– Я – эльф. Я сярод суродзічаў, – раззлаваўся ў сваю чаргу Ляголас.
– Ну, самы час цяпер згадаць эльфаў зь іхнімі нягнуткімі шыямі! – сказаў Арагорн. – Але ўсе мы пойдзем аднолькава. Калі ласка, завяжы нам усім вочы, Хальдыр!
– Вы ў адказе за кожны мой сіняк ці пабіты палец, – папярэдзіў Гімлі буркатліва, калі яму завязалі вочы.
– Думаю, скардзіцца табе не давядзецца, бо я добры правадыр і сьцежкі тут гладкія ды прамыя, – суцешыў Хальдыр.
– Якое непаразуменьне дзеецца ў нашыя дні! – усклікнуў Ляголас. – Мы – ворагі аднаго Ворага, а я ўсё адно йду з завязанымі вачыма пад жывым сонцам на лясным залатым лісьці!
– Гэта падаецца непаразуменьнем, так, – пагадзіўся Хальдыр. – Насамрэч ані ў чым так не выяўляецца моц Чорнага Ўладара, як у адчужанасьці паміж тымі, хто змагаецца супроць яго. Мы цяпер так мала давяраем усяму сьвету за межамі Лорыйну, апроч хіба Долага Яру, што не адважваемся памылковым даверам стварыць небясьпеку нашай зямлі. Мы жывем на высьпе сярод ворагаў, і ў руках нашых струны лукаў сьпяваюць часьцей за струны арфаў. Рэкі доўга абаранялі нас, але цяпер, здаецца, за імі схавацца нельга, бо Цень працягнуўся на поўнач па-за нашай зямлёю. Некаторыя мяркуюць пра сыход, але ўжо позна. У заходніх гарах пасялілася ліха, на ўсходзе – пустэчы, па якіх бадзяецца мноства Саўронавых пачвараў. Кажуць, што нельга рушыць на поўдзень праз Рохан і вусьце Вялікай ракі пад наглядам Ворага. Нават калі мы й сягнем марскога берагу, болей прытулку мы там ня знойдзем. Паводле чутак, ёсьць яшчэ завані Вышніх эльфаў далёка на паўночным захадзе, за зямлёю паўросьлікаў. Дзе ж тое, пэўна, ведаюць пан з паннай. Я ня ведаю.
– Ну, вы маглі здагадацца, пабачыўшы нас, – сказаў Мэры. – Так, на захад ад маёй зямлі, Шыру, дзе жывуць хобіты, ёсьць эльфскія завані.
– Шчасьлівы ж вы народ, хобіты, калі жывяце паблізу марскіх берагоў! Доўгі час мінуў з тых дзён, калі мой народ пазіраў на мора. Але ж мы яшчэ сьпяваем пра завані. Калі ласка, распавядзі мне пра іх, пакуль мы йдзем.
– Я не магу, – прызнаўся Мэры. – Я ніколі іх ня бачыў. Я аніколі раней не трапляў за межы маёй краіны. I калі б ведаў, які гэта далёкі сьвет, дык, напэўна, аніколі не адважыўся б пакінуць радзіму.
– Нават каб пабачыць сьветлы Латлорыйн? – зьдзівіўся Хальдыр. – Сусьвет наш насамрэч недарэчны, і шмат у ім ліха й ценяў, аднак шмат у ім і сьвятла. Хоць паўсюль цяпер радасьць і любасьць азмрочаныя блізкасьцю гора, але таму, мажліва, яны робяцца мацнейшымі й зырчэйшымі. Некаторыя між нас лічаць, што Цень зьнікне й супакой вернецца. Але ж я ня веру, што сусьвет зноў зробіцца такім, як у даўніну, што сонца зазьзяе, як у далёкай мінуўшчыне. Для эльфаў, баюся, нават перамога стане кароткім спачынкам, мажлівасьцю безь перашкодаў дабрацца да мора й пакінуць Міжзем'е. Што ж тады зробіцца з Лорыйнам? Як жыць на зямлі, на якой не растуць мэларны? Бо калі яны й ёсьць за Вялікім морам, аніхто пра тое не распавёў.
Гэтак размаўляючы, вандроўнікі павольна цягнуліся па лясных сьцежках за Хальдырам. Яшчэ адзін эльф рушыў ззаду. Зямля пад нагамі адчувалася гладкай і мяккай, і паступова пайшлі вальней, не баючыся зваліцца ці пабіцца. Фрода вынайшаў, што з-за завязаных вачэй слых і іншыя пачуцьці абвострыліся. Ён чуў пах дрэваў ды прымятай нагамі травы. Разьбіраў мноства розных нотак у шомасьце лісьця над галавою, шапаценьне ракі далёка праваруч, тонкія ясныя галаскі птушак у вышыні. Адчуваў, як сонца кранае твар і рукі, калі праходзілі праз паляны.
Як толькі ён крануў нагою дальні бераг Срабрынкі, дзівоснае пачуцьцё агарнула яго й паглыблялася з кожным крокам Фрода ў глыбіню Найфу: быццам праз мост патрапіў у куток Даўніх дзён, у сьвет, якога не існуе болей, у далёкую мінуўшчыну. У Долым Яры яшчэ жыла памяць даўніны – у Лорыйне даўніна жыла пад сучасным сонцам. Тут бачылі ліха й ведалі пра яго, ведалі й гора, эльфы баяліся замежнага сьвету й не давяралі яму. Ваўкі вылі па ўзьлесьсях. Але сама зямля Лорыйну не спазнала ценю.
Ішлі ўвесь дзень, пакуль не адчулі прахалоду сутоньня й раньні вецер не зашамацеў у лістоце. Тады адпачылі, праспаўшы ноч на зямлі без аніякіх страхаў. Зьняць павязкі вандроўнікам не дазволілі, а з завязанымі вачыма на дрэва не ўскараскаесься. Раніцою рушылі зноў, нясьпешна й спакойна. Апоўдні прыпыніліся, і Фрода адчуў, што выйшлі на адкрытае месца. Раптоўна пачуў мноства галасоў вакол.
Напэўна, напаткалі эльфскую харугву, што сьпяшалася да паўночных межаў – абараняцца ад верагоднага нападу з Морыі. Таксама эльфы прынесьлі зьвесткі, некаторыя зь якіх Хальдыр пераказаў вандроўнікам. Драпежных оркаў зьнішчылі амаль усіх, рэшткі кінуліся ўцякаць на захад, да гор, з пагоняю за плячыма. Таксама выведнікі заўважылі дзіўную пачвару, якая бегла па зямлі, нахіліўшыся, амаль кранаючы яе рукамі, бы зьвер, але ж паставай ня надта падобная да зьвера. Злавіць яе ня здолелі, страляць ня сталі, ня ведаючы, ліхая яна ці не, і яна ўцякла ўніз па Срабрынцы.