Ён павярнуўся да Хальдыра й спытаў па-эльфску:
– Чаму мне нічога не данесьлі раней?
– Мы не распавядалі Хальдыру ані пра нашыя мэты, ані пра нашую вандроўку, – азваўся Ляголас. – Спачатку таму, што былі надта стомленыя й небясьпека крочыла па пятах, а пасьля мы амаль забыліся на нашае гора на гладкіх сьцежках сьветлага Лорыйну.
– Аднак туга нашая й смутак заўсёды з намі, і нашай страты не пакрыць, – вымавіў Фрода. – Гэндальф быў нашым правадыром, ён вёў нас праз Морыю, і калі нашая гібель падавалася непазьбежнай, ён выратаваў нас, загінуўшы сам.
– Распавядзіце ж нам усё! – запатрабаваў Келебарн.
Тады Арагорн распавёў усё, што здарылася пад Карадрасам, і потым – пра Баліна й ягоную кнігу, пра бойку ў залі Мазарбул, пра агонь, вузкі мост і прышэсьце Палымянага Жаху.
– Здаецца, гэта жуда Старадаўняга сьвету. Аніколі раней я гэткага ня бачыў, – казаў Арагорн. – Адначасна цень і полымя, моцнае й жахлівае.
– Тое быў балраг Маргата, – дадаў Ляголас, – з усіх эльфскіх пагібеляў найгоршая, за выключэньнем таго, хто сядзіць цяпер у Цёмнай вежы.
– Насамрэч, на тым мосьце я бачыў кашмар найгоршых нашых сноў. Я бачыў Пагібель Дарына, – вымавіў Гімлі ціха, і жах быў у ягоных вачох.
– Як шкада! – уздыхнуў Келебарн. – Ужо даўно мы падазравалі, што пад Карадрасам сьпіць старажытны жах. Калі б я ведаў, што гномы зноў абудзілі гэтае ліха ў Морыі, я забараніў бы табе крочыць за нашую паўночную мяжу – табе і ўсім, хто прыйшоў з табою. А яшчэ можна было б сказаць, што Гэндальфава мудрасьць напрыканцы ягонага доўгага шляху пахіснулася, раз ён завёў вас па-за ўсялякай неабходнасьцю ў скляпеньні Морыі.
– Той, хто адважыўся б сьцьвердзіць так, моцна – і дарэмна – пасьпяшаўся б, – сувора вымавіла Галадрыель. – Гэндальф Сівы ў сваім жыцьці анічога не рабіў бессэнсоўна. Тыя, што йшлі за ім, ня ведалі, што ён задумаў, не здагадваліся пра канечныя ягоныя мэты. Да таго ж які ні быў бы правадыр, вінаваціць ягоных паплечнікаў нельга. Ня трэба шкадаваць, што гном запрошаны ў нашую краіну й залю. Калі б наш народ быў выгнаны далёка ад Лорыйну, хто з галадрымаў, нават кароль Келебарн Мудры, мінуў бы сваё старадаўняе жытло – хоць бы яно зрабілася логвішчам цмокаў?.. О змрочная вада Келед Зарам, халодныя крыніцы Кібіль Налы! Сьветлымі былі шматкалённыя залі Казад Думу ў Даўнія дні, у часы магутных цароў пад горнымі столямі...
Галадрыель паглядзела на Гімлі, засмучанага й пахмурага, і ўсьміхнулася. I гном, пачуўшы імёны на сваёй роднай старажытнай мове, зазірнуў ёй у вочы, і яму падалося: быццам чакаў сустрэць ворага – і ў самай глыбіні ягонай душы знайшоў замест варожасьці разуменьне й любоў. Гімлі зьдзівіўся, пасьвятлеў тварам, усьміхнуўся ў адказ.
Тады няўклюда ўзьняўся ды, паводле гномскага звычаю, пакланіўся, кажучы:
– Але жывая зямля Лорыйну нашмат сьвятлейшая, а панна Галадрыель прыгажэйшая за любы дыямант, які толькі ёсьць пад гарамі сусьвету!
Павісла цішыня. Нарэшце Келебарн загаварыў зноў.
– Ня ведаў я, што гэткае ліха азмрочыла ваш шлях. Гном Гімлі, забудзься на мае словы. Іх нарадзіла трывога й смутак майго сэрца. Я зраблю, што здолею, каб дапамагчы вам – кожнаму адпаведна ягоным патрэбам і жаданьням, але асабліва таму з маленькага народу, хто нясе найцяжэйшую з ношаў.
– Твая мэта вядомая нам, – сказала Галадрыель Фрода. – Але адкрыта мы размаўляць пра яе ня станем. Сам Гэндальф відавочна плянаваў, каб ты прыйшоў сюды па дапамогу – напэўна, ты й знойдзеш яе тут. Бо пан галадрымаў лічыцца наймудрэйшым сярод эльфаў Міжзем'я, і дарункі ягоныя пераўзыдуць шчодрасьць любога караля. Ён жыў на Захадзе з найпершых дзён, і я жыла зь ім цягам незьлічоных гадоў. Бо яшчэ да падзеньня Наргатронду й Гандаліну я сышла за горы й разам зь ім перажыла ўсе нашыя паразы ва ўсіх эпохах сусьвету. Я першая склікала Белую Раду. I калі б мае пляны зьдзейсьніліся, ачоліў бы яе Гэндальф Сівы. Тады, магчыма, справы пайшлі б інакш. Аднак нават цяпер яшчэ надзея ня страчаная. Я ня стану раіць вам, што рабіць і куды йсьці. Бо здольнасьць мая ані ў абраньні таго ці іншага шляху для вас, ані ў тым, што магу зьдзейсьніць за вас. Здольнасьць мая ў ведах пра мінулае й сучаснае – і частковэ пра будучыню. Скажу я вам, вандроўнікі: шлях ваш – па вастрыі нажа. Адхіліцеся ўсяго на крок – страціце сябе й усіх нас. Але надзея жыве, пакуль усе вы верныя адзін аднаму й сваёй мэце.
I з тымі словамі яна паглядзела на ўсіх, і ў цішыні зазірнула шукальна кожнаму ў вочы. I ніхто, апрача Ляголаса з Арагорнам, ня вытрымаў яе позірку. Сэм дык адразу пачырванеў ды павешаў галаву.
Нарэшце панна Галадрыель апусьціла вочы й усьміхнулася.