Выбрать главу

Шмат чаго засталося й для Фрода – уся галоўная маёмасьць у тым ліку, а таксама кнігі, малюнкі й больш чым дастаткова мэблі. I ані грошай, ані каштоўных кляйнодаў Більба раздаваць ня стаў – ані манэткі, ані шкляной пацерынкі.

Таго дня Фрода хапіла турботаў. Па навакольлі, нібы агонь па сухалесьсі, пабегла чутка, што ўсю Більбаву маёмасьць раздаюць за так. I хутка ў нару набілася процьма незапрошанага, але надзвычай настойлівага народу. Пааддзіралі цыдулкі з падарункаў, усчалі сварку. Некаторыя намагаліся абменьвацца ці гандляваць проста ў залі, іншыя – уцячы зь невялікімі, але каштоўнымі рэчамі, не для іх прызначанымі, ці ўвогуле з тым, што дрэнна ляжала. Шлях да брамы запоўнілі тачкі й ручныя вазкі.

Пасярод гармідару прыцягнуліся Лябэля з Ота. Фрода якраз выйшаў крыху адпачыць, пакінуўшы сябра Мэры Бронь-Быча назіраць за справамі. Калі Ота голасна запатрабаваў сустрэчы з Фрода, Мэры толькі ветліва яму пакланіўся.

– Выбачайце, немагчыма. Цяпер ён адпачывае.

– Хаваецца, хочаш сказаць, – абвінаваціла Лябэля, – дык вось: ад нас не схаваецца. Мы прыйшлі яго пабачыць і мы яго пабачым. Ідзі й скажы яму гэта!

Мэры пакінуў іх у залі, якраз тады Лябэля й атрымала свае лыжкі, што зусім не палепшыла яе настрою. Нарэшце іх пусьцілі ў кабінэт. Фрода сядзеў за сталом над гарою папераў. Выгляд у яго быў няшчасны – сузіраньне Кесак-Торбінсаў ва ўсялякім выпадку не дадавала радасьці. Ён устаў, мацаючы нешта ў кішэні. Але ветлівасьці ня страціў.

А Кескі-Торбінсы паводзіліся даволі дзёрзка. Спачатку прапаноўвалі прадаць амаль за нішто (нібыта па-сяброўску) розныя каштоўныя й не прызначаныя ў падарункі рэчы. А калі Фрода адмовіў: маўляў, раздаецца толькі тое, што выбраў асабіста Більба, то абвесьцілі – справа падаецца ім нячыстай.

– Мне адно відавочна, – сказаў Ота, – надта ўжо добра табе выходзіць. А ну, пакажы нам тастамант!

Ота стаў бы Більбавым спадчыньнікам, калі б ня Фрода. Тастамант Ота прачытаў вельмі ўважліва, потым фыркнуў. На жаль, напісанае ўсё было вельмі ясна й слушна, і ў адпаведнасьці з хобіцкімі звычаямі, якія патрабавалі паміж іншага й подпісаў сямі сьведкаў чырвоным чарнілам.

– Зноў! – паскардзіўся ён жонцы. – I гэтакае пасьля шасьцідзесяці гадоў! I што табе дасталося? Лыжкі? Лухта якая!

Ён пстрыкнуў пальцамі прама перад носам у Фрода ды выйшаў вонкі. Але ад Лябэлі так проста было не пазбавіцца. Калі Фрода неўзабаве вызірнуў з кабінэту, то знайшоў яе яшчэ ў хаце. Яна дасьледавала куты й закуткі й прастуквала падлогу. Фрода правёў яе да дзьвярэй, а перад тым пазбавіў ад некалькіх невялікіх, але каштоўных рэчаў, што дзівосным чынам патрапілі ў яе парасон. Твар Лябэлін выглядаў так, быццам яна падрыхтавала на разьвітаньне цалкам зьнішчальнае слова. Аднак толькі й здолела выцягнуць зь сябе, азірнуўшыся на ганку:

– Ты яшчэ пашкадуеш, маладзён! Чаму б табе таксама не сысьці? Ты не тутэйшы, ты ня Торбінс, ты... Бронь-Быч, вось ты хто!

– Чуў гэта, Мэры? Вось табе й абраза, – і Фрода зачыніў дзьверы перад яе носам.

– Гэта камплімэнт, – адказаў на тое Мэры Бронь-Быч, – і, вядома, няпраўда.

Апасьля яны прайшлі праз нару й выгналі трох маладых хобітаў (двух Выкумекаў і Барсукса), якія дзяўблі дзірку ў сьцяне адной з клецяў. Фрода ледзь не пабіўся з маладым Санча Моцам-Скурланогам (унукам старога Ода), які выстукаў у падлозе вялікай кладоўкі рэха й пачаў вялікія раскопкі. Паданьне пра Більбава золата абуджала шмат надзеяў, бо, вядома ж, здабытае незразумелым або цёмным шляхам належыць таму, хто ўхопіць першы – адно каб хапаць не перашкодзілі.

Перамогшы Санча ды выпіхнуўшы яго вонкі, Фрода ўпаў у фатэлю ў залі.

– Усё, час зачыняць краму, Мэры, – прастагнаў ён. – Замкні дзьверы й не адчыняй нікому, нават калі пачнуць выбіваць таранам.

Потым ён уладкаваўся, каб падмацавацца філіжанкаю гарбаты. I не пасьпеў за яе ўзяцца, як зноў пачуў ціхі грукат у дзьверы.

– Няйначай зноў Лябэля, – вырашыў ён, – напэўна, дадумалася да нечага насамрэч зьнішчальнага й сьпяшаецца выказаць. Ну, з гэтым можна й пачакаць.