулі, што Лорыйн яшчэ не запусьцеў, што на ім таемная моц, якая абараняе ад ворагаў і не дазваляе ім перасекчы яе межы. Аднак народ Лорыйну мы цяпер бачым зрэдку. Мабыць, яны цяпер жытлуюць глыбока ў лесе, далёка ад паўночнай мяжы.
– Але, яны глыбока ў лесе, – пацьвердзіў Арагорн і ўздыхнуў, нібы згадаўшы нешта кранальнае. – Сёньня нам самім давядзецца паклапаціцца пра сябе. Крыху пройдзем наперад, паглыбімся ў лес, а тады збочым дый пашукаем месца для начлегу.