Выбрать главу

I ўзяўся за гарбату. Грукат паўтарыўся, значна больш настойліва. Фрода не зварухнуўся. Раптам у вакенцы зьявілася галава чараўніка.

– Фрода, калі ты не дазволіш мне ўвайсьці, твае дзьверы так палятуць, што праб'юць нару наскрозь, дый Строму таксама!

Фрода ўскочыў і кінуўся да дзьвярэй.

– Гэндальф! Хвілінку, паўхвілінкі! Заходзь, заходзь, а я падумаў, што гэта Лябэля!

– Ну, тады я табе дарую. Я яе бачыў нядаўна ў Прырэччы – ехала ў вазку, дый з такім тварам, што ад яго й сырадой скіс бы.

– Я сам ад яе скіс. Папраўдзе, яшчэ трохі – і ўзяўся б за Більбаў пярсьцёнак. Так і хацелася зьнікнуць.

– Вось гэтага ты не рабі, – сказаў Гэндальф, усаджваючыся, – паасьцярожней зь пярсьцёнкам, Фрода! Ды я, можна сказаць, з-за яго й вярнуўся пагаманіць наастачу.

– А што зь ім?

– А што ты пра яго ведаеш?

– Толькі тое, што распавёў мне Більба. Я чуў яго гісторыю: як ён знайшоў пярсьцёнак, як выкарыстаў падчас вандроўкі.

– Якую гісторыю, цікава?

– Ня тую, што ён распавёў гномам ды запісаў у кнізе. Неўзабаве пасьля таго, як я сюды пераехаў, ён распавёў мне сапраўдную. Сказаў, што вашаць не даваў яму спакою, пакуль не даведаўся праўды. I мне таксама лепей ведаць яе. Казаў, паміж намі – няма сакрэтаў. Тым больш, што з мною ягоная таямніца – як зь ім самім. I пярсьцёнак усё адно бясспрэчна ягоны.

– Цікава, цікава. I што ты сам пра гэта мяркуеш?

– Калі вашаць мае на ўвазе прыдумкі пра "падарунак на Дзень народзінаў", то другая вэрсія падалася мне значна разумнейшай. Але навошта ўвогуле прыдумкі? Ня ў Більбавай звычцы. Я падумаў: гэта дзіўна.

– Я таксама. Ведаеш, дзіўныя рэчы часта здараюцца з тымі, што валодаюць гэткімі кляйнодамі. А асабліва, калі карыстаюцца імі. Гэта табе папярэджаньне: асьцярожней зь ім. Магчыма, ён прызначаны ня толькі для таго, каб рабіць цябе нябачным на першае тваё жаданьне.

– Я не разумею.

– Я й сам ня надта разумею, – сказаў чараўнік. – Проста пярсьцёнак мяне надзвычай зацікавіў, асабліва пасьля мінулай начы. Ты не хвалюйся – пакуль што няма з-за чаго. Аднак паслухай мяне: карыстайся ім як мага радзей, а сама лепей увогуле не карыстайся. А асабліва сачы, каб не пайшлі плёткі ды чуткі. Паўтараю: трымай у таямніцы ды пільнуй!

– Адны загадкі! Што ў ім такога жахлівага?

– У мяне няма аніякай пэўнасьці. Пакуль мне няма чаго табе сказаць. Можа, здолею распавесьці болей, калі вярнуся, – чараўнік устаў. – Выпраўляцца трэба неадкладна. Так што, да пабачэньня, Фрода!

– Якраз цяпер! – усклікнуў Фрода. – Чаму? Я лічыў, вашаць затрымаецца хоць на тыдзень дапамагчы мне.

– Я хацеў, але давялося перадумаць. Мяне ня будзе тут колькі часу, але я прыеду да цябе, калі толькі здолею. I прабач – зьяўлюся зьнянацку. Адкрыта мне Шыр наведваць ня варта. Падаецца, мяне тут не ўзьлюбілі. Кажуць, я прыношу турботы й праблемы. Некаторыя дык і ўголас вінавацяць, што гэта я падгаварыў Більба ўцячы, а мо й горш. Калі хочаш ведаць, мы змовіліся з табою, каб накласьці лапы на Більбава багацьце.

– Некаторыя! Ота зь Лябэляй! Як мярзотна! Я з ахвотай аддаў бы ім Торбу-пад-Стромай, каб толькі вярнуць Більба й скіравацца куды-небудзь вандраваць зь ім разам. Я люблю Шыр. Але ж часам думаю: чаму я не сышоў зь ім? Ці пабачу яго калі-небудзь зноў?

– І я пра гэта думаю, – сказаў Гэндальф. – І яшчэ пра мноства рэчаў. Ну, бывай! Беражы сябе ды чакай мяне – асабліва тады, калі маё зьяўленьне найменш верагоднае. Да сустрэчы!

Фрода правёў яго да дзьвярэй. Гэндальф махнуў рукою на разьвітаньне ды пайшоў прэч – зь незвычайнай хуткасьцю. Аднак хобіту падалося, быццам на плячох чараўнік панёс нейкі нябачны цяжар. Хутка цямнела, і Гэндальфава постаць імкліва зьнікала ў змроку – на доўгі, вельмі доўгі час.

2. Цень мінулага

Гаворка ды плёткі не спыніліся ні празь дзевяць дзён, ні празь дзевяноста дзевяць. Другое зьнікненьне спадара Більба Торбінса не спускалі зь языкоў па ўсім Хобіцку, дый увогуле ў Шыры, пакуль нават і ціпуны на тых языках не папавыскоквалі, а ўспаміны трымаліся яшчэ даўжэй. Гісторыя гэтая зрабілася павучаньнем і чароўнай казкай для малечы, і паступова Дзівак Торбінс, які зьнікаў з трэскам і бляскам і вяртаўся зь мяхамі золата й каштоўнага каменьня, стаўся ўлюбёным героем хобіцкіх баек й застаўся ў казках нават і тады, калі згубіліся ўсялякія ўспаміны пра сапраўдныя падзеі.

А пакуль тое, усё навакольле прыйшло да высновы, што небарака Більба, які й так асабліва цьвярозым розумам не вылучаўся, цяпер і ўвогуле "зьехаў" ды зьбег у цьмутаракань. А ў той цьмутаракані, безумоўна, зваліўся ў нейкую рэчку ці яму, гэтак і знайшоў трагічны, але ж наўрад ці заўчасны канец. Вінавацілі, вядома ж, Гэндальфа.