Выбрать главу

– Цягам майго жыцьця вельмі рэдка прыплывалі караблі з поўначы. А на ўсходнім беразе процьма оркаў, – зазначыў Барамір. – Калі рушыць па рацэ, небясьпекі будуць дадавацца з кожнаю вярстою, нават калі цяпер і адшукаецца сьцежка.

– Небясьпека чакае на кожнай паўднёвай дарозе, – адказаў Арагорн. – Чакайце нас дзень. Калі ня вернемся, ведайце, што нас напаткала ліха. Тады абірайце новага правадыра й рушце за ім, як здолееце.

Цяжка было на сэрцы ў Фрода, калі назіраў, як сыходзяць Арагорн зь Ляголасам – караскаюцца па стромым беразе дый зьнікаюць у тумане. Аднак баяўся марна, праз тры гадзіны, яшчэ да полудня, іхнія постаці вынырнулі з туману.

– Усё файна, – абвесьціў Арагорн, спусьціўшыся. – Наверсе ёсьць старая сьцяжына, яна выводзіць да прыпаромку, які ў прыдатным стане. Тут недалёка: парог пачынаецца за паўвярсты, а даўжынёю ён крыху болей за вярсту. За ім рака зноў плынее гладка, хоць і даволі хутка. Найцяжэй за ўсё будзе ўсьцягваць чоўны й пакладу да сьцяжыны – яна няблізка ад вады, болей за дзьве гоні, дый хаваецца пад стромай скальнаю сьцяною. Мы не знайшлі паўночны прыпаромак. Калі ён яшчэ існуе, мы мінулі яго той ноччу. Шукаць яго бессэнсоўна – толькі змарнуем сілы, грабучы супраць плыні, ды ня знойдзем яго ў тумане. Баюся, цягнуць чоўны на сьцежку давядзецца менавіта адсюль.

– Тое няпроста, нават калі б усе тут былі людзьмі, – вымавіў Барамір.

– Ну, колькі нас ёсьць, столькі ёсьць, – адказаў Арагорн. – Трэба спрабаваць.

– Аёй, паспрабуем, – буркнуў Гімлі. – Чалавечыя ногі спатыкнуцца ня раз, пакуль гном спакойна крочыць, ды з пакладаю зь дзьве ўласныя вагі, спадару Бараміру!

Насамрэч сталася цяжка, але ж урэшце адужалі. Пакладу павымалі з чоўнаў ды ўсьцягнулі на прыбярэжны адхон, паскладалі на роўнай пляцоўцы. Чоўны дасталі з вады й панесьлі ўгару. На шчасьце, яны апынуліся нашмат лягчэйшымі, чым падаваліся. Зь якога эльфскага дрэва вырабілі іх, нават Ляголас ня ведаў, але драўніна была трывалая й дзівосна лёгкая. Па роўнядзі нават Мэры зь Піпінам маглі б доўгі час несьці свой човен. Нягледзячы на тое, спатрэбілася моц двух чалавек, каб дацягнуць чоўны да сьцяжыны па стромым схіле з россыпам шэрых вапняковых валуноў, з мноствам правалінаў ды дзірак, прыхаваных травой і кустамі. I зарасьці калючак трапляліся, і стромыя лагчавіны, там і тут хлюпалі пад нагамі багнючыны, дзе зьбіралася вада, якая сачылася зьверху.

Арагорн з Барамірам перанесьлі чоўны адзін за адным, а астатнія падарожнікі, спатыкаючыся, цягнулі рэчы. Нарэшце ўсё парасклалі наверсе ўздоўж сьцежкі. Далей пайшло прасьцей, перашкаджаў хіба шыпшыньнік ды камяні, якія пазвальваліся зьверху й загрувасьцілі шлях. Туман вісеў хустай над пакрышанай скальнай сьцяною, а леваруч цалкам агарнуў раку. Чулі, як вада бурліць і цурчыць, пенячыся на вострых іклах ды стромых баках скалаў Сарн Гебіру, але ж анічога ня бачылі. Па сьцежцы прайшлі двойчы, пакуль перацягнулі ўсё да паўднёвага прыпаромку.

Там сьцяжына зноў выгінала да ракі, павольна спускалася да невялічкага заліву. Ён падаваўся выдзеўбаным у беразе – не рукамі, а ўзьвіранай, закружлянай вадою, якая, вырываючыся з парогу, білася аб нізкі, доўгі, пляскаты камень, што вытыркаўся непадалёк. За залівам шэрым адхонам уздымалася скала, далей дарогі не было.

Неўзабаве зьвечарэла, спускаліся змрачнаватыя, туманныя, хмарыстыя прыцемкі. Вандроўнікі сядзелі побач з ракою й слухалі перарывісты роў парогу, схаванага туманом. Надта стаміліся, адольвала дрымота, і душы іхнія, як і навакольле, агарнуў сумны змрок.

– Ну, дабраліся, тут і трэба заначаваць, – сказаў Барамір. – Нам усім патрэбны сон. Нават калі Арагорн хоча прайсьці Бра му Арганатаў уначы, мы надта стомленыя для таго – за выняткам хіба нашага нястомнага гнома.

Гімлі не адказаў, бо седзячы торкаў носам.

– Ну дык адпачнем, пакуль здольныя, – пагадзіўся Арагорн. – Заўтра зноў давядзецца рушыць удзень. Калі надвор'е не пераменіцца зьнянацку й не падмане нас, маем добры шанец прасьлізнуць неўпрыкмет для вачэй з усходняга берагу. Сёньня ж поначы маем трымаць варту: тры гадзіны сну, адна – пільнаваць.

Ноччу ня здарылася анічога горшага, чым кароткі дожджык за гадзіну да сьвітанку. Выправіліся зь сьвятлом. Туман танчэў. Трымаліся як мага бліжэй да заходняга берагу й бачылі, як няясныя абрысы невысокіх скалаў робяцца вышэйшымі й вышэйшымі, туманнымі сьценамі ад вады да нябёсаў. Калі раніца пасталела, хмары апусьціліся ніжэй і шчыльна задажджыла. Давялося нацягнуць на чоўны покрыва, каб не затапіла, ды ня грэбці болей. Анічога амаль не было відаць навокал праз шэрую завесу зьлівы.