Выбрать главу
На бераг далёкі Амрат зірнуў I пракляў карабель, І песьняй над хвалямі загукаў Сваю Німрадэль.
Бо ён уладарным быў каралём Сьветлых Лорыйну дрэў. Сонечнай сілай, лясным струмянём Зьвінеў яго сьпеў.
Моцны, кінуўся ён з карабля, Як ад струны страла, І хваляў калыска яго прыняла, Нібы немаўля.
Промнем рушыў ён між валоў, Лебедзем па вірах, Між белапенных іх грабянёў, Зь ветрам у валасах.
Дзе ж цяпер Амрат, кароль лясоў? Ані ветры зямлі, Ані ветры Замор'я дзіўных краёў, Яго не знайшлі.

Голас Ляголаса раптам задрыжэў і змоўк.

– Не, я не магу болей сьпяваць, – сказаў ён. – Гэта малая частка доўгага сьпеву, але я шмат што забыўся, дый там далей сумна й змрочна. Расповед пра тое, як гора прыйшло ў Латлорыйн, Лорыйн Кветак, калі гномы абудзілі падгорнае ліха.

– Гномы не стваралі аніякага ліха, – абурыўся Гімлі.

– Я не сказаў "стварылі" – абудзілі, – вымавіў Ляголас з горычу. – Тады многія суродзічы Німрадэлі пакінулі свае жытлішчы й сышлі, і яна таксама. Яна згубілася далёка на поўдні, на перавалах празь Белыя горы, і не прыйшла да карабля, на якім чакаў яе каханы, Амрат. Але штовясну, калі вецер шапаціць у сьвежым лісьці, над ракою, над вадаспадамі, якія носяць яе імя, ажывае рэха яе голасу. А паўночны вецер прыносіць ад мора голас Амрата. Бо Німрадэль уліваецца ў Срабрынку, якую эльфы клічуць Келебранта, а Келебранта ўпадае ў Вялікі Андуйн, які цячэ ў заліў Бэльфалас, адкуль адплывалі калісьці эльфы Лорыйну. Ані Німрадэль, ані Амрат болей не вярнуліся сюды. Распавядаюць, што яна жыла ў хаціне, пабудаванай на дрэве сярод галінаў. Бо так звычайна й жылі эльфы Лорыйну, магчыма, жывуць і дасюль. Таму іх называлі галадрымы, народ дрэваў. Глыбока ў лесе дрэвы насамрэч найвялізьнейшыя. Жыхары лесу не закопваліся ў зямлю, як гномы, і не будавалі каменных муроў да таго, як прыйшоў Цень.

– I нават у нашыя дні сядзець на дрэвах, мабыць, бясьпечней, чым на зямлі, – дадаў Гімлі, зірнуўшы за раку, на шлях, які вёў да Дымрыльскай даліны, а тады на цьмянае сеціва галінаў над галавою.

– Твая парада слушная, Гімлі, – заўважыў Арагорн. – Хаты нам на дрэве не пабудаваць, але няшкодна, рыхтык галадрымы, пашукаць сховішча ў кроне, калі здолеем, вядома. Мы ўжо праседзелі ля дарогі нашмат болей за разумнае.

Вандроўнікі зьвярнулі зь сьцежкі, накіраваўшыся да цяністага гушчару, на захад уздоўж струменю, прэч ад Срабрынкі. Непадалёк ад вадаспадаў Німрадэлі знайшлі шчыльную купку дрэваў. Некалькі нахіляліся над рэчкаю. Іхнія вялізныя шэрыя ствалы былі неахопнай таўшчыні, а кроны губляліся ў цемры.

– Я ўскараскаюся, – вырашыў Ляголас. – Я ў лесе як у сябе дома, хоць тутэйшыя дрэвы дзіўнаватыя. Я іх толькі зь песьняў і ведаю. Яны называюцца мэларны. Менавіта яны ўвесну абсыпаныя жоўтымі кветкамі. Я яшчэ аніколі на такі не забіраўся. Ну, пабачым, як яны растуць ды як уладкаваныя.

– Гэтак ці інакш, – сказаў Піпін, – файна, каб на гэтых найцудоўнейшых дрэвах маглі б спаць ня толькі птушкі. Бо я ж ня певень праседзець ноч на шастку!

– Тады выкапай нару, – прапанаваў Ляголас, – калі гэта болей звычна для твайго народу. Але ж капай хутка й глыбока, каб схавацца ад оркаў.

Лёгка скочыў ды ўчапіўся за галіну, якая расла высока над ягонай галавой. Павіс на момант, прымяраючыся, – і зьнянацку згары пачуўся загадны голас: "Дара!" Ляголас саскочыў на зямлю, зьдзіўлены й напалоханы. Адразу адсунуўся, прыціснуўшыся да ствала.

– Ня рухайцеся! – прашаптаў астатнім. – Стойце моўчкі, ані гуку!

Над галовамі прашамацеў ціхі сьмех, і другі голас, чысты й ясны, вымавіў нешта па-эльфску. Фрода амаль нічога не зразумеў, бо размаўлялі не на мове эльфаў Захаду, а на гаворцы, якою лясныя эльфы на ўсход ад гор карыстаюцца міжсобку. Ляголас зірнуў угару й адказаў той самай гаворкаю.

– Хто яны такія, што кажуць? – спытаў Мэры.

– Эльфы, вядома, – адказаў Сэм. – Ці ж вы ня чуеце галасоў?

– Так, эльфы, – пацьвердзіў Ляголас, – і яны кажуць, што вы дыхаеце так гучна, што вас і ў паўнюткай цемры падстрэліць няцяжка.