Выбрать главу

Ляголас паварушыўся побач у сваім чоўне.

– Не, час аніколі не прыпыняецца, – сказаў эльф. – Аднак зьмены, рост ды паміраньне ў розных мясьцінах адбываюцца й успрымаюцца неаднолькава. Для эльфаў гэты сусьвет зьмяняецца адначасова й надта хутка, і надта павольна. Хутка таму, што самі яны амаль не зьмяняюцца, а астатняе пралятае побач зь імі. Тое вельмі сумна. А павольна таму, што яны не заўважаюць хуткаплынных гадоў і ня лічаць іх. Вёсны й зімы для нас – толькі зморшчынкі на гладзі доўгай-доўгай ракі. Мы ведаем: пад сонцам усё нарэшце стоміцца існаваць і сягне свайго канца.

– Існаваньне ў Лорыйне стамляе значна менш, чым за яго межамі, – зазначыў Фрода. – Моц панны незвычайная. Кожная гадзіна ў Карас Галадхане – цуд, пакуль Галадрыель валодае сваім пярсьцёнкам, хоць і ляцяць тыя гадзіны хутка.

– Вось гэтага нельга згадваць за межамі Лорыйну, нават размаўляючы з мною, – папярэдзіў Арагорн сувора. – Ня згадвай таго болей! А праўда такая: насамрэч, Сэм, ты зблытаўся ў краёх Лорыйну. Там час для нас плынеў з той самай хуткасьцю, як і для эльфаў. Ветах памёр, маладзік нарадзіўся й састарэў у сусьвеце па-за Лорыйнам, пакуль мы адпачывалі там. А цяпер маладзік прарос зноў. Зіма амаль мінула. Час мкне да вясны, амаль безнадзейнай для нас.

Рэшту ночы панавала цішыня. Ані гамонкі, ані выгуку з-за ракі не данеслася. Вандроўнікі, скурчыўшыся ў чоўнах, адчулі, што надвор'е зьмяняецца. Паветра пацяплела, і ветрык сьцішыўся пад вялізнымі вільготнымі хмарамі, якія прыпаўзьлі з поўдня ад далёкага мора. Бурленьне й шамаценьне ракі на камянёх быстракоў неяк наблізілася, пагучнела. З галінаў над галовамі закропала.

Нарадзіўся дзень, шэры, сумны й мокры. Заранка зазьзяла шэрым сьвятлом, няпэўным і бясьценевым. Шчыльны туман павіс над ракою, белая смуга агарнула блізкі бераг, а дальні схаваўся за ёю.

– Ненавіджу туман, – прабурчэў Сэм, – але ж з гэтым, падаецца, нам пашанцавала. Цяпер, можа, і здолеем уцячы, і клятыя гобліны нас не пабачаць.

– Магчыма, – пагадзіўся Арагорн. – Але ж сьцежку цяжка будзе адшукаць, калі туман не расточыцца. А мы мусім адшукаць сьцежку, каб прайсьці Сарн Гебір і сягнуць Эмін Мюйлу.

– Не разумею, чаму нам трэба праходзіць Сарн Гебір ці далей рушыць па рацэ, – вымавіў Барамір. – Калі Эмін Мюйл ужо перад намі, ці ня лепей пакінуць нашыя шкарлупкі-чоўнікі дый кіравацца на паўднёвы захад, пакуль не пабачым Энтую ды ня крочым на маю зямлю.

– Лепей пры ўмове, калі б мы кіраваліся ў Мінас Тырыт, – азваўся Арагорн, – але ж гэта яшчэ ня вырашана. I той шлях можа быць нашмат небясьпечнейшы, чым падаецца. Даліна Энтуі роўная й гразкая, і туман над ёй – сьмяротная небясьпека тым, хто рушыць пехатою з пакладаю за плячыма. Я не пакіну чоўны, пакуль імі можна карыстацца. Рака – шлях, зь якога не саб'есься.

– Вораг трымае ўсходні бераг, – запярэчыў Барамір, – і нават калі мы пройдзем Браму Арганатаў і бесьперашкодна дасягнем Крамень-выспы – што далей? Скакаць з вадаспадаў ды цягнуцца па багнах?

– Не! – адказаў Арагорн. – Хутчэй, мы пранясем нашыя чоўны па старажытнай сьцежцы да ўзножжаў Рэрасу, і там зноў рушым па вадзе. Ці ты ня ведаеш, Барамір, ці проста ня хочаш згадваць Паўночную Лесьвіцу й трон на Аман Эн, што былі зробленыя ў часы вялікіх каралёў? Я, сама менш, хачу хоць бы зірнуць на сусьвет з таго стальца на вяршыні перад тым, як абраць далейшы шлях. Там, магчыма, мы адшукаем знак, прыкмету, якая дапаможа ў выбары.

Барамір яшчэ доўга бараніў свой шлях. Аднак калі высьветлілася, што Фрода пойдзе з Арагорнам, куды б той ні кіраваўся, Барамір пагадзіўся з Арагорнавай прапановай.

– Ня ў звычаі людзей Мінас Тырыту кідаць сяброў у небясьпецы, – падсумаваў ён. – Вам спатрэбіцца мая сіла па дарозе да Крамень-выспы. Датуль я рушу разам з вамі, але ж ня далей. Там я павярну дахаты, адзін, калі мая дапамога вам і я сам ня вартыя паплечнікаў.

З часам туман крыху прыўзьняўся. Вырашылі, што Арагорн зь Ляголасам пройдуць уздоўж берагу, выведваючы, а астатнія застануцца ля чоўнаў. Арагорн спадзяваўся знайсьці якую сьцяжыну, каб перанесьці па ёй чоўны й пакладу за быстракі парогаў.

– Чоўны эльфаў, можа, і не патонуць, – давёў ён, – але гэта ня значыць, што самі мы застанемся пасьля Сарн Гебіру жывымі. Ані ў кога яшчэ тое не атрымлівалася. I гондарскіх дарог тут няма, бо каралеўства ў найвялікшыя свае часы не сягала далей за Эмін Мюйл. Аднак недзе па заходнім беразе мае йсьці абводная сьцежка, бо яшчэ некалькі гадоў таму, пакуль не памножыліся мордарскія оркі, людзі сплаўляліся на лёгкіх чоўнах зь Дзіказем'я да Азгіліяту.