Выбрать главу

"Мітрандыр, Мітрандыр! – сьпявалі эльфы. – Сівы Пілігрым!" Так клікалі яго яны. Аднак нават калі Ляголас быў разам з астатнімі сябрамі Зьвязу, перакладаць для іх словы песьняў ён не жадаў, кажучы, што й майстэрства яму бракуе, і гора надта блізка, яшчэ час для сьлёзаў, а не для песьняў.

Першым выліў свой смутак у словы, хоць і няўклюдыя, нязграбныя, менавіта Фрода. Вельмі рэдка цягнула яго скласьці песьню ці зрыфмаваць што-колечы. Нават у Долым Яры ён толькі слухаў і сам аніколі не сьпяваў, што праўда, памяць ягоная трымала шмат зьвершаванага іншымі. Але цяпер, калі сядзеў ля лорыйнскага вадаграю й слухаў эльфавы галасы, думкі ягоныя сфармаваліся ў песьню, якая падалася файнай. Але як толькі пераказаў яе Сэму, яна распалася на няскладныя ўрыўкі, сухія й нежывыя, бы жмені ссохлага лісьця.

Сутоньня шэраю парой вяртаўся ў Шыр з чужых краёў і нечакана раніцой сыходзіў у вандроўку зноў.
Ад сонца Поўдня да сьнягоў, ад Шыру да канцоў зямлі між гор, пустэчаў і лясоў шляхі ягоныя вялі.
З плямёнамі усіх краёў іх роднай мовай размаўляў, птушыны сьпеў, зьвярыны роў ён разумеў і пазнаваў.
Быў чараўнік, мудрэц, ваяр, на сьмех быў хуткі ды на гнеў, а на плячах – гадоў цяжар, бясконцых клопатаў і спраў.
Між уладарных – уладар, пахілы, з кіему руках, стары з душою, бы пажар, самотны на чужых шляхах.
На мосьце ён паўстаў адзін – і перамог агонь і цень, між Казад Думу чорных сьцен згас назаўжды яго прамень.

– Ну, неўзабаве вы гэтак і спадара Більба абгоніце! – пахваліў Сэм.

– Не, баюся, не, – адказаў Фрода. – Пакуль што гэта найлепшае, на што я здольны.

– Ну так, спадару Фрода, калі яшчэ раз намерыцеся, дык, спадзяюся, уставіце слоўца-другое пра фаервэркі. Ну, нешта накшталт:

Ракеты лепшыя за ўсіх: бы зораў россып залатых, ці пасьля грому дождж агнёў, ці краскі воблачных палёў.

– Хоць гэтаму да сапраўдных ягоных вогненных пацехаў – як да нябёсаў, баюся.

– Дык лепш я пакіну справу табе. Ці мо Більба. Але ж... прабач, я не магу болей. Я й не ўяўляю, як прынясу яму гэтую навіну.

Аднойчы ўвечары Фрода з Сэмам шпацыравалі разам у прахалодзе надвячорку. Абодва зноў непакоіліся. Фродаў настрой ужо азмрочыла прадчуваньне ростані, бо неяк усьвядоміў, што ўжо блізкі час, калі давядзецца пакінуць Лорыйн.

– Што ты цяпер думаеш пра эльфаў, Сэме? – спытаў ён. – Калісьці я пытаўся ў цябе гэта, падаецца ў сівую даўніну. З таго часу ты шмат іх бачыў.

– Сапраўды! – пагадзіўся Сэм. – Ну, мяркую: эльфы, яны ж розныя. Ва ўсіх пазнаеш эльфскасьць, так, адылі па-рознаму. Вось нашыя цяперашнія гаспадары – не вандругі, не бадзягі, болей да нас падобныя. Здаецца, яны належаць гэтай зямлі, як хобіты Шыру. Ці яны гэтак краіну пад сябе перайначылі, ці яна іх – цяжка сказаць, калі вы мяне разумееце. Тут надзвычай бясьпечна й спакойна. Анічога не зьмяняецца, і аніхто, як відаць, не жадае аніякіх зьменаў. Калі тут і ёсьць пэўныя чары, дык яны недзе глыбока-глыбока, ля самых каранёў. Карацей, рукою не памацаць, калі вы разумееце, пра што я.

– Яны адчуваюцца – і бачацца – паўсюль навокал, – сказаў Фрода.

– Так, але ж вы ня бачыце анікагусенькі, хто іх, уласна кажучы, рабіў бы. Хоць бы вагні, якія небарака Гэндальф любіў ладзіць. Шкада, не відаць чамусьці ані пана, ані панну. Вось яна, упэўнены, магла б што-колечы чароўнае паказаць пад настрой. Я што заўгодна аддаў бы, каб пабачыць сапраўдныя эльфаўскія чары!

– Я – не, – вымавіў Фрода. – Я задаволены й так. I сумую я не па Гэндальфавых фаервэрках, а па ягоным голасе, натапыраных бровах, палымяным характары.

– Вашая, вядома, рацыя, – уздыхнуў Сэм. – Ня думайце, што я шукаю нагоду, каб паскардзіцца на навакольле. Вось толькі заўсёды жадаў пабачыць хоць крышачку чараўніцтва, як у старых казках. А для чараўніцтва я аніколі ня бачыў лепшага месца, чым тут. Тут – і як на сьвяце, і як у роднай хаце адначасова, калі вы мяне разумееце. Я сапраўды не хачу сыходзіць адсюль. Аднак калі ўжо нам трэба абавязкова, дык ляпей болей не цягнуць. "Пакуль не пачнеш справу, датуль і ня скончыш", – гэтак мой стары казаў, за што-небудзь цяжкое дый нудотнае беручыся. Падаецца мне, народ тутэйшы аніяк нам болей і не дапаможа, чарамі ці ня чарамі. Калі мы адсюль рушым, тады шчэ й узгадаем на Гэндальфа, дый ня раз, так мне мяркуецца.