– Магчыма, – пагадзіўся Гімлі, – дзякую табе за твае словы. Праўдзівыя словы, без сумневу, аднак суцяшэньне ад іх слабое. Сэрца жадае не ўспамінаў. Памяць – толькі люстэрка, хоць бы яна была чыстая, як Келед Зарам. Так падказвае сэрца гному Гімлі. Эльфам мо бачыцца ня так. Насамрэч, я чуў, што эльфам памяць падаецца болей падобнай да жывога сьвету, чым да мары. Для гномаў ня так. Ну, до, ня трэба пра тое. Зірнем на човен! Ён цяпер сядзіць глыбока, з усёю нашаю пакладаю, а Вялікая рака плынее хутка! Ня надта мне хочацца патапіць свой смутак у халоднай вадзе.
Ён узяў вясло й пагроб бліжэй да заходняга берагу ўвасьлед за Арагорнавым чоўнам, які ўжо наблізіўся да берагу.
Так Зьвяз Пярсьцёнка рушыў доўгім шляхам вандраваньня, і шырокая хуткая рака несла яго на поўдзень. Голыя лясы сьцяною цягнуліся ўздоўж абодвух берагоў, захінаючы далягляд. Вецер улёгся, рака бязгучна струменіла. Нат птушыны голас не парушаў цішыні. Набліжалася сутоньне, і сонца ахінула долы туманнай смугою, потым заблішчэла з блядных нябёсаў бялюткім пэрлам. Тады схавалася на захадзе – і прыйшлі раньнія прыцемкі, а за імі – шэрая, бяззорная ноч. Плылі празь цемру спакойных начных гадзінаў, кіруючы чоўны паўз навіслы цень заходнебярэжнага лесу. Вялізманыя дрэвы праплывалі побач, нібы прывіды ў тумане, што пакручанымі прагнымі каранямі ўпіваюцца ў ваду. Жудасна было й золка. Фрода сядзеў, услухоўваючыся ў слабы плёскат ды шапаценьне ракі сярод каранёў і плаўніку ля берагу, пакуль не заторкаў носам і не праваліўся ў неспакойны сон.
9. Вялікая рака
Фрода прачнуўся, абуджаны Сэмам. Хобіт усьвядоміў, што ляжыць, утульна загорнуты ў коўдры, пад дрэвамі з шэрай карою на ціхай лясной палянцы заходняга берагу Андуйну. Праспаў Фрода ўсю ноч напралёт, і шэрае сьвятло раніцы ўжо сачылася між голых галінаў. Гімлі шчыраваў паблізу над невялічкім вогнішчам.
Сонца не ўзьнялося высока, як рушылі зноў. Ня ўсе зь Зьвязу сьпяшаліся на поўдзень, задаволеныя тым, што канчатковае вырашэньне адклалася да Рэрасу ля Крамень-выспы. Наперадзе яшчэ дні й дні. Нават, каб не паскараць, самі ня грэблі, дазволілі рацэ несьці іх насустрач небясьпекам да шляхоў, якія потым давядзецца абраць. Арагорн вырашыў рухацца разам з плыньню, зьберагаючы сілы на будучыню. Але ж настояў, каб пачыналі дзённую вандроўку рана й плылі амаль да ночы, бо адчуваў: часу застаецца няшмат, Чорны Ўладар наўрад ці сядзеў склаўшы рукі, пакуль сябры зь Зьвязу Пярсьцёнка адпачывалі ў Лорыйне.
Тым ня менш ані прыкметы ворагаў не напаткалі ні гэтым днём, ні наступным. Маркотныя шэрыя гадзіны плынелі з хвалямі, і анічога не здаралася. На трэці дзень мясцовасьць крыху зьмянілася: лясы парадзелі, дрэвы патанчэлі й нарэшце зьніклі ўвогуле. Леваруч, на ўсходнім беразе, доўгія бясформавыя схілы цягнуліся прэч ад ракі й уверх. Выглядалі яны бурымі, ссохлымі, запустэчанымі, нібы іх апаліла полымя, не пакінуўшы ані жывой зялёнай травінкі. Мёртвая пустая зямля, дзе нават воку няма за што зачапіцца: ані дрэўца, хоць бы паламанага, ані вытыркнутага каменя. Вандроўнікі сягнулі Бурых земляў, зьнежывелага абшару паміж паўднёвым Ліхалесьсем і пагор'ем Эмін Мюйл. Якая пошасьць, вайна ці ліхое чарадзейства Ворага выпаліла зямлю тут, ня ведаў нават сьледапыт Арагорн.
Праваруч, на захадзе, дрэваў таксама не было, але ўздоўж берагу цягнуліся роўнядзі, часьцяком з шырокімі палямі зялёнай травы. Там і тут калыхаліся зарасьці чароту, такія высокія, што захілялі далягляд, паўстаўшы трапяткой агароджаю побач з маленькімі чоўнамі. Іх цьмяныя ссохлыя мяцёлкі хіліліся й уздрыгвалі на халодным ветры, шапочучы ціха й сумна. Раз-пораз скрозь прагалы ў іхнім шэразе Фрода бачыў абсяжныя лугі й далёка за імі пагоркі з заходнім сонцам на схілах, а далёка на мяжы зроку – цёмную вызубраную рысу апошніх паўднёвых атовілкаў Туманных гор.
З жыўнасьці падарожнікі заўважалі толькі птушак. Іх наўкол было багата. Мноства кулікоў ды іншай малечы перасьвіствалася й перагуквалася ў чаратах, хоць рэдка трапляла на вочы. Раз ці два чулі шоргат ды моцны рух лебядзіных крылаў, бачылі ўгары шматлікі вырай, які ляцеў правільным шыхтом над галовамі.
– Лебедзі! – выклікнуў Сэм. – І якія ж велізарныя, аёй!
– Але, – пацьвердзіў Арагорн, – і чорныя да таго ж.