Выбрать главу

Вярнуліся на сьцежку, якая па-ранейшаму вяла заходнім берагам Срабрынкі, і пэўны час крочылі па ёй на поўдзень. На зямлі тут і там сустракалі адбіткі оркавых ног. Але неўзабаве Хальдыр збочыў і спыніўся на беразе ў цені дрэваў.

– За ракой адзін з маіх стралкоў, – вымавіў эльф, – хоць вы яго й ня бачыце.

Хальдыр паклікаў – бы ціха гукнула птушка – і з купкі маладых дрэваў на тым баку крочыў эльф, апрануты ў шэрае, але з адсунутым каптурам. Ягоныя валасы блішчэлі золатам пад ранішнім сонцам. Хальдыр у момант перакінуў праз раку маток шэрай вяроўкі, эльф падхапіў і прывязаў да дрэва ля берагу.

– Як бачыце, Келебранта тут ужо даволі моцная, – тлумачыў Хальдыр, – хуткая ды глыбокая, і вельмі халодная. Мы самі гэтак далёка на поўначы не заходзім у яе, калі толькі мажліва. Але ж у наш неспакойны час мастоў мы болей не будуем. А перапраўляемся вось гэтак! Рушце за мной!

Прывязаў свой канец вяроўкі да дрэва й лёгка прабег па ёй над ракою й назад, як па сьцежцы.

– Я здольны прайсьці так, – сказаў Ляголас, – але астатнія наўрад ці. Ім давядзецца плысьці?

– Не, – адказаў Хальдыр. – У нас ёсьць яшчэ дзьве вяроўкі. Мы замацуем іх над гэтай, адну на вышыні плячэй, другую – напалову ніжэй. Трымаючыся за іх і чужынцы пяройдуць – з пэўнай асьцярожнасьцю, вядома.

Калі гэты ненадзейны мост збудавалі, вандроўнікі адзін за адным перайшлі па ім: некаторыя павольна й баязьліва, іншыя лягчэй і хутчэй. З хобітаў найлепшым стаўся Піпін. Крочыў упэўнена й спрытна, трымаўся толькі адной рукою. Але не адрываў позірку ад дальняга берагу, уніз не глядзеў. Сэм жа ледзь прасоўваўся, моцна ўчапіўшыся ў вяроўкі, узіраючыся ў празрыстую вірлівую ваду, нібы з адхону ў прорву дзесьці ў гарах.

Уздыхнуў з палёгкай, сягнуўшы берагу.

– Ну, век жыві, век вучыся, як мой стары любіў даводзіць, – вымавіў, саскочыўшы. – Хоць ён казаў пра гародніцтва, а не пра тое, каб па суках расьседжвацца па-гругановаму ці па нітках паўзьці па-павуковаму. Нават мой дзядзька Эндзі аніколі гэткіх каленцаў не выкідваў!

Калі праз даволі доўгі час кампанія сабралася на ўсходнім беразе Срабрынкі, эльфы адвязалі вяроўкі й скруцілі дзьве зь іх. Руміль, які заставаўся на другім беразе, выцягнуў да сябе трэцюю, зматаў яе, закінуў за плячо ды, махнуўшы рукою на разьвітаньне, рушыў прэч, назад да Німрадэлі, трымаць варту.

– Цяпер, сябры, – прамовіў Хальдыр, – вы ўступілі ў Найф Лорыйну. На вашай мове гэта Клін Лорыйну, бо гэты куток – бы канчар дзіды паміж Срабрынкаю й Вялікім Андуйнам. Звычайна мы не дазваляем чужынцам знаёміцца з таямніцамі Найфу. Насамрэч няшмат тых, каму дазвалялася хоць бы крануць зямлю гэтых краёў. Як і дамаўляліся, тут я завяжу вочы гному Гімлі. Астатнім можна йсьці вольна, пакуль не наблізімся да нашага жытла ў Эгладыле, Куце паміж рэкамі.

Гімлі тое ўспрыняў цяжка.

– Тую дамову склалі без майго дазволу й удзелу, – абурыўся ён. – Я не пайду асьлеплены, як жабрак альбо палонны. Я не варожы выведнік! Мой народ аніколі ня меў зносінаў ані зь якімі варожымі паслужнікамі. Таксама мы аніколі не ўчынялі шкоды аніякім эльфам. Чаму вы лічыце, што я здольны здрадзіць вам у большай ступені, чым Ляголас ці любы іншы з нас?

– Пра тое ў мяне няма сумневаў, – адказаў Хальдыр, – аднак такі наш закон. У мяне няма ўлады над законам, і я не жадаю яго парушаць. Я ўжо амаль парушыў яго межы, дазволіўшы табе перайсьці Келебранту.

Але ж Гімлі тое не пераканала. Ён расставіў ногі, упершыся ў зямлю, як валун, дый паклаў руку на трымальна сякеры.

– Я пайду наперад вольны ці вярнуся да сваёй зямлі, дзе ў маім слове аніхто ня мае сумневаў, нават калі загіну самотны ў глухамані.

– Вярнуцца ты ўжо ня здолееш, – давёў Хальдыр сувора. – Калі ты дайшоў дасюль, мусіш паўстаць перад панам і паннай гэтай зямлі. Над табой іхні прысуд – застацца тут ці йсьці вольна, куды пажадаеш. Ты не пяройдзеш раку. За табой цяпер таемныя вартавыя, якіх ты не мінеш. Ты нават не пасьпееш іх пабачыць перад тым, як яны заб'юць цябе.

Гімлі выцягнуў сякеру з-за паса. Хальдыр з паплечнікамі ўмомант нацягнулі лукі.

– А каб жа гномаў зь іхнімі нягнуткімі шыямі! – вылаяўся Ляголас.

– Досыць! – загадаў Арагорн. – Калі вы яшчэ давяраеце мне правадырства, рабіце, калі ласка, што я загадваю. Так, для гнома гэта крыўдна й несправядліва адному йсьці ўсьляпую. Хай завяжуць вочы нам усім, нават Ляголасу. Так найлепей, хоць вандроўка нашая й зробіцца павольнай і нудотнай.

Гімлі засьмяяўся.

– Ну й дзіўная ж мы будзем каманда дурняў! Ці Хальдыр павядзе нас на вяровачцы, як шэраг сьляпых жабракоў з адным сабакам-правадыром? Але ж мяне задаволіць, калі толькі Ляголас падзеліць з мною сьлепату.