Выбрать главу

Час той, Трэцяя эпоха Міжзем'я, даўно мінуў, зьмяніліся нават абрысы земляў, але ж край, дзе жылі хобіты, безумоўна, той самы, там яны жывуць і цяпер – паўночны захад Старога Сьвету, на ўсход ад мора. Дзе яны жылі да таго, нават у Більбавы часы аніякіх зьвестак не захавалася. Прыхільнасьці да навук (апрача вывучэньня радаводу) сярод хобітаў амаль не назіралася, хоць у старэйшых сем'ях і сустракаліся тыя, хто дасьледаваў радзінныя запісы й нават зьбіраў ад эльфаў, людзей ды гномаў зьвесткі пра старажытнасьць і далёкія краіны. Адмысловыя хобіцкія запісы датуюцца засяленьнем Шыру, а самыя старыя паданьні распавядаюць толькі пра Вялікае Падарожжа перад засяленьнем. Тым ня менш, з тых паданьняў, ды яшчэ з асобных словаў, ды захаваных звычаяў, вынікае, што раней хобіты жылі на Ўсходзе – як і многія іншыя плямёны. У найстаражытнейшых паданьнях, здаецца, прамільгваюць водгукі тых часоў, калі хобіты жылі ў далінах паблізу верхавінаў Андуйну, між ускрайкам Вялікага Зеленалесься ды Туманнымі гарамі. Чаму яны выправіліся ў доўгую, цяжкую й недарэчную вандроўку ў Эрыядар, цяпер высьветліць цяжка. У паданьнях гаворыцца пра тое, што людзей стала зашмат, што на Вялікую пушчу лёг Цень і яна азмрочылася. Нават звацца стала па-новаму – Ліхалесьсе.

Яшчэ да вандроўкі праз горы хобіты падзяляліся на тры крыху розныя роды: Скурланогі, Каранюкі ды Беласкуры. Скурланогі былі меншыя ростам і больш зграбныя постацьцю, цямнейшыя скурай, мелі асабліва спрытныя рукі й ногі й жытлом абіралі часьцей за ўсё схілы пагоркаў ды стромаў. Каранюкі мелі шырэйшыя ды больш прысадзістыя постаці, ногі й рукі – большыя ды мацнейшыя, сяліліся Каранюкі па роўнядзях ды рачных берагах. Беласкуры насамрэч былі сьвятлейшыя скурай і валасамі, худзейшыя й вышэйшыя ростам за астатніх. Яны любілі дрэвы й жылі побач зь лесам.

Скурланогі ў старажытнасьці жылі ў перадгор'ях і добра стасункавалі з гномамі. Скурланогі першыя рушылі на захад і бадзяліся па Эрыядары, дабіраючыся ажно да Наветранай стромы, пакуль астатнія яшчэ жылі сабе ў Дзіказем'і. Вось яны былі самыя хобіцкія хобіты й самыя сярод хобітаў шматлікія. Іх жаданьне ўкараніцца ды жыць спакойна на адным месцы сталася наймацнейшым, і яны даўжэй за ўсіх захавалі даўнюю звычку жыць у пячорах ды норах.

Каранюкі доўгі час сяліліся па берагах вялікай ракі Андуйн і крыху звыкліся зь людзьмі. Каранюкі пайшлі сьледам за Скурланогамі, а потым рушылі ўздоўж Грым'і на поўдзень. Яны асталяваліся ад Тарбаду да межаў Дунлянду, але потым зноў рушылі на поўнач.

Беласкуры былі самым малым племем і жылі на поўначы. Сябравалі з эльфамі, імкнуліся да майстэрства ў мовазнаўстве ды сьпевах больш, чым у рамёствах, і здаўна паляваньне любілі болей за працу на зямлі. Яны перайшлі горы на поўнач ад Долага Яру й спусьціліся ўздоўж ракі Шэрані. У Эрыядары яны неўзабаве зьмяшаліся зь іншымі родамі, што прыйшлі раней за іх, але ж праз большую дзёрзкасьць ды авантурнасьць Беласкуры часта рабіліся правадырамі й верхаводамі каранюкоўскіх і скурланогаўскіх кланаў. Нават у Більбавы часы беласкураўская кроў моцна адчувалася сярод такіх найвялікшых сем'яў, як Хваты ды гаспадары Прыбычча.

У заходніх землях Эрыядару, паміж Туманнымі гарамі ды хрыбтом Люйн, хобіты сустрэлі й эльфаў, і людзей. Жылі яшчэ там дунаданы, нашчадкі Вышніх людзей, што прыйшлі з-за мора, з Захаду. Але ж іх заставалася ўсё меней, і іх землі Паўночнага каралеўства хутка ператвараліся ў пустэчу. Для прышлых месца хапала, і праз колькі часу хобіты пачалі сяліцца цэлымі пасёлкамі й вёскамі. Гэтыя ранейшыя селішчы большай часткаю зьніклі й былі забытыя задоўга да тых дзён, пра якія тут расповед, аднак адны зь першых дый найістотнейшых яшчэ існавалі, хоць і зьменшыліся – вёскі Прыгор’е ды Прычыцы, вёрстаў сорак на ўсход за мяжу Шыру.

Бясспрэчна, тады хобіты й вывучыліся пісьменнасьці, пераняўшы яе ў дунаданаў, якія, у сваю чаргу, калісьці навучыліся ад эльфаў. Тады яны забыліся на мовы, якімі карысталіся раней, і пасьля заўжды ўжывалі Агульную мову, гэтак званую Заходніцу, пашыраную ва ўсіх каралеўскіх землях ад Арнару да Гондару й па ўсіх марскіх узьбярэжжах – ад Бэльфаласу да Люну. Вядома, яны захавалі й колькі ўласных словаў, а акрамя таго – назвы месяцаў і дзён тыдня й вялікую колькасьць імёнаў.