Піпін яшчэ намагаўся пагаманіць.
– Ну, як жа тут спаць. Спадзяюся, што сонны я з гэтай курасадні не звалюся.
– Калі я засну, дык і буду спаць, – прабурчэў Сэм. – I чым меней мы тут словамі будзем кідацца, тым хутчэй капыты спачнуць, калі вы разумееце, пра што я.
Фрода пэўны час ляжаў, пазіраючы на зоры, якія праблісквалі празь цёмную столю дрыготкага лісьця. Сэм жа салодка захроп задоўга да таго, як Фрода заплюшчыў вочы. Скрозь паўдрымоту цьмяна рысаваліся шэрыя постаці двух эльфаў – нерухомыя, з рукамі на каленях. Эльфы перашэптваліся ледзь чутна. Астатнія спусьціліся да ніжэйшых галінаў трымаць варту. Нарэшце, залюляны ветрам у гальлі над галавою й салодкім шапаценьнем вадаспадаў унізе, Фрода заснуў канчаткова, і ў снах ягоных люстравалася Ляголасава песьня.
Пасярод ночы прачнуўся. Астатнія хобіты спалі, эльфы зьніклі. Сярпок ветаху слаба прабліскваў у лісьці. Вецер сьцішыўся. Непадалёк пачуўся тупат мноства ног і грубы рогат. Бразнуў мэтал. Гукі паступова сьцішыліся, аддаліліся некуды на поўдзень, у лес.
У дзірцы пасярод талану з'явілася галава. Фрода сеў, устрывожаны, але тое быў эльф у шэрым каптуры.
– Што такое? – спытаў Фрода.
– Ырч! – прашыпеўэльф ціха й выцягнуў за сабою скатаную лесьвіцу.
– Оркі? – перапытаў Фрода. – Што яны робяць?
Але эльф ужо зьнік.
Болей не чувалася анічога. Нават вадаспады неяк прыцішыліся й лісты не шамацелі. Фрода сеў, дрыжучы пад коўдрамі. Меркаваў: файна, што не засталіся на зямлі, аднак якая абарона з дрэваў, акрамя сховішча? Оркі, як кажуць, здольныя вынюхваць ня горш за сабак і лазіць па дрэвах умеюць. Выцягнуў Джала з похваў. Тое зіхацела й адблісквала блакітным полымем, але паціху сьцьмела ды згасла зусім. Нягледзячы на пацямнелы меч, пачуцьцё блізкай небясьпекі не пакінула Фрода, нават узмацнілася. Ён падняўся, падкраўся да дзіркі й зірнуў уніз. Сапраўды, нешта кешкаецца ля камля дрэва.
Ня эльф, бо лясныя эльфы рухаліся цалкам бязгучна. Пачулася слаба, нібы нехта прынюхваецца, а потым шкрабецца па кары. Фрода ўзіраўся ў цемру, сьцяўшы подых.
Нехта – ці нешта – павольна караскалася ўгару, і ягонае дыханьне сачылася шыпам скрозь сьціснутыя зубы. Потым побач з ствалом расплюшчыліся два блядныя вокі. Спыніліся, пазіраючы наверх, – нерухомыя, немірглівыя. Раптам згасьлі, і цьмяная постаць сасьлізнула па ствале дрэва й зьнікла.
Адразу пасьля на талан падняўся па галінах Хальдыр. Распавёў:
– На дрэва караскалася нешта, чаго я аніколі ня бачыў. Ня орк. Яно ўцякло, як толькі я крануў дрэва. Істота надта сьцярожкая й ведае, як лазіць па дрэвах. Калі б ня тое, я палічыў бы яе адным з вас, хобітаў. Я ня стрэліў, бо яна магла ўскрыкнуць і тое пачулі б оркі. Іх шмат – цэлы шыхт перайшоў Німрадэль. Каб яе чыстая вада апякла іхнія гнюсныя лапы! Яны пашыбавалі па старым шляху. Напэўна, знайшлі ваш пах, бо абшуквалі пэўны час месца, дзе вы прыпыняліся. Утрая нам з сотняю ня справіцца, таму мы рушылі наперад, імітуючы вашыя галасы, каб завесьці іх у глыбіні лесу. Арофін выправіўся дахаты – папярэдзіць. Аніводны з оркаў аніколі яшчэ не вяртаўся зь лясоў Лорыйну. Да наступнай ночы ўздоўж паўночных межаў таемна зьбярэцца мноства эльфаў. Але вам трэба выходзіць і рушыць на поўдзень зь сьвітанкам.
На ўсходзе запалілася бляклая раніца. Сьвятло зырчэла, прасочвалася праз залатое лісьце, і хобітам падалося, быццам над лесам уздымаецца яскравае сонца сьвежага летняга дня. Сьветла-блакітныя нябёсы праглядвалі між разгайданых галінаў. Зірнуўшы ў шчыліну між гальлём на поўдні, Фрода пабачыў усю даліну Срабрынкі – залацістае мора лісьця ў зморшчынках ад ранішняга ветру.
Паветра яшчэ не прагрэлася, калі вандроўнікі рушылі зноў на чале з Хальдырам і ягоным братам Румілем.
– Бывай, салодкая Німрадэль! – усклікнуў Ляголас.
Фрода азірнуўся, убачыў пробліск белай пены сярод шэрых ствалоў. I сам вымавіў: "Бывай!" Падалося, аніколі болей не сустрэне струменю гэткай прыгажосьці, што заўжды пяе безьліччу галасоў, сплятаючы іх у бясконцую пераменлівую музыку.