Гэндальф глядзеў увасьлед яму, у цемру.
– Да сустрэчы, дарагі мой Більба, да сустрэчы! – сказаў ён ціха ды ўвайшоў назад, за дзьверы.
Неўзабаве вярнуўся Фрода й убачыў, што Гэндальф, глыбока задумаўшыся, сядзіць у цемры.
– Ён сышоў? – спытаў Фрода.
– Так, – адказаў Гэндальф, – нарэшце сышоў.
– А я да апошняга моманту спадзяваўся, што гэта толькі жарт. Хацеў бы я, каб гэта быў жарт. Ён жартаваў нават зь істотнага. Ды не, я ўжо даўно адчуваў, што гэта ўсур'ёз. Хоць бы я вярнуўся раней, каб пабачыць яго наастачу.
– Мне падаецца, ён хацеў сысьці ціха. Але ж не хвалюйся. Зь ім усё добра. Цяпер. Ён пакінуў табе пакунак. Вунь там.
Фрода зьняў капэрту з паліцы, зірнуў на яе, аднак ня ўскрыў.
– Там ты знойдзеш тастамант ды ўсе астатнія паперы, – патлумачыў чараўнік, – ты цяпер гаспадар Торбы-пад-Стромай. А таксама, падаецца мне, ты знойдзеш там залаты пярсьцёнак.
– Пярсьцёнак! – усклікнуў Фрода. – Пакінуў мне? Цікава чаму. Ну, рэч карысная.
– Можа, так, а можа, не. Я на тваім месцы не карыстаўся б ім. Трымай яго ў сакрэце, беражы яго! А цяпер – я пайду спаць.
Як новаму гаспадару Торбы-пад-Стромай Фрода давялося выконваць даволі непрыемны абавязак разьвітаньня з гасьцямі. Чуткі ўжо распаўсюдзіліся, але Фрода на ўсе пытаньні адказваў толькі, што "без сумневу, усё высьветліцца раніцою". Блізу поўначы па асабліва важных гасьцей прыбылі вазкі й брычкі ды ад'ехалі цугам, поўныя надзвычай сытымі й зацікаўленымі хобітамі. Потым, як і было прадугледжана, зьявіліся садоўнікі з тачкамі й разьвезьлі па хатах тых, хто сам сысьці ня здолеў.
Павольна мінула ноч. Узьнялося сонца, і значна пазьней за яго – хобіты. Раніцою зьявіліся загадзя запрошаныя прыбіральнікі – размантаваць намёты, прыбраць сталы й лавы з крэсламі, лыжкі, нажы, бутэлькі, талеркі, ліхтары, кветкі ў вазонах і скрынях, крошкі, паперкі ад трэскалак, забытыя кескі й торбы, пальчаткі, насоўкі й нават нязьедзеную ежу (ну, гэтага небагата). Потым аб'явіліся тыя, каго не запрашалі: Торбінсы, і Выкумекі, і Барсуксы, і Хваты, і шмат іншых, хто жыў непадалёк ці начаваў. Ля полудня, калі нават самыя сытыя ўжо згаладнелі, перад Торбай-пад-Стромай сабраўся вялізны натоўп – няпрошаны, але прадугледжаны.
Фрода чакаў на ганку, усьміхаўся, хаваючы стому й заклапочанасьць. Ён павітаў усіх, але ж патлумачыў ненашмат болей, чым учора. На ўсе роспыты адказваў проста:
– Спадар Більба адсутнічае. Наколькі я ведаю, яго ня будзе доўга.
Некаторых запрасіў у нару, бо Більба пакінуў ім "прэзэнты".
У залі на падлозе ўзвышалася высачэзная гара пакункаў, скрынак і мэблі. Да кожнай рэчы быў прымацаваны кавалак паперы з подпісам. Некаторыя не бяз кпіны. Напрыклад, такія:
"Адэлярду Хвату, цалкам ва ўласнае карыстаньне, ад Більба" – на парасоне. Адэлярд зьнёс з сабою вялікую колькасьць непадпісаных парасонаў.
Ці "Доры Торбінс на памяць пра доўгае ліставаньне" – вялізны кошык для скарыстанай паперы (Доры, сястра Більба, найстарэйшая сваячка Більба ды Фрода, сягнула ўжо дзевяноста дзевяці гадоў і болей за паўстагодзьдзя няспынна радавала ўсю радзіну добрымі парадамі).
Яшчэ: "Міла Норсу, з спадзевам, што спатрэбіцца, ад Б. Т." – залатое пяро й бутэлька чарніла. Міла ніколі не адказваў на лісты.
"Для карыстаньня Анэлі, ад дзядзькі Більба" – круглае люстэрка. Маладзенькая Анэля Торбінс відавочна лічыла свой кругленькі тварык захапляльна прывабным.
"Для калекцыі Гуга Пасьнікса, ад папаўняльніка" – пустая паліца для кніг. Гуга вельмі любіў браць кніжкі й ня надта любіў вяртаць.
"Лябэлі Кесцы-Торбінс, у якасьці Падарунку" – скрыня з срэбнымі лыжкамі. Більба лічыў, што добрая частка ягоных уласных лыжак зьнікла падчас ягонай вандроўкі менавіта празь яе. Лябэля пра гэткія Більбавы падозраньні добра ведала. I намёк зразумела адразу, але лыжкі ўсё адно ўзяла.
Тое была толькі малая частка падарункаў. За доўгае Більбава жыцьцё нара ягоная захлудзілася. У хобіцкім жытле хлуд звычайна зьбіраецца зь дзівоснай хуткасьцю, менавіта праз звычку хобітаў раздаваць столькі падарункаў на дні народзінаў. Вядома, далёка ня ўсе падарункі бывалі новыя, парачка адмецьцяў невядомага прызначэньня абышла ўсё навакольле. Аднак Більба звычайна пакідаў атрыманае, і сам дарыў толькі новае. Ну а цяпер старая нара трохі парасчысьцілася.
Да кожнага падарунку Більба зрабіў цыдулку, сам падпісаў – некаторыя жартоўна й нат з намёкам. Але большая частка ўсё ж была карысная й патрэбная, асабліва бяднейшым хобітам. Більба не забыўся на пасельнікаў Прыторбінскай слабады – Дзед Гэйхад атрымаў два мяхі бульбы, новую шуфлю, ваўняную безрукаўку ды бутэльку лекаў ад рэўматызму. Стары Роры Бронь-Быч, у падзяку за гасьціннасьць, прыдбаў тузін бутэлек "Старой вінарні", моцнага чырвонага віна з Паўднёвага падзелу. Добрае гэтае віно схаваў у клець яшчэ Більбаў бацька. Пакаштаваўшы, Роры адразу дараваў Більба ўсё, што толькі можна дараваць, а прыкончыўшы бутэльку, і ўвогуле абвесьціў Більба хобітам з хобітаў і сябрам назаўжды.