Выбрать главу

Дажджыла нядоўга. Павольна нябёсы пасьвятлелі, і раптам хмарнае покрыва разадралася, і рэшткі яго вецер пагнаў на поўнач, уверх па рацэ. Зьніклі і туман, і смуга. Перад падарожнікамі легла рака, загнаная ў шырокую цясьніну паміж моцнымі каменнымі сьценамі, да якіх чапляліся там і сям на вузкіх паліцах ды вымойнах некалькі пакрыўленых дрэўцаў. Цясьніна паступова звужалася, плынь паскаралася. Цяпер засталося толькі плысьці наперад, што ні чакала б там, бо ані збочыць, ані спыніцца ўжо было немагчыма. Над галовамі сьвяціла бляклая сінеча нябёсаў, вакол неслася цьмяная, зацененая сьценамі рака, а наперадзе ўзвышаліся чорнымі гмахамі, захіляючы сонца, горы Эмін Мюйлу, і ані прасьвету не было ў іх.

Фрода заўважыў наперадзе дзьве вялізарныя скалы, якія выглядалі, нібы помнікі ці неабсяжныя калёны. Высачэзныя, пагрозьлівыя, злавесныя стаялі яна паабапал ракі. Толькі вузкі праход заставаўся між імі, і рака неадольна мчала чоўны да яго.

– Пабачце ж Арганатаў, Абеліскі Каралёў! – гучна абвесьціў Арагорн. – Неўзабаве мы пройдзем паміж імі. Трымайце чоўны цугам і так далёка адзін ад другога, як толькі здолееце! Пільнуйцеся сярэдзіны струменю!

Фрода глядзеў на велетаўскія калёны, і яны ўздымаліся перад ім, быццам замкавыя муры. Магутамі падаваліся яны, неабсяжныя шэрыя постаці, маўклівыя, але пагрозьлівыя. I тады заўважыў: яны не бясформавыя, наадварот, вычасаныя й апрацаваныя. Майстэрства й моц мінуўшчыны апрацавалі іх, і яшчэ захавалі яны праз сонца й залевы прамінулых гадоў падабенства вялікіх уладароў, чый гонар ушанавалі нашчадкі. На моцных п'едэсталах, усталяваных глыбока ў вадзе, стаялі два каменныя каралі й выветранымі вачыма з-пад парэпаных броваў сувора пазіралі на поўнач. Левая рука кожнага ўзьнялася з адкрытай наперад даланёю на знак папярэджаньня, у правай руцэ кожны трымаў сякеру, галовы былі ўвянчаныя раскрышанымі шаломамі зь вянцамі. Непамернай моцай ды веліччу яшчэ патыхала ад іх, маўклівых ахоўнікаў даўно згінулага каралеўства. Фрода затрапятаў, пераляканы, і скурчыўся, заплюшчыў вочы, не адважваючыся зірнуць на волатаў зблізку. Нават Барамір нахіліў галаву, калі чоўны праносіліся міма, маленькія, дрыготкія, нібы лісты ў віры, пад пракавечным ценем вартавых Нумэнору. Гэтак сягнулі вандроўнікі цёмнага правалу Брамы.

Строма ўздымаліся пааберуч жудасныя скалы, і вяршыні іхнія губляліся ў хмарах. Далёка-далёка над імі віселі засмужаныя нябёсы. Чорная вада раўла, і рэха люстравалася ад скалаў, і вецер апантана выў над хвалямі. Утыкнуўшы галаву ў калені, Фрода чуў, як стогне й мармыча Сэм:

– Што за месьцейка! Бацюхны! Жуда! Выпусьціце мяне толькі жыўцом з гэнага чоўна, я болей і пяткі ў лужыне не абмачу, ня тое што ў рацэ!

– Не палохайцеся! – пачуўся з-за сьпіны дзіўны голас.

Фрода азірнуўся – і ўбачыў Швэндала. Не, ня Швэндала, бо перад ім быў ужо не пабіты нягодамі бадзяньняў сьледапыт. Перад ім сядзеў Арагорн, сын Араторна, ганарлівы й бясстрашны, і кіраваў чоўнам майстэрскімі грабкамі. Каптур ягоны быў адкінуты, цёмныя валасы струменілі па ветры, сьвятло зьзяла ў вачох. Ён быў кароль, які вяртаецца з выгнаньня ў свой край.

– Не палохайцеся! – паўтарыў ён. – Колькі ж я марыў угледзець абрысы Ісільдара й Анарыёна, маіх старажытных продкаў! Пад іх ценем Элесару, Эльфскаму Смарагду, сыну Араторна з роду Валандыля, сына Ісільдара, нашчадка Элендыля, няма чаго баяцца!

Тады сьвятло ягоных вачэй згасла й ён прамовіў сам да сябе:

– Калі б толькі Гэндальф быў разам з намі! Маё сэрца кліча ў Мінас Анор, да сьценаў майго гораду! Але куды ж кіравацца мне цяпер?

Праход між магутамі быў даўжэзны й цьмяны, запоўнены гулам ветру, і ровам вады, і бясконцым рэхам. Ён загінаўся на захад, таму спачатку была толькі цемра, але неўзабаве Фрода ўбачыў наперадзе высокі праём, азораны сьвятлом, і гэты праход пашыраўся. Хутка наблізіўся, і зьнянацку чоўны вылецелі вонкі ў шырокае, яснае сьвятло.

Сонца, што хілілася на захад, ясна зьзяла ў прадзьмутых вятрамі нябёсах. Замкнёная брамаю рака, вырваўшыся на прастору, разьлілася доўгім авальным возерам, блядным Нэн Хіфаэл, агароджаным стромымі шэрымі пагоркамі, схілы якіх зарасьлі дрэвамі, а голыя вяршыні халодна блішчэлі пад сонечнымі прамянямі. Ля дальняга паўднёвага краю возера ўздымаліся шэрагам тры высокія гары. Сярэдняя крыху выдавалася наперад, выспаю падзяляючы раку надвая. Зь ветрам данесьліся далёкія, але гучныя роў ды грукат, нібы недзе далёка грымела навальніца.