Усе налеглі на вёслы, нават Сэм. Кожны чакаў, што ягоная чарнапёрая сьмерць вось-вось прыляціць зь цемры. Мноства іх прасьвісьцела над галовамі або пляснулася ў ваду побач, ды аніводная ня ўлучыла. Вядома, было цёмна, але ж ня так, каб добры начны зрок оркаў ды зорнае сьвятло не далі ворагам пацэліць. Напэўна, шэрыя лорыйнскія плашчы ды шэрае дрэва эльфскіх чоўнаў падманулі ліхое майстэрства лучнікаў Мордару.
Грабок за грабком рушылі наперад. У цемры цяжка было разабраць, ці прасоўваліся ўвогуле, аднак паступова бурленьне вады сьцішылася й цень усходняга берагу распусьціўся ў начы. Нарэшце, як падалося, сягнулі сярэдзіны струменю, добра адсунуўшы ад сябе чорныя скалы-іклы. Тады павярнулі й з усёй моцы загрэблі да заходняга берагу. Пад прыкрыцьцём кустоў, якія навісалі над вадою, прыпыніліся перадыхнуць.
Ляголас паклаў вясло ды ўзяўся за лорыйнскі лук. Скочыў на бераг і падняўся на некалькі крокаў. Нацягнуў струну, паклаў на яе стралу й павярнуўся, паглядаючы праз раку ў цемру. Адтуль далятаў пранізьлівы лямант, але ж разгледзець што-небудзь было немажліва.
Фрода зірнуў на эльфа, што стаяў высока над ім, вышукваючы мэту для стралы. Над Ляголасавай галавою буйныя белыя зоры зьзялі каронаю ў чорным возеры начных нябёсаў. А з поўдня ўзьнялася, насунулася вялізная чорная хмара, і першыя атовілкі яе адну за адной зацянялі зоры. Раптоўны жах агарнуў вандроўнікаў.
– Эльберэт Гільтоніель! – выдыхнуў Ляголас, зірнуўшы ўгару. Цёмная постаць, падобная да воблака, але ж ня воблака, бо рухалася нашмат хутчэй, вырвалася з паўднёвай чарнаты й памчала да Зьвязу, засланяючы зорнае сьвятло. Неўзабаве разгледзелі чорную, нібы апраметная ноч, велізарную крылатую пачвару. Ліхія галасы залямантавалі за ракою, вітаючы яе. Фрода адчуў, як раптоўны ільдзяны холад працяў ягонае цела, сьціснуў сэрца й сьмяротны холад памяцьцю былой раны абудзіўся ў плячы. I Фрода скурчыўся на дне чоўна, быццам хаваючыся.
Тут зазьвінела струна вялікага лорыйнскага лука. Сьвіснула страла, сарваўшыся з струны, сплеценай з эльфскіх валасоў. Фрода зірнуў угору. Амаль проста над ім крылаты цень уздрыгнуў. Пачуўся хрыпаты, каркотлівы стогн – і пачварына абрынулася ўніз і зьнікла недзе ў змроку ўсходняга берагу. Нябёсы зноў ачысьціліся. Здалёк чуўся гоман мноства галасоў, лаянка й лямант, потым усё сьцішылася. I ані страла, ані голас болей гэтай ноччу з усходу не прыляцелі.
Счакаўшы крыху, Арагорн зноў павёў чоўны ўверх па рацэ. Рушылі асьцярожна ўздоўж берагу, пакуль не напаткалі невялічкі плыткі заліўчык. Колькі невысокіх дрэўцаў расло побач з вадою, а за імі ўздымаўся круты скалісты бераг. Тут вырашылі прыпыніцца й дачакацца раніцы, бо рухацца далей уначы сэнсу не было. Вогнішча не распальвалі й ежы не гатавалі, палеглі ў чоўнах, прывязаных побач.
– Хай ушануецца лук Галадрыелі дый Ляголасавы рукі й вочы! – абвесьціў Гімлі, схрумстаўшы лембас. – Найфайнейшы стрэл у апраметнай цемры!
– А ці пабачыў хто, у каго ж я патрапіў?
– Я ня бачыў, – сказаў Гімлі. – Але ж я надта рады, што ён не прысунуўся бліжэй. Мне ён зусім не спадабаўся. Надта нагадаў той морыйскі цень, балрага, – дагаварыў гном шэптам.
– Не, гэта ня балраг, – вымавіў Фрода, яшчэ дрыжучы ад холаду, – нешта нашмат халаднейшае за яго. Я лічу, тое быў, тое... – і, запнуўшыся, змоўк.
– I што ж ты лічыш? – адразу перапытаў Барамір, перахіліўшыся з свайго чоўна, нібы намагаючыся зазірнуць у Фродаў твар.
– Я лічу... не, лепей ня буду казаць, – перадумаў Фрода. – Што б тое ні было, ад ягонай паразы ворагі відочна адчаяліся.
– Падаецца, так, – згадзіўся Арагорн. – Але ж колькі іх, дзе яны й што яны зьбіраюцца рабіць далей, мы ня ведаем. Гэтай ноччу спаць нельга! Цемра цяпер хавае нас. Хто ведае, што пакажа дзень? Трымайце зброю напагатове!
Сэм сядзеў, загінаючы пальцы па цаўі меча, быццам падлічваючы нешта, дый пазіраў у нябёсы.
– Ну й дзівоса, – прамармытаў нарэшце, – месяц жа – ён той самы, што ў Шыры, што ў Дзіказем'і, ці гэтак яно падаецца. А тут зь ім нешта ня тое, ці я зусім зблытаўся. Вы ж узгадайце, спадару Фрода: ветах быў, калі мы на тым шастку на дрэве ляжалі. Тыдзень ад поўні. А мінулай ноччу ўжо тыдзень пайшоў, як мы на рацэ, а тут маладзік танюткі, бы цьвічок, выскачыў – нібы мы зусім аніколечкі ў эльфавай краіне й не затрымліваліся. Хоць я тры ночы дык дакладна згадаю, і яшчэ, падаецца, было колькі, але ж пакляўся б: ну ня месяц жа цэлы! Можна падумаць, што час там зусім ня рухаецца!
– Можна, – пагадзіўся Фрода, – у той зямлі, напэўна, мы жылі ў часе, які паўсюль ужо даўно мінуў. Толькі калі Срабрынка вынесла нас у Андуйн, мы вярнуліся да сьмяротнага часу, які плынее празь сьмяротныя землі да Вялікага мора. I я ня памятаю аніякага месяца – ані ветаху, ані маладзіку – у Карас Галадхане, толькі зоры ўначы й сонца днём.