Выбрать главу

– Не крані вады! – мякка папярэдзіла Галадрыель.

Выява сьцьмела, і Фрода зразумеў, што глядзіць на халодныя зоры, якія люструюцца ў срэбнай чары. Хобіт адышоў, дрыжучы ўсім целам, ды зірнуў на панну запытальна.

– Я ведаю, што ты пабачыў апошнім, – прамовіла яна, – бо яно таксама бачыцца й мне. Не палохайся! Ня думай, што толькі сьпевы сярод дрэваў ды тонкія трасьцінкі эльфскіх стрэлаў абараняюць зямлю Лорыйну ад Ворага. Я скажу табе, Фрода, што нават цяпер, размаўляючы з табою, я ўспрымаю Чорнага Ўладара й прадбачу ягоныя думкі – усё, што ён мяркуе пра эльфаў. А ён заўжды намагаўся й намагаецца адкрыць мяне, прадбачыць і разгадаць усе мае думкі. Але дзьверы яшчэ зачыненыя!

Яна падняла свае белыя рукі, павяла, як бы адхіляючы Ўсход, адгароджваючы яго. Эярэндыль, Вечаровая зорка, самая ўлюбёная эльфамі, праменіла над галавою. Так яскрава зьзяла яна, што нават ад панны па зямлі цягнуўся прыкметны цень. Зорныя прамяні сьлізнулі па пярсьцёнку на ейным пальцы – і той узбліснуў гладкім золатам, нібы перавіты срэбным сьвятлом. Белы камень зазіхцеў на ім, быццам сама Вечаровая зорка сышла зь нябёсаў, каб перадыхнуць на пальцы ў панны. У Фрода ажно дыханьне перахапіла, бо раптам зразумеў, што менавіта ён бачыць.

– Так, – пагадзілася яна зь ягонымі думкамі, – пра яго не дазволена распавядаць, і Эльранд ня мог сказаць вам гэтага. Але ж яго ня ўтоіш ад Ахоўніка найгалоўнейшага зь пярсьцёнкаў, ад таго, хто здолеў пабачыць Вока. Менавіта тут, у зямлі Лорыйну, на пальцы Галадрыелі спачывае адзін з Трох. Гэта Нэнья, Пярсьцёнак Дыяманту. Мне прызначана захоўваць яго. Вораг падазрае гэта, але дакладна ня ведае – пакуль што. Бачыш цяпер, твой прыход для нас – покліч лёсу. Бо калі ты ня выканаеш прызначае табе, мы застанемся бездапаможнымі перад Ворагам. А калі выканаеш – нашая моц паменшае, мы саслабнем, і Лорыйн паблякне, бо час зноў атрымае над ім уладу й зьнясе яго прэч. Нам давядзецца выправіцца на Захад ці вырадзіцца ў дробны народзец, які жыве, туляючыся па лясох і пячорах, каб павольна забываць тое, кім мы былі, і каб забыліся на нас.

– А чаго хацелася б вам? – спытаў Фрода, апусьціўшы вочы.

– Няхай споўніцца тое, што наканавана. Любоў эльфаў да сваёй зямлі й працы сваіх рук глыбейшая за найглыбейшае мора, іхняе гора аніколі не забываецца, і смутак іхні й тугу амаль немагчыма загаіць цалкам. Але ж яны хутчэй адмовяцца ад усяго, чым паклоняцца Саўрону, бо цяпер яны яго ведаюць. I ты не адказны за лёс Латлорыйну – толькі за тое, што ўзяўся выканаць. А ўсё ж як хацела б я, хоць і марнае тое пажаданьне, каб Адзіны Пярсьцёнак аніколі ня быў скаваны ці так ніколі й не знайшоўся б.

– Вы – мудрая, бясстрашная, прыгожая, спадарыня Галадрыель, – вымавіў Фрода. – Калі вы папрасілі б мяне аддаць пярсьцёнак вам, я аддаў бы. Несьці яго – мне не пад сілу.

Галадрыель нечакана засьмяялася чыстым, празрыстым сьмехам.

– Хоць і мудрая панна Галадрыель, – сказала яна, – але ж сустрэла роўню сабе ў ветлівасьці. Як далікатна ты адпомсьціў мне за тое, што я зазірнула ў тваё сэрца падчас нашай першай сустрэчы! Ты пачынаеш бачыць, як мудры. Доўгія гады меркавала я, што ж зрабіла б, калі б Уладарны Пярсьцёнак патрапіў да мяне, – і вось ты сам прынёс яго мне. Зробленае ліхам дзеля ліха ў даўніну цяпер жыве само па сабе, незалежна ад таго, у моцы сам Саўрон ці зрынуты. Можа, яно паслужыць і іншаму? Калі б я сілаю ці запалохваньнем адняла пярсьцёнак у майго госьця, я толькі памножыла б ліха, зробленае празь яго й дзеля яго. Але адбываецца неверагоднае: ты сам, з уласнай волі жадаеш аддаць мне пярсьцёнак! I замест Чорнага Ўладара ты ўзьвядзеш на пасад панну! Ня чорную, але ж асьляпляльна прыгожую, нібы раніцу, і жудасную, нібы апраметная ноч! Сьветлую, як мора, як сонца, як сьнег на гарах! Страшную, бы навальніца, бы маланка! Мацнейшую за зямныя карані! Усе любілі б мяне – нязбыўна, безвыходна!

Яна ўзьняла руку, і зь пярсьцёнка над ёй зазьзяла магутнае сьвятло, якое высьветліла адну яе, пакінуўшы ўсё астатняе ў змроку. Цяпер яна падалася Фрода неверагодна высокай, невыносна, неадольна прыгожай, жудаснай – і зіхоткай сьвятым хараством. Тады апусьціла руку – і сьвятло згасла. Зьнянацку засьмяялася зноў і – пабач! – зноўзрабілася былой: зграбнай эльфскай паненкай, апранутай у простае белае адзеньне, і голас яе загучаў ціха й сумна.

– Я прайшла выпрабаваньне, – сказала яна. – Я прыніжуся, сыду на Захад і застануся проста Галадрыеляй.

Доўга яны стаялі моўчкі. Нарэшце панна загаварыла зноў.

– Трэба вяртацца. Раніцой вы мусіце сыходзіць, бо цяпер мы абралі свае шляхі й плыня лёсу ўжо нясе нас.